Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 чэрвеня 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Пад час наведаньня Магілеўшчыны на мінулым тыдні прэзыдэнт у чарговы раз выказаўся за неабходнасьць тэрміновага прыняцьця дэкрэту ў справе працоўнай і выканаўчай дысцыпліны. Чарговы ягоны праект уводзіць адказнасьць за невыкананьне палажэньняў Канстытуцыі і іншых заканадаўчых актаў.

За два гады перманэнтнай падрыхтоўкі і адхіленьня праекту дэкрэту аб умацаваньні працоўнай дысцыпліны ён зьведаў сем рэдакцыяў. Восьмая мае назоў "Аб дадатковых мерах у справе ўдасканаленьні працоўных адносінаў і ўмацаваньні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны". З усіх набыткаў мінулых праектаў ён узяў ня лепшыя напрацоўкі. Пад ціскам грамадзкасьці зь яго была выключаная такая мера пакараньня, як штрафныя санкцыі. Разам з тым, ён прадугледжвае зьмяньншэньне работніку адпачынку, ягоную поўную матэрыяльную адказнасьць.

Ёсьць у прапанаваным праекце і навінкі, кшталту магчымасьці вынясеньня пакараньня на працы за невыкананьне Канстытуцыі: «Лічыць наўмыснае невыкананьне альбо наўмыснае неналежнае выкананьне Канстытуцыі, законаў, пастановаў і ўказаў грубым парушэньнем працоўных абавязкаў». У сваю чаргу, паводле дзеючага заканадаўства, аднаразовае грубае парушэньне працоўнай дысцыпліны ёсьць падставай для скасаваньня з работнікам працоўнай дамовы.

Такім чынам, за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі работнік можа пазбавіцца працоўнага месца. Прычым на кіраўнікоў структураў накладзены абавязак выносіць сваім работнікам такія спагнаньні. Калі дэкрэт будзе прыняты, то ён мусіць дзейнічаць ва ўмовах новага працоўнага кодэксу, які ўводзіць абавязковую кантрактную форму прыёму на працу ў шмат якіх сфэрах дзейнасьці.

Намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай Антон Матусевіч:

(Матусевіч:) « У гэтым праекце не прадугледжваецца якая б то ні была роля прафсаюзаў ні пад час заключэньня кантрактаў, ні ў часе кантролю за іх дзеяньнем. Калі падпісваецца кантракт, прафсаюз мусіць удзельнічаць, каб абараніць правы ня толькі асобна ўзятага работніка, але і ўсіх астатніх. Няўлік нашага ўдзелу мы разглядаем як парушэньне канцэпцыі сацыяльнага партнерства».

Намесьнік старшыні ФПБ ня лічыць, што прыняцьце дэкрэту ў прапанаваным выглядзе ня будзе спрыяць умацаваньню працоўнай дысцыпліны.

(Матусевіч: ) «У шмат якіх частках дэкрэт паўтарае дзеючае заканадаўства, у некаторых стварае няпэўнасьць і пытаньні, якія могуць быць вытлумачаныя як заўгодна ў прававой практыцы. Гэты дэкрэт утрымлівае шэраг нормаў, якія адсылаюць да дзеючага заканадаўства, таму яны проста не патрэбныя, ня маюць сэнсу).

Разам з тым, афіцыйныя прафсаюзы не выключаюць неабходнасьць умацаваньня працоўных адносінаў, выступаючы супраць мэтадаў, якімі гэта робіцца.

(Матусевіч: ) «На працягу двух гадоў працы над праектам дэкрэту мы ўвесь час падкрэсьлівалі: так, мы лічым неабходным умацаваньне працоўнай дысцыпліны як адной з умоваў эфэктыўнасьці вытворчасьці. Разам з тым лічым, што няма патрэбы ў кантрактах са шмат якімі катэгорыямі работнікаў. Калі патрэбна ўверсе зьвярнуць увагу на дысцыпліну, такі акт мог быць палітыка-сацыяльнай значнасьці - заклік выконваць заканадаўства, зьвярнуць увагу на нешта, і гэтак далей. Няхай ён будзе лепш такім, чым актам прамога дзеяньня, які часткова супярэчыць заканадаўству».

XS
SM
MD
LG