Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 чэрвеня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Слуцк

Судьдзя Слуцкага гарадскога суду Сьвятлана Пастухова, якая разглядала адміністрацыйную справу аб прыцягненьні да адказнасьці старшыні тамтэйшага клюбу выбаршчыкаў Аляксандра Катлярова, апраўдала яго.

Сьвятлана Пастухова не знайшла складу адміністрацыйнага правапарушэньня ў тым, што Аляксандар Катляроў на момант міліцэйскага ператрусу ў адзін з красавіцкіх дзён меў пры сабе чыстыя блянкі дзеля вылучэньня Міхаіла Чыгіра кандыдатам у прэзыдэнты ды іншую падобнага кшталту друкаваную прадукцыю.

Тым ня менш, адказваючы пасьля суду на пытаньне карэспандэнта радыё "Свабода", сп. Пастухова заўважыла, што не выключае пратэсту на ейнае рашэньне з боку міжрайпракуратуры.

У гутарцы са мной спадар Катляроў назваў вырак Сьвятланы Пастуховай "грамадзянскім учынкам" на фоне палітызацыі мясцовых судоў, пракуратуры , міліцыі і ўправы КГБ.

Зараз, напрыклад, памочнік пракурора Юры Хадаровіч распачаў папярэдняе расьсьледваньне ў так званай "справе аб віншаваньнях". Рэч у тым, што напярэдадні нядаўніх народзінаў Міхаіла Чыгіра 200 слуцакоў, паводле закліку каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў Случчыны, накіравалі Міхаілу Чыгіру свае пісьмовыя віншаваньні ў вязьніцу на Валадарку. Гэта адбылося 22-23 травеня. А праз колькі дзён асобныя паштоўкі вярнуліся назад, у Слуцк, а больш дакладна - у міжрайпракуратуру. Памочнік пракурора Юры Хадаровіч распачаў пошук тых адрасантаў, якія ня толькі віншавалі юбіляра, але пры гэтым напісалі і колькі непрыемных фразаў аб характэрных асаблівасьцях беларускай улады.

Вось як адбываўся, напрыклад, допыт сябра БНФ Валерыя Плявакі. Пра гэта распавядае старшыня каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў Случчыны Аляксандар Катляроў.

(Катляроў: ) "Задавалі яму пытаньні, удакладнялі, што адначае "чырвона-карычневая чума". Ён, як мог, адказаў, яны запісалі і далі яму расьпісацца".

Паводле Аляксандра Катлярова, зараз Юры Хадаровіч па ўсім Слуцку шукае ананімнага віншавальніка, які у сваі вітаньні да Міхаіла Чыгіра ўзгадаў пра лукашызм, што "будзе абавязкова пераможаны".

Мэтады барацьбы ў слуцкіх уладаў рознага кшталту. Як паведаміла старшыня раённай філіі АГП, настаўніца школы з пасёлку Лежы Зінаіда Цімошык, тут адбылася расправа з тымі ейнымі землякамі, якія яшчэ ў красавіку запатрабавалі праз газэту "Народная воля" вызваленьня з турмы Міхаіла Чыгіра. Так, ужо звольнены з працы Мікола Сьмірноў, кіроўца аўтамабілю ў саўгасе "Слуцк". У выніку дробязных чапляньняў начальства штраф 20 мільёнаў рублёў атрымала загадчыца вясковай крамы Лідзія Барысік. Яшчэ ў аднаго падпісанта, спадара Кавалёва, адмысловая праверка знайшла парушэньне пашпартнага рэжыму і аштрафавала яго на 10 мільёнаў рублёў. Перажыла праверку і сама Зінаіда Цімошык.

(Цімошык: ) "Да мяне прыязжалі ў школу прадстаўнікі дзяржбясьпекі, распытвалі, ці кажу я пра палітыку на ўроках".

XS
SM
MD
LG