Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 чэрвеня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Галоўнакамандуючы войскамі НАТО генерал Уэсьлі Кларк заявіў, хто высадка міратворчых войскаў альянсу у Косаве мусіць быць паскораная.

Тым часам за першы пасьляваенны тыдзень у Косава з суседніх краінаў вярнулася ўжо адна пятая частка ўсіх альбанскіх уцекачоў. Нават звыш тысячы сэрбаў, негледзячы на пяпярэджаньні аб небясьпецы, вярнуліся ў свае дамы.

Прысутнасьць натаўскіх войскаў у Косаве становіцца ўсё больш бачнай у асноўных гарадах і асабліва ў сталіцы Прышціне. Але ў вёсках і мястэчках, якія па-ранейшаму церпяць ад рэзкага процістаяньня паміж касаварамі і мясцовымі сэрбамі, хіба толькі выпадкова можна ўбачыць патрулі міратворцаў.

Галоўнакамандуючы войскамі НАТО амерыканскі генерал Уэсьлі Кларк выказаў меркаваньне, што заплянаванай колькасьці міратворцаў у Косаве — 50 тысячаў — можа быць недастаткова. На цяперашні момант НАТАўскія сілы ў Косаве ўключаюць 19500 вайскоўцаў, і гэтая лічба ўзрастае прыблізна на тысячу кожны дзень. Кларк сказаў, што ў Косаве хапае мейсца для большага кантынгенту, але ён падкрэсліў, што пакуль што прыярытэтам зьяўляецца высадка заплянаванай лічбы вайскоўцаў.

Агенства ААН у справах уцекачоў папярэдзіла сэрбаў, якія пакінулі Косава, што іхняе вяртаньне пакуль не можа быць бясьпечным. Паола Гедыні, прэсавы сакратар агенства, сказала: "Сытуацыя ўнутры Косава застаецца вельмі напружанай. Пакуль цяжка сказаць, што хто-небудзь, сэрбы альбо этнічныя альбанцы, могуць бясьпечна вярнуцца, і гэта павінен разумець югаслаўсукі ўрад". У некаторых гарадах, дзе высадзіліся міратворцы НАТО, працягваюцца выпадкі, калі альбанцы рабуюць і спальваюць пустючыя дамы сэрбаў.

У горадзе Мітровіса, сэрбы дэкляравалі гэтак званую "сэрбскую зону" ад гэтага горада на поўначы Косава да мяжы з Сэрбіяй і заблякавалі спробы альбанцаў вярнуцца тут у свае дамы. Французскія міратворцы пакуль няздольныя разрадзіць гэтую сытуацыю. Іхнія камандзіры прызналі, што яны аслабленыя той акалічнасьцю, што ўвесь асабовы склад кантынгенту дасюль не прыбыў у Косава. Пардстаўнік міратворчага кантынгенту Ян Юстэн на сёняшняй прэс-канферэнцыі распавёў пра адзін з інцыдэнтаў, што адбыўся ў Мітровіцы.

(Ян Юстэн: ) "Сёньня раніцай, у Мітровіца, уззброены сэрб уварваўся ў дом этнічных альбанцаў. Жыхары дому ўцяклі, і зьвярнуліся да французскага патрулю. Калі патруль наблізіўся да дому, тэрарыст адкрыў агонь. Патруль таксама выкарыстаў зброю, пранік у дом і арыштаваў тэрарыста. Ахвяраў не было. Тэрарыст знаходзіцца пад вартай, пачалося дасьследваньне інцыдэнту. Кіраўнік міратворчых сілаў генерал Джэксан зрабіў зразумелым, што сілы КФОР і далей будуць дзейнічаць трывала, каб абараняць усё насельніцтва ад актаў запалохваньня і крыміналу, гэта дакладна тое, што зрабілі французскія салдаты".

Югаслаўскія ўлады паведамілі ААН, што 1200 сэрбаў ужо вярнуліся ў Косава. Усяго ж пасьля заканчэньня бамбаваньня каля 200 тысячаў сэрбаў уцяклі з правінцыі, баючыся помсты альбанцаў. Многія сэрбы на павозках і аўтамабілях згрупаваліся каля мяжы з Косава, жадаючы вярнуцца ў свае мясьціны, але асьцерагаючыся за сваю бясьпеку. Зьявіліся дапушчэньні, нібыта югаслаўскія вайскоўцы прымушаюць косаўскіх сэрбаў вяртацца дадому. Але сьведкі, як піша газэта Чыкага трыбьюн, сцьвярджаюць, што югаслаўская армія не аказвае ніякага ціску ў гэтым пытаньні.

Тым часам надзвычай актыўна вяртаюцца ў Косава альбанскія ўцекачы. Агенства ААН у справах уцекачоў спадзявалася, што каля 400 тысячаў этнічных альбанцаў вярнуцца ў Косава ў першыя тры месяцы пасьля заканчэньня вайны, — сказала прэсавы сакратар агенства Паола Гедыні. - але толькі за адзін тыдзень гэтая лічба дасягнула 200 тысячаў. Гэта амаль чвэрць ад тых 850 тысячаў, якія, паводле ацэнак, былі змушаныя ўцячы з Косава ў суседнія краіны. Аднак колькасьць альбанскіх уцекачоў, якія прыбываюць у Косаве, расьце ў геаметрычнай прагрэсіі. Як прызнала Гудыні, гэта спантаны парыў, арганізаваны самімі ўцекачамі.

Гедыні дадала, што для агенства ААН па справах уцекачоў зараз найбольшым прыярытэтат зьяўляюцца тыя паўмільёны касавараў, якія пакінулі родныя мясьціны ўнутры самога Косава. Многія з іх маюць вельмі абмежаваны доступ да ежы, вады і прытулку на працягу месяцаў, і знаходзяцца ў яшчэ больш адчайных абставінах, чым уцекачы за межамі правінцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG