Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 чэрвеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Вынікам прэзыдэнцкага дэкрэту аб перарэгістрацыі стала скарачэньне ў Беларусі структураў грамадзянскай супольнасьці, як мінімум, на траціну.

Працэсам кіруе віцэ-прэм'ер Уладзімер Замяталін. Начальнік упраўленьня грамадзскіх арганізацыяў мінюсту міхаіл Сухінін, які каардынуе працэс перарэгістрацыі, паведаміў нашаму радыё, што з 1296 прафсаюзаў, грамадзскіх арганізацыяў і партыяў падалі дакумэнты на перарэгістрацыю толькі 800 .

(Сухінін: ) "Было пададзена каля 800, у працы задзейнічана 714, і перарэгістравана крыху больш за 200. Адмоўлена ў 9 выпадках".

Міхаіл Сухінін паведаміў, што ўжо атрымалі перарэгістрацыю 31 галіновы і адзін незалежны прафсаюз гарнякоў. На разглядзе знаходзяцца дакумэнты адзін галіновы і адзін незалежны прафсаюз гарнякоў. На разглядзе знаходзяцца дакумэнты Свабоднага прафсаюзу беларускага і Свабоднага прафсаюзу мэталістаў.

З 27 партыяў прайшлі перарэгістрацыю чатыры: ЛДПБ, АГП, Жаночая партыя і партыя Справядлівасьці. Дзевяць партыяў падалі дакумэнты, але пакуль яны не перарэгістраваныя.

Міхаіл Сухінін паведаміў, што партыя Беларускі Народны Фронт яшчэ не падавала дакумэнты, бо чакае перарэгістрацы грамадзянскі рух БНФ "Адраджэньне".

Партыя Славянскі Сабор "Белая русь" заявіла, што яна самаліквідуецца - паведаміў спадар Сухінін.

Зь ягоных словаў вынікае, што ў мінюст зьвярнулася толькі 13 з 27 партыяў, што азначае скарачэньне колькасьці беларускіх партыяў у два разы. Міхаіл Сухінін не падцьвердзіў, што тэрмін перарэгістрацыі будзе працягнуты пасьля 1 ліпеня. Заўтра, як паведаміў Сухінін, прэзыдэнцкія "палаты" зьбіраюцца прыняць папраўкі ў закон "Аб партыях, грамадзскіх арганізацыях і прафсаюзах". Зьмест паправак ідэнтычны прэзыдэнцкаму дэкрэту нумар два аб перарэгістрацыі. Дэкрэт, нагадаю, ўводзіць дазваляльны прынцып дзейнасьці грамадзскіх арганізацыыяў, скасоўваючы прынцып рэгістрацыйны, які існаваў раней. Дэкрэт таксама забараняе дзейнасьць незарэгістраваных грамадзскіх арганізацыяў, што супярэчыць шэрагу міжнародных дамоваў, якія падпісала Беларусь.

"Такога няма ні ў воднай цывілізаванай краіне сьвету" - гаворыць старшыня Выканаўчага бюро Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Уладзімер Роўда. Ён паведаміў, што віцебская арганізацыя "Чароўная кветка", якая займалася моладзевымі і адукацыйнымі праграмамі, зьвярнулася ў суд у сувязі з адмовы мінюсту яе рэгістрацыі. Камэнтуючы сітуацыю, Уладзімер Роўда паведаміў:

"Гэты рэпрэсіўны акт мае такія наступствы, што большасьць арганізацыяў, якія дзейнічалі легальна, спыняць дзейнасьць пасьля 1 ліпеня. Недзе 15 ліпеня з'явіцца сьпіс арганізацыяў, якія прайшлі перарэгістрацыю, а астатнім будзе забароненая дзейнасьць. Большасьць арганізацыяў Асамблеі і чакаюць адказу. Я магу сказаць пра нашыя наступныя крокі, якія могуць быць у сувязі з нерэгістрацыяй. Гэтыя крокі будуць зьвязаныя з узьдзеяньнем на міжнародную супольнасьць. Мы будзем у судовым парадку аспрэчваць тыя рашэньні незаконныя, калі такія рашэньні будуць прынятыя".

Канчатковыя вынікі прэзыдэнцкай ініцыятывы аб перарэгістрацыі будзе вядомая пасьля 15 ліпеня, калі будзе агучаны сьпіс арганізацыяў, якія перарэгістрацыю не прайшлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG