Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 чэрвеня 1999 г.


Сёньня маці зьняволенага Івана Фаміна ўведала, што ейны сын ўчора ўвечары быў расстраляны.

Радыё "Свабода" ўжо паведамляла пра асобаў, якія асуджаныя да сьмяротнага пакараньня - растрэлу. Пры дасьледваньні іхных справаў былі выяўленыя парушэньні з боку сьледства, а таксама адcутнасьць бясспрэчных доказаў віны тых, хто асуджаны за забойствы.

Нагаддаем прозьвішчы гэтых асобаў. Іван Фамін быў асуджаны Менскім абласным судом да выключнай меры пакараньня - расстрэлу. Пагрозамі і шантажом (ёсьць доказы гэтага) яго прымусілі узяць на сябе віну за два забойствы. Экспэртыза ня выявіла крыві забітых на вопратцы і рэчах Івана Фаміна, у той час як на рэчах падзельнікаў яна прысутнічала. Не праводзіліся сьледчыя экспэрымэнты. Не апрошваліся сьведкі. Пад час сьледчых дзеяньняў Івана Фаміна жорстка катавалі.

Справу Праціраева Сяргея вяла пракуратура Жлобіна. Адвакаты і гарадзкой калегіі Жлобіна, і Гомельскай абласной калегіі абураныя грубай падробкай сьледчых матэрыялаў, а таксама грубымі парушэньнямі нормаў крымінальна-працэсуальнага кодэксу.

Склярэнка Ігар быў асуджаны паводле так званай "сьветлагорскай справы". Былі груба парушаныя прэзумпцыя невінаватасьці, права на абарону. Ёсьць сьведкі, якія сьцьвярджаюць, што ў момант забойства Ігар не знаходзіўся ў Сьветлагорску, месцы злачынства, а быў у Жлобіне. Суд гэтага не прыняў да ўвагі.

Справу Глушонка Міхася вяла пракуратура Чэрвеня. Глушонак быў наркаманам зь пяцігадовым стажам. І гэтым скарысталася сьледства. Да яго былі ўжытыя катаваньні. У выніку ён напісаў прызнаньне. Суд не зьвярнуў увагу на ягоную заяву аб гэтым.

Бандарэнка Зьміцер быў асуджаны Менскім раённым судом. У справе ёсьць ліст ад "падзельніка", які распавёў, што сам зьдзейсьніў забойствы. Матэрыялы сьледчага экспэрымэнту таксама пацьвердзілі гэта.

Забабурын Сяргей быў асуджаны Віцебскім абласным судом да расстрэлу. Ягоны падзельнік Капусьцін напісаў заяву, у якой паведаміў, што сам зьдзейсьніў абодва забойствы, а на сьледстве ў судзе агаварыў Забабурына, таму што баяўся адзін несьці адказнасьць. Забабурын сваю віну не прызнаў. Прысуд не зьмянілі.

Усім гэтым асуджаным у сярэднім па дваццаць гадоў. Мы распавядалі раней аб зьдзеках над імі і невыносных умовах утрыманьня ў камэрах сьмяротнікаў. Паколькі адвакаты прайшлі ўсе судовыя і пракурорскія інстанцыі, зь леташняй восені за справу ўзяліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі - "Amnesty International", " Human Right Watch", Міжнародная Гельсынская арганізацыя, а таксама прадстаўнікі каталіцкай і ўніяцкай цэркваў. Яны разаслалі факсы прэзыдэнту, генэральнаму пракурору, старшыні Вярхоўнага Суду, старшыні камітэту ў справах памілваньня, у камітэт дзяржбясьпекі з просьбай перагледзець справы. Толькі праваслаўная царква адмовілася дапамагчы спыніць расстрэлы. За гэты час так і не дачакаліся перагляду справы Вушонак Міхась, Шклярэнка Ігар, Працірай Сяргей.

Старшыня камісіі ў справах памілваньняў адказаў, што сьмерць гэтых хлопцаў ён успрыняў з пачуцьцём глыбокага задавальненьня, і можа жыць з пачуцьцём выкананага абавязку.

Учора маці Сяргея Забабурына іІвана Фаміна былі на прыёме ў віцэ-сьпікера так званага "нацыянальнага сходу" Канаплёва, які запэўніў іх, што нешта зробіць у справе іхніх дзяцей.

Сёньня маці Івана Фаміна прыйшла на спатканьне з сынам у СІЗА. Ёй паведамілі, што спатканьня — ня будзе. Учора ўвечары сына расстралялі.

Любоў Лунёва, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG