Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 чэрвеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сеньня ў месцы паседжаньня дэпутатаў Вярхоўнага Савету Х111 скліканьня шукалі бомбу, а самі дэпутаты дэманстравалі навыкі канспірацыі. А 12 гадзіне 38 дэпутатаў Вярхоўнага Савету сабраліся ва ўмоўленым месцы каля менскага гатэлю "Юбілейны". Іх сустрэлі ўзброеныя сілы АМАПу на трох аўтобусах.

Дэпутаты на таксоўках накіраваліся ў цэнтр Менску, на вуоіцу Захарава, 31. У рэстарацыю "Маладзік". А 13 гадзіне туды ж пад'ехалі чатыры АМАПаўцы з аўтаматамі, якія, аднак, не перашкодзілі сьпікеру Сямёну Шарэцкаму распачаць закрытае ад прэсы паседжаньне ў зале рэстарацыі. А першай гадзіне ля рэстарацыі з'явіліся сапёры, а афіцэр аддзелу абароны насельніцтва Менску Аляксандар Дзегцяроў абвесьціў: "У зале рэстарацыі знаходзіцца бомба. Ананімнае тэлефанаваньне паступіла дзяжурнаму праз нумар 02". Дэпутаты адмовіліся пакінуць памяшканьне, але калі ля будынку з'явіліся дадатковыя сілы АМАПу, якія ачапілі памяшканьне, дэпутаты выйшлі на вуліцу. Раззлаваны старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі заявіў:

(Шарэцкі: ) "Гісторыя з бомбай запланаваная нашмат раней, і гэта характарызуе той рэжым, які ў нас усталяваўся. Такое супадзеньне - 58 гадоў таму пачалася вайна, і пяць гадоў таму, менавіта ў гэтыя дні, прыйшоў да ўлады той чалавек, які сваім кумірам абраў таго, хто разьвязаў Вялікую айчыную вайну 58 гадоў таму".

Сямён Шарэцкі вырашыў працягваць паседжаньне Вярхоўнага Савету, стоячы на вуліцы ў дворыку рэстарацыі. Пад аб'ектывамі тэлекамэраў дэпутаты прынялі зварот да Лукашэнкі і ўраду, у якім нагадалі прэзыдэнту Лукашэнкі, што "улады звыш усталяваных Канстытуцыяй тэрмінаў кваліфікуецца як дзяржаўнае злачынства, якое можа прывесьці да масавага грамадзянскага непадпарадкаваньня уладам, якія згубілі сваю легітымнасьць".

Выхад з тупіковай сытуацыі дэпутаты ўбачылі, як сказана ў звароце, у неадкладным распачынаньні перамоваў з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Заўважу, што ў першай рэдакцыі звароту гэтай прапановы не было. Яе ўнёс дэпутат Аляксандар Дабравольскі.

(Дабравольскі: ) "Сэнс у тым, што паколькі ўлада завяла краіну ў тупік канстытуцыйны, ды і ня толькі канстытуцыйны, адзіным выйсьцем без прымяненьня сілы могуць быць толькі перамовы пра тэрміны і парадак правядзеньня дэмакратычных і вольных выбараў".

На выпадак, каля Лукашэнка не пагодзіцца на перамовы, дэпутаты нагадалі яму, што "аўтарытэтныя эўрапейскія структуры - Рада Эўропы і парляманцкая асамблея Эўраатлантычнай асацыяцыі, а таксама Дзярждэпартамант ЗША афіцыйна заявілі, што ня могуць лічыць цяперашняга прэзыдэнта дэмакратычна абраным кіраўніком дзяржавы". Гэтымі радкамі, дарэчы, і пачынаецца зварот.

Яшчэ да "эвакуацыі" дэпутаты пасьпелі заслухаць выканаўцу абавязкаў старшыні міжнароднай камісіі Вярхоўнага Савету Анатоля Лябедзьку. Ён, у прыватнасьці, даводзіў да дэпутатаў стаўленьне заходніх структураў да даты 20 ліпеня. Нашаму радыё спадар Лябедзька заявіў:

(Лябедзька: ) "20 ліпеня - гэта дата, на якую Вярхоўны Савет павінен рэагаваць. У сувязі з гэтай датай для нас самай галоўнай з'яўляецца парляманцкая асамблеяАБСЭ ў Санкт-Пецярбургу. На 6 і 10 ліпеня беларускае пытаньне будзе ў павестцы дня. Мы прапануем замацаваць тое, што ўжо было прынята на ўзроўні рэзалюцыі Паўночна-атлянтычнай асамблеі. Па-першае, фіксуецца факт заканчэньня паўнамоцтваў беларускага прэзыдэнта 20 ліпеня, а па- другое, замацуецца новы фармат, што Лукашэнка ня можа лічыцца дэмакратычна абраным кіраўніком дзяржавы пасьля 20 ліпеня. Натуральна, такі фармат азначае, што зь дзяржавай не перапыняюцца дыпляматычныя стасункі, але разам з тым гэта вельмі такі трывожны сымптом для кіраўніцтва. Ён азначае, што калі ня будзе разабраны гэты завал, то ніякага "зялёнага сьвятла" для Беларусі ня будзе - ні ў Радзе Эўропы, ні ў ратыфікацыі пагадненьня з ЭС, і гэтак далей".

А 15 гадзіне дэпутаты завершылі сваё паседжаньне фактыычна на вуліцы, і мірна разышліся. Жыхары кватэраў, што месьцяцца адразу над рэстарацыяй "Маладзік", флегматычна назіралі з вокнаў за працай сапёраў, якія настойліва працягвалі шукаць бомбу. На пытаньне "Чаму вас не эвакуююць?" яны адказалі - "Мы для прэзыдэнта небясьпекі не ўяўляем".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG