Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 чэрвеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня прэзыдэнцкая "палата прадстаўнікоў" у першым чытаньні прыняла сэнсацыйныя папраўкі ў заканадаўства. Забараняецца ўжываць у назовах палітычных партыяў і грамадзскіх арганізацыяў прыметнікі "нацыянальны"і "народны", а таксама - словы "Рэспубліка Беларусь" і "Беларусь".

У апошні дзень падачы дакумэнтаў для перарэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў, партыяў і прафсаюзаў прэзыдэнцкая палата прадстаўнікоў зрабіла свой падарунак "трэцяму сэктару" Беларусі. Ніжэйшая прэзыдэнцкая "палата" прыняла прапраўкі ў законы, якія значна ўскладняюць існаваньне і без таго кволай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Цяпер для рэгістрацыі палітычнай партыі неабходна як мінімум 1000 сябраў замест 500, як раней. Рашэньне аб рэгістрацыі будзе прымаць спэцыяльная камісія пад старшынствам віцэ-прэмьера Уладзіміра Заметаліна, а не міністэрства юстыцыі, як цяпер. Тое ж тычыцца і грамадзкіх арганізацыяў, рэлігійных аб'яднаньняў і прафчюзаў. Для рэгістрацыі прафсаюзу трэбя ня менш 500 чалавек, прычым прафсаюз будзе зарэгістраваны толькі ў выпадку, калі колькасьць ягоных сябраў складзе ня менш за 10 адсоткаў ад агульнай колькасьці працоўных на прадпрыемстве.

Гэтыя папраўкі цалкам дублююць прэзыдэнцкі дэкрэт нумар два, згодна зь якім адбываецца перарэгістрацыя. Але прэзыдэнцкія дэпутаты пайшлі далей.

Яны забаранілі ўжываць у назовах партыяў, прафсаюзаў і арганізацыяў прыметнікі Народны і Нацыянальны. Раней ужо была ўведзеная забарона на выкарыстаньне назоўнікаў Беларусь і Рэспубліка Беларусь. Прэзыдэнцкія дэкрэты гэтую забарону падцьвердзілі, распаўсюдзіўшы яе ня толькі на назовы арганізацыяў, але і на выкарыстаньне гэтых словаў у сымболіцы партыяў і арганізацыяў.

Дэпутат Касьцян спрабаваў запярэчыць гэтым прапановам. Ён запытаўся ў міністра юстыцыі Генадзя Варанцова (які дакладаў папраўкі), як цяпер будуць адрозьнівацца варажуючыя паміж сабой камуністычныя партыі, адна зь якіх "беларуская", другая - "Беларусі". А таксама - як цяпер будзе называцца БНФ, у назове якога ёсьць слова "народны". Цямнага адказу на гэтыя пытаньні міністар Варанцоў даць ня здолеў. Дэпутат Касьцян нават пажартаваў, што са зьнікненьнем назоўніка Беларусь і прыметніка "нацыянальны" становіцца магчымым існаваньне, як ён сказаў, "грамадзкага аб'яднаньня ЦРУ ЗША".

Для таго, каб прынятыя папраўкі выконваліся, дэпутаты зацьвердзілі шэраг ня менш сэнсацыйных зьменаў у адміністрацыйны кодэкс. Штраф у памеры ад 10 да 50 мінімальных заробкаў атрымае асоба, якая будзе дзейнічаць ад імя незарэгістраванай партыі, арганізацыі альбо прафсаюза. Тыя ж дзеяньні, якія зьдзейсьненыя паўторна, цягнуць за сабой такі ж штраф, альбо арышт да 15 суткаў.

Непаведамленьне ў месячны тэрмін зьмены юрыдычнага адрасу арганізацыі цягне накладаньне штрафу ў памеры да 30 мінімальных заробкаў.

Прэзыдэнцкія дэпутаты ўнесьлі зьмены ў артыкул 5 Закона "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі". Цяпер гэты закон забараняе распаўсюджваньне інфармацыі ад імя незарэгістраванай партыі, арганізацыі ці прафсаюзу. Акрамя пракурорскага папярэджаньня, дзейнасьць сродку масавай інфармацыі можа быць прыпыненая на 3 месяцы. Акрамя гэтага, падставаю для спыненьня дзейнасьці СМІ судом можа быць паўторная публікацыя зьвесткаў пра незарэгістраваную партыю, арганізацыю ці прафсаюз.

XS
SM
MD
LG