Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 чэрвеня 1999 г.


Сяргей Шупа, Прага

Прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл плянуе наведаць Косава, праўда, дакладная дата візыту пакуль яшчэ ня вызначаная. Рыхтуючыся да гэтага візыту прэзыдэнт Гавэл даў інтэрвію нашаму радыё.

У гутарцы з журналістам нашага радыё Вацлаў Гавэл выказаў меркаваньне, што наўрад ці можна спадзявацца на ўсталяваньне міру на Балканах, пакуль пасаду прэзыдэнта Югаславіі будзе займаць Слабадан Мілошавіч. Паводле Гаўла, Мілошавіч нясе адказнасьць за некалькі балканскіх войнаў, што адбыліся на працягу аднаго дзесяцігодзьдзя і спрычынылі сьмерць сотняў тысячаў чалавек.

(Гавэл:) «Я баюся, што пакуль Мілошавіч будзе заставацца пры ўладзе, будзе вяльмі цяжка пабудаваць трывалы мір, які б грунтаваўся на справядлівасьці і грамадзянскім суіснаваньні. Тым больш што ён абвінавачваецца Міжнародным трыбуналам у справе ваенных злачынстваў у Югаславіі - аб'ектыўным судовым ворганам, створаным Арганізацыяй Аб'яднаных Нацыяў на падставе пастановы Рады Бясьпекі з поўнай згодай расеі і Кітаю».

Гавэл таксама выказаў падтрымку паветраным ударам НАТО для спыненьня тэрору сэрбскіх вайсковых і ваенізаваных фармаваньняў супраць альбанскай большасьці ў Косаве. Паветраныя ўдары НАТО былі афіцыйна спыненыя на мінулым тыдні, калі край пакінулі апошнія сэрбскія вайскоўцы.

(Гавэл:) «На жаль, такі ўжо сьвет і такія ўжо людзі, што са злом трэба змагацца агнём і мячом - злу трэба супрацьстаўляць сілу. Вось чаму ўсе краіны сьвету апрача Коста-Рыкі маюць сваё войска. Так ужо зладжаны наш сьвет, і ў выпадку Косава большае зло было пераможанае адносна меншым злом. Ніхто з крытыкаў паветраных удараў НАТО не прапанаваў лепшага рашэньня».

Гавэл выказаў шкадаваньне з прычыны таго, што ў выніку натаўскага бамбаваньня загінулі і цывільныя асобы, аднак ён зазначыў, што колькасьць гэтых выпадкаў была даволі абмежаваная:

(Гавэл:) «Натаўская авіяцыя зрабіла тысячы баявых вылетаў і нанесла ўдары па некаторых цывільных аб'ектах, забіўшы бязьвінных мірных жыхароў - усе шкадуюць аб гэтым. Аднак, дзякуючы сучаснай тэхналёгіі, колькасьць цывільных ахвяраў была адносна малая ў параўнаньні зь іншымі войнамі».

І ўсё ж, на думку чэскага прэзыдэнта, паўночнаатлянтычны блёк мусіў лепш сплянаваць сваю ваенную апэрацыю. Гавэл сказаў, што сам падзяляе частку віны за памылкі апэрацыі.

Урэшце, Гавэл адкінуў аргумэнты тых, хто цьвердзіць, што ня варта было ўжываць супраць Югаславіі паветраныя ўдары, бо міжнародная супольнасьць прызнае Косава часткай Югаславіі:

(Гавэл:) «Я непахісна веру ў тое, што правы чалавека стаяць вышэй за дзяржаўны сувэрэнітэт. Чалавек - гэта Божае стварэньне, якое існуе на Зямлі ўжо дзясяткі тысячаў гадоў. Дзяржава - гэта стварэньне чалавека, гэта адміністрацыйная структура, якая ў цяперашняй форме існуе некалькі сотняў гадоў. Напэўна ў будучыні, у наступным тысячагодзьдзі, пры глябальным характары нашай цывілізацыі і пры іншых фактарах і пагрозах, значэньне чалавека і ягоных правоў яшчэ больш вырасьце ў параўнаньні з значэньнем дзяржавы».

Вацлаў Гавэл прадказаў, што «шмат якія функцыі, якія сёньня выконвае дзяржава, у будучыні будуць выконвацца на ніжэйшым узроўні рознымі грамадзянскімі групамі». А іншыя ўладныя атрыбуты «стануцца функцыямі вышэйшых, наднацыянальных або міжрэгіянальных структураў». У якасьці прыкладу ёб падаў Эўрапейскі Зьвяз.

Гаворачы пра міжнародныя намаганьні ў адбудове эканомікі Балканскага рэгіёну, Гавэл вітаў пляны правядзеньня сэрыі канфэрэнцыяў на гэтую тэму. Ён сказаў, што першая такая канфэрэнцыя - якая мае адбыцца ў наступным месяцы ў Сараеве - магла б пазначыць пачатак стабільнага міру і мірнага суіснаваньня этнічных супольнасьцяў былой Югаславіі.

Вацлаў Гавэл лічыць, што перад міжнароднай супольнасьцю ў Косаве цяпер стаіць цяжкая задача - разарваць няспынны ланцуг гвалту, помсты і адказу на помсту. НАТО мусіць зрабіць усё магчымае, каб выклікаць павагу да міжнароднай цывільнай адміністрацыі, якая будзе ўсталяваная ў краі, каб тамтэйшыя людзі адчувалі давер да новых сілаў аховы закону й парадку. Гэта, на думку Гаўла, дазволіла б этнічным сэрбам, якія сёньня ўцякаюць з Косава, вярнуцца дадому - так, як цяпер вяртаюцца дадому косаўскія альбанцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG