Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 чэрвеня 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Сёньня ў гомельскім дзіцячым садку "Верасок" галоўны спэцыяліст у справе дашкольнага выхаваньня абласной ўправы адукацыі і загадчык садку прынесьлі прабачэньне бацьку 5-ці гадовага Францішка Яўсеянкі за нанесеную маральную траўму.

Францішак з самага нараджэньня выхоўваўся ў беларускамоўнай сям'і. Бацька Францішка, Алесь Яўсеенка, вядомы ў горадзе прыхільнік беларушчыны, адзін з утваральнікаў мясцовай "Талакі", а зараз старшыня гарадзской суполкі Беларускага Гэльсынскага камітэту. Маці, Вольга Цярэшчанка - музыка, тонкі выканаўца беларускіх народных песьняў. Таму, натуральна, родная мова была адзінай мовай у сям'і. На ёй і вучыўся размаўляць Францішак.

У садку нумар 99 пад назовам "Верасок", як і ва ўсіх іншых садках Гомлі, не было беларускамоўнай групы. Францішку, як кажуць, па няволі давялося наведваць расейскамоўную групу, прычым зь лягапэдычным ухілам. У Францішака былі невялікія дэфэкты з вымаўленьнем. Сёлета, на пачатку лета, бацькі хлопчыка выпадкова даведаліся, што ў групе знаходзяцца дзеці ня толькі з парушэньнем вымаўленьня, але і з запаволеным разумовым разьвіцьцём.

Лягапэд групы, спэцыяліст вышэйшай катэгорыі Натальля Прымакова, патлумачыла маці Францішка па-расейску, што хлопчык прыйшоў у садок "запущенный, не знал даже названия посуды, не ориентировался в окружающей среде". Якраз гэтак сама, як лягапэд не арыентуецца ў навакольным асяродку, ня ведаючы, што гэта - тая ж самая «окружающая среда».

Дарэчы, ні спадарыня Прымакова, ні загадчыца садку Галіна Кузьміна, не патлумачылі маці Францішака, хто даваў заключэньне аб пераводзе яе сына ў групу дзяцей з запаволеным разьвіцьцём. Лягапэд толькі абгрунтавала сваю няздольнасьць весьці заняткі з Францішакам па-беларуску тым, што яна ня ведае беларускай мовы і не жадае яе ведаць навогул. А яшчэ - што, маўляў, лягапэдычныя праграмы ў Беларусі - спрэс на расейскай мове.

Атрымлівалася, што тэставаньне Францішака Яўсеенкі, які да прыходу ў садок размаўляў толькі па-беларуску, праводзілася па-расейску. Ён сапраўды ня ведаў прадметаў і паняцьцяў на чужой мове. Яму трэба было ставіць дыягназ "беларус", але гомельскія спэцыялісты ў галіне дашкольнага выхаваньня, прычыцм зь нябыта вышэйшай катэгорыяй, залічылі Францішака ў "запушенные".

Абставіны гэтай справы па скарзе бацькоў Францішака і высьвятляла сёньня камісія абласной управы адукацыі. І, як бачым, прынесла прабачэньне.

Аднак ня трэба думаць, што канфлікт на гэтым вычарпаны. Горад з паўмільённым насельніцтвам, у якім пражывае больш за 60 адсоткаў беларусаў, ня мае ня толькі што садкоў, а нават беларрускамоўных групаў у іх. І ворганы адукацыі пакуль не плянуюць іх зарганізоўваць.

Больш за тое - пасьля сумнавядомага прэзыдэнцкага рэфэрэндуму ў травені 1995 году, катастрафічна скарацілася колькасьць беларускамоўных клясаў у школах. Калі яшчэ шэсьць гадоў таму ў горадзе па-беларуску навучалася 72 адсоткі першакласьнікаў, то ў мінулым навучальным годзе - меней 1 адсотка. Існуе толькі адна гымназія з беларускамоўным абучаньнем, створаная на аснове сярэдняй школы нумар 36.

Бацькі ня могуць рэалізаваць канстытуцыйнае права на навучаньне дзяцей на роднай мове. Я ўжо не кажу пра магчымасьць атрымаць на беларускай мове вышэйшую адукацыю.

XS
SM
MD
LG