Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 чэрвеня 1999 г.


Сяргей Шупа, Прага

Апошнія навіныі зь беларускай кібэрпрасторы.

Наагул сёньняшнюю перадачу я хацеў прысьвяціць тэме Беларуская мова ў інтэрнэце і даць кароткі агляд ўэб-старонак, якія знаёмяць наведнікаў з нашай мовай, яе асаблівасьцямі, праблемамі й пэрспэктывамі - сюды б увайшлі он-лайнавыя слоўнікі, размоўнікі, дапаможнікі, калекцыі лінкаў для тых, хто хоча навучыцца мовы і іншае падобнае. Аднак сёньня раніцай я не знайшоў на чаканым месцы таго сайту, зь якога хацеў пачаць свой агляд - афіцыйнай старонкі Таварыства Беларускай Мовы. З прычыны нейкіх тэхнічных праблемаў на сэрвэры старонка перастала адчыняцца, так што гэтую тэму я адкладу на пазьнейшы час.

А сёньня - розныя беларускія ўэб-драбніцы.

На пачатку я хачу павіншаваць газэту «Наша Ніва», электронны варыянт якой сёньня наведаў 12-тысячны чытач. Прынамсі гэтую лічбу паказваў лічыльнік, калі я сёньня завітаў на іхную старонку.

Што да новых беларускіх старонак, якія зьявіліся за апошнія тыдні, дык варта адзначыць інтэрнэтны прарыў няўрадавых арганізацыяў.

Сваю старонку завяла Асамблея Дэмакратычных Няўрадавых Арганізацыяў Беларусі. Вось што заяўляе Асамблея сама пра сябе: «Мы зьяўляемся аб'яднаньнем грамадзкіх арганізацыяў, якія выступаюць за незалежнасьць Беларусі, дэмакратыю, правы чалавека і інтэграцыю Беларусі ў Эўрапейскую супольнасьць. На нашай старонцы Вы маеце магчымасьць азнаёміцца з нашымі сябрамі, альбо увайсьці ў курс бягучых падзеяў вакол грамадзкага сэктару Беларусі, прачытаўшы наш Бюлетэнь і разьдзел аналітычных артыкулаў. А таксама атрымаць інфармацыю аб Першай і Другой Нацыянальнай Асамблеі і прагледзець аб'явы.

Будзем спадзявацца, што выхад Асамблеі ў Інтэрнэт паспрыяе далейшаму фармаваньні пакуль што слабой грамадзяснакй супольнасьці ў Беларусі. Адрас старонкі:

http://ngo.unibel.by

Зусім нядаўна зьявілася і старонка Цэнтру «Супольнасьць».

Цэнтар Супольнасьць, нагадаю, быў заснаваны ў Менску ў 1995 г. Яго стварылi, з аднаго боку, колiшнiя ўдзельнiкi першых у пасьляваенны час аўтэнтычных беларускiх грамадзкiх арганiзацыяў 80-х гадоў ("Беларуская Майстроўня", "Талака", "Тутэйшыя"), з другога боку - дзеячы новапаўсталых у сярэдзiне 90-х гг. маладзёвых згуртаваньняў.

Галоўная мэта Цэнтру Супольнасьць - спрыяць станаўленьню i ўмацаваньню беларускай грамадзянскай супольнасьцi i тым самым - абароне незалежнасьцi краiны ды дэмакратычных каштоўнасьцяў.
Цэнтар Супольнасьць дапамагае супрацоўнiцтву дэмакратычных няўрадавых арганiзацыяў, пабуджае дэмакратычныя iнiцыятывы, ладзiць дасьледнiцкую i асьветную працу ў грамадзка-палiтычнай, культурнай, адукацыйнай галiнах.

Цэнтар Супольнасьць iнфармацыйна i мэтадычна спрыяе незалежнай прэсе, перадусiм па-за сталiцай.
Цэнтар Супольнасьць дапамагае беларускiм культурнiцкiм iнiцыятывам, якiя мацуюць у грамадзянаў беларускую iдэнтычнасьць i пачуцьцё лучнасьцi з эўрапейскiмi культурнымi й дэмакратычнымi каштоўнасьцямi.

Гэтак падае зьмэст і мэты сваёй дзейнасьці Цэнтар Супольнасьць. Адрас ягонай ўэб-старонкі:

http://cacedu.unibel.by/cscsc

Яшчэ адна грамадзкая арганізацыя, якая пачала сваё існаваньне ў кібэрпрасторы - ужо згаданае сёньня Таварыства Беларускай Мовы. Шмат распавядаць пра ТБМ, мабыць, няма патрэбы - пра гэтую арганізацыю, мабыць, ведаюць усе, а калі не - дык пра яе красамоўна гаворыць яе назва. З таго каштоўнага, што ёсьць на інтэрнэтнай старонцы Таварыства, апрача бюлетэню ТБМ газэты «Наша Слова» зварачае на сябе ўвагу моўны маніторынг - храналёгія падзеяў сацыяльнага й палітычнага жыцьця нашай мовы, улучна з шматлікімі парушэньнямі моўных правоў тых, хто наважваецца ў Беларусі гаварыць па-беларуску.

Адрас старонкі:

http://tbm.org.by

Як я ўжо казаў, у момант падрыхтоўкі перадачы да эфіру дзеля тэхнічных праблемаў на сэрвэры старонка была недаступная. Спадзяюся, што калі перадача будзе гучаць у эфіры, гэтыя праблемы ўжо будуць пасьпяхова вырашаныя.

У мяне засталося пару зусім кароткіх паведамленьняў. Некалькі тыдняў таму адзін з наведнікаў Гасьцявой кнігі «Дранікаў» пачаў дасылаць у кнігу вершы беларускага паэта эмігранта Рыгора Крушыны. Гэткае не зусім дарэчнае выкарыстаньне Гасьцявой кнігі ня надта спадабалася яе іншым наведнікам, што і было выказана аматару паэзіі. А адзін з удзельнікаў дыскусіі, якому тыя вершы таксама спадабаліся, запрапанаваў свае паслугі ў стварэньні адмысловай ўэб-старонкі. У выніку пару дзён таму была заснаваная і запушчаная новая пэрсанальная старонка, якую яе аўтар Кум (вядома, мянушка) назваў «Старонка беларускага касмапаліта». На ёй - тэкст да 75-годзьдзя Васіля Быкава і вершы Рыгора Крушыны. Старонка яшчэ толькі распрацоўваецца, пажадаем Куму далейшых посьпехаў.

Адрас гэткі:

http://user.exit.de/kum/

І апошняе: пару дзён таму я зрабіў для сябе невялічкае і нечаканае адкрыцьцё. Ўэб-рэсурс The Weather Underground, які падае прагноз надвор'я для любога кутка сьвету, працуе на 38 мовах, у тым ліку па-беларуску, праўда ў даволі рэдкай на сёньня кадыроўцы MS-DOS. Вось ягоны адрас:

http://byelorussian.wunderground.com/

XS
SM
MD
LG