Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 чэрвеня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Беларусі - бэнзынавы голад. Ягоныя прыкметы - кілямэтровыя чэргі на аўтазаправачных станцыях. А на тых, дзе няма чэргаў, няма і бэнзыну.

Таму тысячы ўладальнікаў аўтамабіляў, а таксама працаўнікоў аўтагаспадарак, вымушаныя паставіць свае аўтамабілі на прыкол.

Як ні дзіўна, але ўлады імкнуцца не заўважаць ажыятажнага попыту на паліва, ды адмаўляюцца патлумачыць грамадзкасьці прычыны цяперашнага бянзінавага голаду ў краіне. Без адказу нават застаюцца звароты афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі, якія вымушаныя канстатаваць разгубленасьць дзяржаўных чыноўнікаў і адсутнасьць у іх рэцэптаў тэрміновага вырашэньня гэтай гарачай праблемы.

Ня выключана, што гэткія паводзіны бэнзынавых начальнікаў прадыктаваныя ўстаноўкамі зьверху, дзе ў залішніх размовах пра дэфіцыт бачыцца пагроза грамадзскай стабільнасьці.

Зрэшты, вялікай таямніцы ў абставінах, якія спрычынілася да абвастрэньня паліўнай хваробы, незалежныя спэцыялісты ня бачаць. Зьбядненьне колькасьці нафтапрадуктаў на айчынным рынку перш за ўсё, паводле іхняй думкі, сьведчыць пра зьніжэньне паставак у краіну расейскай нафты. Гэта, у сваю чаргу, адбываецца па банальнай прычыне - пастаўкі нафты ў Беларусь для расейцаў робяцца невыгоднымі ў сувязі з неплацежаздольнасьцю мясцовых пакупнікоў.

Прынамсі, хранічная неплацежаздольнасьць тычыцца аднаго з апэратараў беларускага рынку, аднак ён тут зьяўляецца манапалістам і валодае асноўнай інфраструктурай забясьпячваньня айчынных спажыўцоў нафтапрадуктамі. Гэта - дзяржаўны канцэрн "Белнафтахім". Сёняшняя сітуацыя зь бэнзынам якраз і засьведчыла памылковасьць дзяржаўнай палітыкі нафтазабясьпечваньня, калі "Белнафтахіму" было дазволена манапалізаваць паліўны рынак краіны. З другога боку, згаданы канцэрн мае ўсе падставы, каб таксама лічыць сябе ахвярай дзяржаўнай палітыкі. Справа ў тым, што "Белнафтахім" забясьпечвае палівам аграрны сэктар краіны, які, як вядома, з'яўляецца фінансавым банкрутам.

Зараз, напрыклад, як паведаміла нашаму радыё крыніца ў гэтым канцэрне, калгасы і саўгасы завінаваціліся яму звыш як паўтрыльёны беларускіх рублёў. У выніку ў канцэрне рэзка ўпалі аб'ёмы так званых абаротных сродкаў для набыцьця нафты ў Расеі. Апроч таго, фінансавае становішча беларускага манапаліста ўскладнілася і ў сувязі ростам цэнаў на нафту на міжнародным рынку. Гэты рост спрычыніўся да таго, што расейскія кампаніі імкнуцца сёньня гандляваць сыравінай не з партнэрам па інтэграцыі, а з плацежаздольнымі спажыўцамі з Захаду.

Яшчэ адным істотным фактарам бянзінавага голаду ў краіне экспэрты лічаць адміністрацыйную цэнавую палітыку на беларускія нафтапрадукты. Яны на айчынным рынку нашмат таньнейшыя, чымсьці ў суседніх краінах. Назіральнікі зьвязваюць такую палітыку з імкненьнем Аляксандра Лукашэнкі супрацьстаяць інфляцыі. Страх перад інфляцыяй яшчэ болей пагаршае фінансавае становішча "Белнафтахіму", бо цяперашняя запазычанасьць канцэрну партнерам пераўзыходзіць 80 мільёнаў даляраў. Калі трымаць цэны на нафтапрадукты замарожанымі, то зразумела, што манапаліст ня здолее зьменьшыць памер запазыкі.

Паводле зьвестак з урадавых крыніцаў, Савет Міністраў заклапочаны бэнзынавым голадам у краіне і спрабуе знайсьці мэханізм нафтазабесьпячэньня, які б аднавіў плацежаздольнасьць Белнафтахіму. У любым варыянце, гэты мэханізм абавязаны забясьпечыць прыток у канцэрн грашовых рэсурсаў. Уся справа ў тым, з чыіх кішэняў яны будуць узятыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG