Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 чэрвеня 1999 г.


Без перабольшаньня можна сказаць, што сёньня ўвесь сьвет жыве чаканьнем магічнай зьмены лічбаў у азначэньні гадоў. Да двухтысячнага году застаецца крыху больш за паўтары сотні дзён. Аднак на парозе новага тысячагодзьдзя ў некаторых гісторыкаў зьявіліся сумневы што да праўдзівасьці чаканай даты. Нямецкі гісторык Гэрыбэрт Іліг на падставе шматгадовых дасьледаваьняў і параўнаньняў сьведчаньняў гістарычнага летапісаньня, археалёгіі, архітэктуры розных цывілізацыяў прыйшоў да парадаксальнай і сэнсацыйнай высновы. Каля тысячы гадоў таму да нашага часазьлічэньня ад Нараджэньня Хрыстовага было прыпісана лішніх 297 гадоў.

Гіпотэза Гэрыбэрта Іліга, 52-гадовага аўтара дасьледаваньняў у галіне спрэчных і таямнічых пытаньняў гісторыяграфіі, палягае ў наступным.

Ужо даўно гісторыкі называюць некалькі стагодзьдзяў раньняга сярэднявечча «цёмнымі стагодзьдзямі», і ў гэтым азначэньні закладаецца ня нейкая маральная іх ацэнка, а проста той факт, што пра гэтыя стагодзьдзі нам вядома незвычайна мала. Ад іх не засталося ні істотнай матэрыяльнай спадчыны, на якую можна было спадзявацца, ні тагачасных пісьмовых крыніцаў і паведамленьняў. Усе гістарычныя сьведчаньні пра «цёмныя стагодзьдзі» належаць пазьнейшым эпохам.

Гэрыбэрт Іліг вырашае гэтую дылему правакацыйнай тэзай пра тое, што гэтых стагодзьдзяў ніколі не існавала. Цэлая эпоха паміж 614 і 911 гадамі, якую Іліг называе «прывідным часам» была пазьней устаўленая ў рэальную часавую лінію. Таму й ня дзіва, што гэтыя стагодзьдзі нічога па сабе не пакінулі, а тыя нешматлікія артэфакты, якія ёй прыпісваюцца, у сапраўднасьці датуюцца пазьнейшым часам. У якасьці прыкладу Іліг падае г.зв. Аахенскую імпэратарскую капліцу, нібыта збудаваную Карлам Вялікім у VIII стагодзьдзі - на падставе параўнаньня архітэктурных тэхналёгіяў аўтар робіць выснову, што яна не магла быць збудаваная раней за Х стагодзьдзе, на што няраз зварачалі ўвагу гісторыкі архітэктуры. Не існаваў, паводле Іліга, і сам славуты імпэратар Карл Вялікі - ён быў выдумкай пазьнейшых уладароў, якія прагнулі ўлады і славы ды мелі патрэбу ў вялікіх продках.

У якасьці галоўных спраўцаў фальшаваньня гісторыі і часу Гэрыбэрт Іліг называе германскага імпэратара Отона ІІІ, які, паводле традыцыйнага часазьлічэньня, жыў у 980-1002 гадах. У 999 годзе ён прызначыў свайго былога настаўніка Жэрбэра д'Орыяка папам рымскім. Новы папа, які ўзяў імя Сыльвэстра ІІ, быў ведамым тэолягам, мэдыкам, астраномам, а паводле легендаў яшчэ і альхімікам ды ведзьмаром. Менавіта яму належала ідэя аднавіць колішнюю хрысьціянскую Рымскую імпэрыю часоў Канстантына. Отон ІІІ перанес сваю сядзібу ў Рым.

Вось жа, паводле Іліга, дзеля таго, каб час ягонага валадараньня прыпаў на важную для хрысьціянства дату - 1000 год ад Хрыстовага Нараджэньня - Отон ІІІ у супрацоўніцтве з папам Сыльвэстрам ІІ ( а Царква ў той час трымала амаль татальную манаполію на любую пісьмовую дакумэнтацыю) падкруцілі гадзіньнік эўрапейскай гісторыі амаль на трыста гадоў наперад. Разам з тым - і вельмі дарэчы - узьнікла неабходнасьць напоўніць гэты «прывідны час» нейкімі ўяўнымі падзеямі, што згаданая пара і зрабіла - паводле сваіх густаў і пажаданьняў. Так узьнікла постаць Карла Вялікага - імпэратара, які нібыта валодаў менавіта тымі тэрыторыямі, на якія прэтэндаваў сам Отон ІІІ, пры гэтым апошні займеў нешта накшталт права рэстытуцыі.

Усе іншыя сьведчаньні пра Карла Вялікага самага рознага характару датуюцца пазьнейшым часам.

Упершыню сваю гіпотэзу Гэрыбэрт Іліг разьвіў у сваёй кнізе «Ці існаваў Карл Вялікі?», якая выйшла ў 1994 годзе і вытрымала ўжо два перавыданьні. У 1996 годзе выходзіць наступная кніга Іліга - «Прыдуманае Сярэднявечча» (ад таго часу ўжо таксама двойчы перавыдадзеная), дзе аўтар адказвае на закіды сваіх апанэнтаў і дапаўняе сваю гіпотэзу новымі аргумэнтамі.

Пералічу некаторыя зь іх.

Гісторыя сярэднявечнай Эўропы наагул поўніцца незьлічонымі фальшаваньнямі, абсалютная большасьць якіх належала Каталіцкай Царкве. Найчасьцей фальшаваліся дакумэнты, на падставе якіх Царква пасьля прэтэндавала на розную нерухомую маёмасьць. Пры гэтым дзейнічаў гэткі мэханізм: нейкія разумныя манахі раптам знаходзілі ў забытай шуфлядзе дакумэнты парусотгадовай даўніны, якія станавіліся надзвычай дарэчнымі ў нейкай канкрэтнай справе ці спрэчцы - так што іх даўно памёрлых аўтараў можна было падазраваць у яснабачаньні.

Апанэнты Іліга часта ставяць пытаньне: чаму ж такая падзея, як магчымая прыпіска да гісторыі трох стагодзьдзяў, на працягу цэлага тысячагодзьдзя ніколі не была заўважаная? Адказ просты - часавая вось і хрысьціянскі каляндар бвыглядаюць нечым нагэтулькі звычайным і само-сабой-зразумелым, што нікому не прыходзіла ў галаву ставіць іх пад пытаньне; усе нібы забываюцца пра тое, што наш каляндар - ніякі не падарунак нябёсаў, а прынятая намі ўмоўнасьць.

Аднак найбольш пытаньняў да гіпотэзы Іліга ўзьнікае ў сувязі зь існаваньнем вакол і ўнутры эўрапейскага сьвету іншых цывілізацыяў, якія лічылі дні, месяцы і гады паводле зусім іншых сыстэмаў. Здавалася б, што менавіта тут можна знайсьці аргумэнты, якія б разбурылі сэнсацыйную тэорыю нямецкага дасьледніка. Аднак ё, відаць, і сам гэта добра разумеў і таму надаў дасьледаваньню суседніх цывілізацыяў і іхных календароў асаблівую ўвагу. І вынікі гэтых дасьледаваньняў толькі падтрымваюць ягоныя парадаксальныя высновы.

У бізантыйскай, пэрсыдзкай і гэбрайскай гісторыі на VII-X стагодзьдзе таксама прыпадае дзіўнае маўчаньне, гістарычныя падзеі тых гадоў маюць толькі пазьнейшую і не заўсёды храналягічна надзейную фіксацыю.б І там ўсё значнае і гістарычна засьведчанае адбываецца да 600 або пасьля 900 году. Гэрыбэрт Іліг падае цікавы прыклад з парсамі - зараастрыйцамі, якія ў пэўным часе перабраліся зь Ірану ў Індыю - калі ў XVIII стагодзьдзі яны скантактаваліся з сваімі аднавернікамі ў колішняй бацькаўшчыне, выявілася, што іхныя сыстэмы часазьлічэньня розьняцца амаль на 300 гадоў - магчыма, гэта той самы «прывідны час». Што да далейшых цывілізацыяў - Кітаю і Індыі - дык да Х стагодзьдзя кантакты эўрапейцаў зь імі былі надзвычай абмежаваныя, прычым ніводзін з гэтых кантактаў не зафіксаваны адначасна абодвума бакамі. Сынхранізацыя адпаведных календароў адбылася значна пазьней, калі Эўропа ўжо ўжылася ў сфальшаваны, на думку Іліга, каляндар.

Што да натуральных мэтадаў датаваньня - пры дапамозе дэндрахраналёгіі (падліку гадавых колцаў на зрэзе дрэваў) або радыяізатопнага аналізу - дык яны таксама мала дапамагаюць. Што да дрэваў, дык знайсьці такія старыя асобнікі сёньня ўжо немагчыма, а што да другога згаданага мэтаду, дык ён мае занадта вялікі дыяпазон хібаў, каб вызначыць дату з дакладнасьцю да некалькіх стагодзьдзяў.

Урэшце, Іліг мусіў неяк патлумачыць факт існаваньня манаха-бэнэдыктынца Бэды, гістарыёграфа ангельскай царкоўнай гісторыі які пісаў свае прасы ў сярэдзіне VIIІ стагодзьдзя, і хронікаў дынастыі Каралінгаў VIII-IX стагодзьдзяў, якія арыентаваліся менавіта на працы Бэды. І нямецкі дасьледнік знайшоў контараргумэнт. Вось жа ў 1972 годзе астраном Робэрт Ньютан, дасьледуючы тэксты Бэды, што называецца «злавіў» яго на тым, што ён ужыў у сваёй працы De temporibus ratione паняцьце нуля ў якасьці лічбы, прычым як нешта звычайнае і даўно вядомае чытачам. Тым часам нуль прыйшоў у Эўропу толькі ў канцы ХІ стагодзьдзя. Гэтая загадка дагэтуль застаецца без адказу, што дае Ілігу падставы меркаваць, што працы Бэды - а значыць і кронікі Каралінгаў - твор пазьнейшага часу.

Такім чынам, калі б запрапанаваная нямецкім дасьледнікам Гэрыбэртам Ілігам тэорыя спраўдзілася, то сёньня б мы жылі не ў 1999-ым, а ў 1702 годзе. Няма чаго казаць, дасьледаваньне Іліга расхіствае самыя асновы ўсіх кананічных працаў аб гісторыі эўрапейскай цывілізацыі. Ня дзіва, што навуковая грамадзкасьць паставілася да яго ня надта прыхільна - з дыяпазонам рэакцыяў ад адкрытай варожасьці да непаважных насьмешак. Аднак у сваёй абсалютнай бальшыні прафэсійныя гісторыкі працы Іліга стараюцца проста ігнараваць.

Пытаньне застаецца адкрытае.

Сяргей Шупа, Прага

XS
SM
MD
LG