Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 чэрвеня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Арганізацыя Эканамічнага Супрацоўніцтва і Разьвіцьця, вядомая міжнародная інстытуцыя ў структуры Эўрапейскага Саюзу, апублікавала табліцу рэальнага ўзроўню эканамічнага разьвіцьця групы спецыяльна абраных 52 краінаў Эўропы, Амэрыкі і Азіі.

Эканамісты арганізацыі сцвярджаюць, што новыя статыстычныя дадзеныя базуюцца на больш дакладным навуковым падыходзе і дазволяць больш эфэктыўна прагназаваць будучую стратэгію эканамічнага разьвіцьця як паасобных краінаў, так і ўсяго сьвету.

Упершыню спэцыялісты міжнароднай Арганізацыі Эканамічнага Супрацоўніцтва і Разьвіцьця ў якасьці галоўнага крытэрыю сваёй клясыфікацыі ўзялі не абменныя курсы нацыянальных валютаў, а пакупную здольнасць валютаў у той, ці іншай краіне. Было ўлічана каля 200 паказчыкаў пакупной здольнасьці валютаў у галіне харчаваньня, паслугаў, пакупкі нерухомасьці і г.д.

Вынікі даследаваньня сьведчаць, што самы высокі сукупны нацыянальны даход на душу насельніцтва ў Люксэмбургу, Злучаных Штатах Амэрыкі, Нарвэгіі і Японіі. А самы нізкі ва Узбэкістане, Манголіі і Таджыкістане.

Усе 52 склясыфікаваныя краіны падзеленыя на пяць групаў:

Да першай групы найбольш багатых краінаў, нацыянальны даход якіх на душу насельніцтва перавышае 18 тысячаў даляраў, належаць: Люксэмбург, ЗША, Канада, Нямеччына, Італія, Швэцыя, Ірляндыя, Новая Зэляндыя, Ізраіль і іншыя.

Да другой групы проста багатых краінаў належаць Гішпанія, Партугалія, Грэцыя, Славенія, Чэхія, Вугоршчына і Славаччына.

Да трэцяй групы сярэдне разьвітых краінаў належаць Польшча, Расея, Эстонія, Харватыя, Літва, Латвія і інш. Сюды экспэрты Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця залічаюць і Беларусь. Пры гэтым зьмяшчаюць яе перад такой краінай, як Латвія і адразу за Літвой. Паводле міжнародных экспертаў нацыянальны даход на душу насельніцтва ў Беларусі прыблізна 5 200 даляраў на год.

У чацвётай катэгорыі бедных краінаў - Украіна, Туркмэністан, Грузія, Альбанія, Малдова і інш.

У пятай катэгорыі самых бедных краінаў: Узбэкістан, Арменія, Азэрбайджан, Манголія і Таджыкістан.

У нас тут у праскай рэдакцыі радыё "Свабода" шмат пытаньняў выклікае даволі высокае месца Беларусі. Чаму яна зьмешчаная ў катэгорыі сярэднеразьвітых краінаў, хаця зьбядненьне насельніцтва тут нагэтулькі відавочнае, што некаторыя мясцовыя экспэрты гавораць пра сапраўдную эканамічную катастрофу.

Каб паспрабаваць высьветліць падобныя недарэчнасьці я пазваніў у Брусэль у штаб-кватэру Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця. Да тэлефона адыйшоў адзін з аўтараў новай клясыфікацыі фінскі эканаміст Сэпа Варьёнен. Вось, як ён растлумачыў высокае месца Беларусі:

(Варьёнен: ) " На гэтае пытаньне вельмі цяжка адказаць, таму што нашая клясыфікацыя базуецца на тых дадзеных, якія мы атрымліваем ад беларускіх уладаў. І гэта былі дадзеныя 1996 году, а цяпер сытуацыя зьмянілася да горшага. І таму мне не хацелася б дакладна камэнтаваць беларускую сытуацыю".

Эканамічную сытуацыю Беларусі сапраўды цяжка камэнтаваць. Тое, што адбываецца тут - гэта дзейнасьць насуперак аб'ектыўным экнамічным законам, дзейнасць у лепшых традыцыях плянавай савецкай гаспадаркі, калі даволі высокія вытворчыя паказчыкі дзяржаўных прадпрыемстваў зусім не адбіваюцца на паляпшэньні матэрыяльнага становішча тых, хто на гэтых прадпрыемствах працуе. Луканоміка - гэта сыстэма, калі ад усіх патрабуюць высокіх вытворчых паказчыкаў, але сапраўдную заработную плату за гэта атрымліваюць толькі некаторыя.

Між тым суседзі Беларусі ідуць зусім іншым шляхам. І таму галоўны эканаміст Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Нік Штэрн лічыць, што калі Польшча, Вугоршчына, Чэхія ды іншыя посткамуністычныя краіны будуць надалей прытрымлівацца курсу рэформаў, ужо праз 10 годоў яны дасягнуць сярэдняга ўзроўню эканамічнага разьвіцьця, характэрнага для Заходняй Эўропы.

Выступаючы ў Лёндане на міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай трансфармацыі посткамуністычнага сьвету, Нік Штэрн заявіў:

(Штэрн:) " Мы бачым, што краіны, якія цьвёрда прытрымліваюцца шляху рэформаў, асабліва гэта датычыць Польшчы (Польшча --гэта красамоўны прыклад) павялічваюць сваю гаспадарчую прадукцыю на 4 - 5 % за год на працягу апошніх гадоў. І я ўпэўнены, што для бальшыні іншых краінаў рэгіёну магчымыя падобныя дасягненьні ў 10 - 15-гадовай пэрспэктыве".

На думку Штэрна менавіта гэты 4 - 5-працэнтны штогадовы гаспадарчы рост можа забяспечыць тое, што праз 10 гадоў посткамуністычныя краіны змогуць дасягнуць узроўню заходнеэўрапейскіх. Ён гаворыць:

(Штэрн :) "Сёньня 26 краінаў, якія знаходзяцца ў перабудове сваёй гаспадаркі з плянавай на рынкавую, вырабляюць каля 3% сусьветнага супольнага прадукту, а іх насельніцтва складае ад 8 да 9% ад сусветнага. Але можа так здарыцца, што праз 10 гадоў яны будуць вырабляць да 9% сусьветнага сукупнага гаспадарчага прадукту. Іншымі словамі, будуць адыгрываць гаспадарчую ролю, якая адпавядае колькасьці іх насельніцтва".

І на заканчэньне адзначым, што Нік Штэрн ды іншыя вядомыя сусветныя эканамісты ў якасьці галоўнай неабходнай умовы падобнага аптымістычнага эканамічнага росту вызначаюць шырокі і нічым не абмежаваны прыток замежных інвэстыцыяў у гаспадаркі краінаў з посткамуністычнай прасторы. Толькі, калі заходнія інвэстары будуць у Польшчы, Вугоршчыне, Літве, а магчыма і ў Беларусі адчуваць сябе ня горш, чымся ў Францыі, ці Нямеччыне, толькі тады гэты гаспадарчы цуд можа зьдзейсьніцца.

XS
SM
MD
LG