Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 чэрвеня 1999 г.


Прайшло ўжо чатыры дні пасьля арышту гэндырэктару металургічнага камбінату ў Жлобіне Юрыя Феактыстава і вядомага менскага бізнэсмэна Віктара Лагвінца, але дагэтуль не абвешчана пра тое, што ім прад'яўленыя нейкія абвінавачваньні.

Нават кіраўнік камітэту ў спараве барацьбы з арганізаванай злачыннасцю пры міністэрстве ўнутраных справаў Міхаіл Мядзьведзеў, пад чыім кіраўніцтвам праходзіць папярэдняе расьследваньне, адмовіўся паведаміць у прэсу, ці прад'яўлена ў дадзены момант Феактыставу і Лагвінцу абвінавачваньні. Мядзьведзеў толькі пацьцвердзіў, што справай Феактыстава і Лагвінца займаюцца ў тым ліку і ягоныя падначаленыя, і што створаная адмысловая група з удзелам сьпецыялістаў з розных праваахоўчых ведамстваў. "Але пакуль пра вынікі казаць рана. Для прад'яўленьня абвінавачваньня яшчэ ёсьць час. Ўсё будзе зроблена паводле закона" - заявіў супрацоўнікам прэсавай службы міністэрства ўнутраных справаў міхаіл Мядзьведзеў.

Ён паўтарыў тое, што прагучала ўчора па беларускім тэлебачаньні: сьледчыя валодаюць фактамі пра злачынныя сувязі Феактыстава і Лагвінца з вельмі ўплывовымі асобамі ў Расеі. Але ён не ўдакладніў, што гэта за асобы.

"Перадайце журналістам, што нічога больш, чым учора па тэлебачаньні я пакуль не скажу", - заявіў палкоўнік супрацоўнікам прэсавай службы МУС.

Такім чынам, на сёньняшні дзень сітуацыя па "жлобінскай справе" наступная: затрыманыя Феактыстаў і Лагвінец, але невядома, што ім інкрымінуецца, і дзе ўтрымліваюцца арыштаваныя - у менскім ізалятары, у ізалятары КГБ "амэрыканка" ці ў нейкім іншым месцы. Інфармацыя старанна ўтойваецца.

Дагэтуль не спраўдзіліся прагнозы пра магчымыя затрыманьні іншых фігурантаў справы. Сярод такіх кандыдатаў незалежная прэса ўжо назвала некалькіх кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, і нават аднаго з віцэ-прэмьераў. Гэтыя чуткі засталіся чуткамі.

Напрыклад, сёньня ў прэсавай службе буйнога менскага завода, пры дырэктара якога з'явіліся зьвесткі, нібыта зь яго ўзятая падпіска аб нявыезьдзе, мне сказалі: "Наш дырэктар быў з прэмьерам Лінгам з візытам у Літве, заўтра едьдзе ў Петразаводск. Вось вам і адказ на вашае пытаньне наконт падпіскі аб нявыезьдзе".

Тым ня менш, назіральніуі сыходзяцца ў меркаваньнях, што арыштамі Феактыстава і Лагвінца справа можа не абмежавацца. Цяперашнюю паўзу называюць зацішшам напярэдадні навальніцы. І ў якасьці доказу прыводзяць той факт, што пры камітэце ў справе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю створаная адмысловая група. Прычым пра гэта паведамілі па тэлебачаньні. Гэта гучыць як сур'ёзнае папярэджаньне тым, хто мае пляны заступіцца за Феактыстава ці Лагвінца. Паводле інфармацыі, у сьледчых ёсьць загад не зьвяртаць увагу на ўплывовасьць асобаў, якія патрапілі пад падазрэньні.

Алег Грузьдзіловіч, Менскs

XS
SM
MD
LG