Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 чэрвеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

У Расеі працягваюць распаўсюджвацца чуткі аб намеры Крамля зрабіць Ельцына прэзыдэнтам адзінай беларуска-расейскай краіны. З'явілася ўжо і назва — "варыянт Мілошавіча".

26 чэрвеня ў Менск прылятае першы віцэ-прэмьер расейскага ўраду Мікалай Аксёненка. Мяркуецца, што Мікалай Аксёненка правядзе перамовы зь Сяргеем Лінгам. Спачатку сам на сам, а потым - у складзе дэлегацыяў. У другой палове суботы першы віцэ-прэмьер Расеі наведае Менскі аўтазавод і канцэрн "Белрэсурс", а ўвечары адбудуцца ягоныя перамовы з прэзыдэнтам Лукашэнкам.

Афіцыйны Менск чакае ад візыту Аксёненкі значных зрухаў у двухбаковых адносінах. У паведамленьні прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі адзначана, што пад час візыту першага віцэ-прэмьера Расеі будуць абмеркаваныя прынцыповыя праблемы, рашэньні якіх адкладалася з прычыны пазыцыі расейскага боку. Ня выключана, што размова пойдзе пра чыгуначныя тарыфы, узровень якіх незадавальняе беларускі бок. Нагадаем, што раней спадар Аксёненка быў міністрам чыгуначнага транспарту Расеі.

Але магчыма, што перамовы закрануць і больш сур'ёзныя пытаньні. Дасьведчаныя крыніцы сьцьвярджаюць, што да спадара Аксёненкі вельмі прыхільна ставіцца Барыс Ельцын. Ня выключана нават, што менавіта першы віцэ-прэмьер стане кандыдатам ад "партыі ўлады" на будучых прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі. З другога боку, Аксёненку называюць і "чалавекам Беразоўскага", а непрыхільныя ўзаемаадносіны Беразоўскага і Лукашэнкі ні для каго не з'яўляюцца сакрэтам. Тым ня менш, цалкам верагодна, што тэмаю перамоваў Лукашэнкі і Аксёненкі стануць ня толькі гаспадарчыя, але і палітычныя пытаньні. У прыватнасьці, формулу аб'яднаньня Беларусі і Расеі.

Напярэдадні чарговай сэсіі парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі, якая адбудзецца ў Менску 1-2 ліпеня, пытаньне аб'яднаньня дзвюх краінаў ізноў зрабіліся актуальным.

Учора на паседжаньні Дзярждумы Расеі сьпікер Генадзь Селязьнеў паведаміў, што існуюць два праекты аб'яднаньня, у якіх існуюць сур'ёзныя разыходжаньні ў пытаньнях кампэтэнцыі ўраду і саюзнага парляманту. Сьпікер Дзярждумы паведаміў, што створаная пагаджальная камісія, якая мае на мэце выпрацаваць агульны праект, прычым за аснову ўзяты прает, падрыхтаваны рабочымі групамі прэзыдэнтаў. Абодва праекты аб'яд'аньня прадугледжваюць стварэньне саюзнага парлямэнту, ніжняя палата якога будзе абірацца насельніцтвам Беларусі і Расеі.

Селязьнёў заявіў, што беларускі бок лічыць мэтазгодным правесьці выбары ў парлямэнт у сакавіку будучага года. Ён падкрэсьліў, што правядзеньне выбараў саюзнага парлямэнту не запатрабуе зьменаў у Канстытуцыях абедзьвюх кранаў. Паводле ягоных словаў, Цэнтравыбаркамы Беларусі і Расеі ўжо распачалі працу па падрыхтоўцы да саюзных выбараў.

Дарэчы, абодвы праветы - і дэпутацкі, і прэзыдэнцкі, - не прадугледжваюць увядзеньне пасады агульнага прэзыдэнта.

Тым ня менш, у Расеі працягваюць распаўсюджвацца чуткі аб намеры Крамля зрабіць Ельцына прэзыдэнтам адзінай беларуска-расейскай краіны. З'явілася ўжо і назва — "варыянт Мілошавіча". Некалькі гадоў таму, калі Слабадан Мілошавіч дагэтуль быў прэзыдэнтам Сэрбіі, ён стаў прэзыдэнтам Югаславіі, якая складаецца з Сэрбіі і Чарнагорыі. На думку вядомага расейскага палітолага Сяргея Маркава, такі варыянт быў бы для Ельцына вельмі прывабным, бо ён утрымлівае нявызначанасьць прававога поля, што заўсёды так падабалася гаспадару Крамля. Пры гэтым Сяргей Маркаў мяркуе, што выбары прэзыдэнта Расеі ня будуць адмененыя, проста на саюзны ўзровень пяройдзе кантроль над узброенымі сіламі і Цэнтрабанкам.

Спадар Маркаў параўнаў мяркуемы статус саюзнага прэзыдэнта са статусам былога чылійскага дыктатара Піначэта, які сышоў ад улады, але захаваў кантроль над войскам.

Вельмі цікава тое, што ў сувязі з гэтымі плянамі ніякіх аналёгіяў, акрамя дыктатарскіх, не ўзьнікае.

На думку другога расейскага палітолага, Вячаслава Ніканава, праект "Ельцын-саюзны прэзыдэнт" можа стаць падставаю для адмены ня толькі прэзыдэнцкіх, але і парлямэнцкіх выбараў у Расеі. Вячаслаў Ніканаў лічыць, што працягненьне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Ельцына праз аб'яднаньне зь Беларусьсю - сцэнар больш верагодны, чымсьці роспуск кампартыі ці ўвядзеньне надзвычайнага становішча.

Але адзначым: пляны аб'яднаньня, якія прапанаваныя да разгляду, ніякай пасады саюзнага прэзыдэнта не ўтрымліваюць. Таму магчыма, што Крэмль проста распаўсюджвае праз пэўных людзей "страшылку", каб трымаць у напружаньні ўласных апанэнтаў.

Шкада толькі, што лёс Беларусі робіцца разьменнай манэтай у гэтых расейскіх палітычных гульнях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG