Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 чэрвеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Васіль Старавойтаў у хуткім часе будзе пераведзены ў менскую калёнію, дзе яму давядзецца сядзець да лістападу, калі ён ня будзе ўмоўна-датэрмінова вызвалены.

Пра гэта паведаміла адвакат Старавойтава Вера Страмкоўская. Старавойтава пераводзяць у менскую калёнію УЖ 15-1. Паводле зьвестак з Бабруйскага ізалятару, ягоны начальнік спадар іваноў ужо атрымаў каманду адправіць Старавойтава этапам узмоцненага рэжыму. Адвакт перакана, што Старавойтава ня будуць перапраўляць у Менск у спэцвагоне, як іншых зьняволеных. З прычыны хваробы яго даставяць на машыне асобна. Адвакат увогуле лічыць, што выбар менавіта менскай калёніі дэманструе паважлівае да яго стаўленьне ў ворганах міністэрства ўнутраных справаў. Справа ў тым, што менавіта на тэрыторыі гэтай калёніі знаходзіцца рэспубліканскі шпіталь для арыштаваных. Старавойтаву паслугамі дактароў давядзецца карыстацца часта, лічыць Страмкоўская.

"І ўсё ж перавод Старавойтава ў менскую калёнію я б не сьпяшалася разглядаць як крок міласэрднасьці", — кажа адвакат. Паводле зьвестак, Старавойтаў не зьвяртаўся зь лістом па памілваньне да Лукашэнкі. Не прасіў у у таго міласьці. Гэта падцьвярджае і жонка Старавойтава Вялянціна. "Васіль Канстанцінавіч ня лічыць сябе вінаватым і зьбіраецца абскарджваць прысуд" - паведаміла Валянціна Старавойтава.

Вось толькі ці ня будзе такі крок запозньненым, калі прысуд ужо ўступіў у сілу? Адвакат кажа, што закон дазваляе абскарджаньне прысуду і пасьля ягонага ўступленьня ў сілу. Але - толькі пасьля пераводу Старавойтава з ізалятару ў калёнію можна распачаць працэдуру датэрміновага вызваленьня. Падставы дзеля гэтага ў кіраўніка менскай калёніі ёсьць: Старавойтаў адбыў у няволі дзьве траціны тэрміну, ён хворы і стары, што таксама ўлічваецца.

Дарэчы, менская калёнія УЖ 15-1 - тая самая, дзе адбываў пакараньне "маладафронтавец" Аляксей Шыдлоўскі, і дзе цяпер знаходзіцца дэпутат Уладзімер Кудзінаў. Сярод спэцыялістаў калёнія мае рэпутацыю даволі лібэральнай установы, патрапіць у якую мараць вязьні зь іншых мейсцаў зьняволеньня Беларусі.

XS
SM
MD
LG