Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 чэрвеня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня маці расстралянага Івана Фаміна заявіла, што да гэтага часу ня ведае, дзе пахаваны ейны сын.

Увечары 23 чэрвеня ў менскім СІЗА былі расстраляныя асуджаныя да вышэйшай меры пакараньня Сяргей Забабурын і Іван Фамін.

Маці Івана Фаміна аб сьмерці сына даведалася толькі на наступны дзень, калі прыйшла да яго на спатканьне. Яна папрасіла, каб ёй аддалі цела сына, але атрымала адказ, што гэта немагчыма. Дзе месца пахаваньня сына, ёй таксама не сказалі.

Паводле нашых зьвестак, у той вечар былі расстраляныя пяць чалавек. Уначы іхнія целы былі адвезеныя на Паўночныя могілкі. Родным расстраляных ніколі ня кажуць, дзе пахаваныя іхныя блізкія.

Зь неафіцыйных крыніцаў стала вядома, што пахаваньне гэтых людзей адбываецца наступным чынам. Уначы на могілкі прыязжаюць супрацоўнікі СІЗА, і загадваюць ахоўнікам могілкаў схавацца ў будынку і не выходзіць зь яго, пакуль ня будзе дазволу. На забалочаным месцы каманда пахавальнікаў здымае дзёрн з чаротам, і ў дрыгву кідаюць мёртвыя целы. А потым зьверху закрываюць іх дзёрнам. На месцы пахаваньня ніколі ня ставяць апазнавальных знакаў, каб немагчыма было яго знайсьці.

Ніхто з кіраўнікоў камітэту ў справе пакараньняў не пагадзіўся адказаць, чаму маці ня можа пахаваць цела свайго сына? І калі яна ня мае права на гэта, то чаму яна не мае права ведаць месца пахаваньня?

У выніку існаваньня такіх інструкцыяў на самой справе больш за ўсіх пакараная маці - акрамя таго, што расстраляны ейны сын, які жудасна пакутваў перад сьмерцю (а яна таксама, бо не магла яму дапамагчы), дык яна яшчэ і ня ведае месца, дзе ён пахаваны, калі гэта ўвогуле можна назваць пахаваньнем.

Сямья Івана Фаміна пераехала ў Беларусь з Расеі, таму што отчым Івана - беларус. Толькі ў гэтым годзе яны атрымалі беларускае грамадзянства. Маці Івана, Галіна Генадзьеўна, распавяла нашаму радыё:

(Галіна Фаміна: ) "Мне вельмі балюча, што я ня ведаю, дзе мой сын пахаваны. Толькі ведаю, што іх недзе закопваюць, каб ня ведалі, на якіх могілках. Мне балюча казаць, канечне... Я лічу, што кожная маці мае права бачыць перад пахаваньнем сваё дзіця, ведаць, дзе ён пахаваны, прыйсьці на магілу. Мацерак не павінны ў гэты час караць... Хоць і дзеці бываюць любыя, але яны ўсё роўна - нашыя дзеці. І мне яшчэ ўдвая балюча, што я не магу прыйсьці да яго. І я выпадкова толькі даведалася, што яго расстралялі. Я павінна была на спатканьне прыйсьці, а ня здолела прыйсьці да яго. Мне сказалі, што яго адправілі. І я як маці кажу яшчэ раз, што павінны хаця б нам дазваляць пахаваць сваіх дзяцей, каб мы маглі прыйсьці да іх. Калі мы пазбаўленыя гэтага права, дык хаця б маглі б зрабіць крымацыю і аддаць нам, каб мы самі маглі пахаваць іх".

У менскім СІЗА летам паводле традыцыі раней не расстрэльвалі. Тое, што зараз амаль штодня выконваюцца расстрэлы, тлумачаць тым, што пасьля падпісаньня саюзнай дамовы з Расеяй будзе ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне.

XS
SM
MD
LG