Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 22 чэрвеня 1999 г.


Пасьля заканчэньня ваенных дзеяньняў у Косаве на першы плян выходзяць праблемы пасьляваеннага палітычнага ўладкаваньня Югаславіі. У той час, калі прэзыдэнт Клінтан заклікае сэрбаў адхіліць Слабадана Мілошавіча ад улады, некаторыя заходнія аналітыкі заяўляюць, што ў сёньняшніх рэаліях сувэрэнітэт ня можа зьяўляцца апраўданьнем для тыраніі.

Апошнімі днямі лідэры вядучых заходніх дзяржаваў зрабілі вельмі істотныя і ў пэўным сэнсе вызначальныя заявы. Бадай, упершыню ў гісторыі Эўропы пасьляваеннага пэрыяду кіраўнікі адных краінаў заклікалі да зьвяржэньня прэзыдэнта іншай сувэрэннай краіны. У гэтай сувязі аналітыкі адзначаюць, што ў канцы XX стагодзьдзя карэнным чынам мяняецца само паняцьце нацыянальнага сувэрэнітэту, які больш ня можа быць зручнай шырмай для бязьмежнай дэспатыі.

Прэзыдэнт Клінтан заклікаў у панядзелак сэрбаў «адмовцца ад сьмертаноснае ўлады» Слабадана Мілошавіча і ўзяць заможную Славенію за мадэль таго, якімі могуць быць Балканы. Знаходзячыся ў сталіцы Славеніі Любляне ўсяго за 187 кілямэтраў ад Бялграду, Клінтан назваў Славенію выдатным кандыдатам на ўступленьне ў НАТО.

«Мы хочам, каб Сэрбія стала часткай новай Эўропы, але Сэрбія мусіць адхіліць забойчую ўладу Мілошавіча і выбраць дарогу, якую выбрала Славенія, дзе людзі перайшлі праз старыя разьдзелы, і знайшлі сілу ў сваіх адрозьненьнях», — сказаў прэзыдэнт ЗША. Клінтан стаў першым амэрыканскім прэзыдэнтам, які наведаў краіну Паўднёва-Ўсходняй Эўропы. І менавіта тут, у Славеніі, якая першая з былых югаслаўскіх рэспублік атрымала незалежнасьць у чэрвені 1990 году, прэзыдэнт ЗША зрабіў сваю заяву пра Мілошавіча.

(Клінтан:) «Ад імя ўсіх амэрыканцаў я хачу выказаць удзячнасьць народу Альбаніі за сьмелыя крокі, зробленыя для міру, цярпімасьці і свабоды ў Паўднёва-Ўсходняй Эўропе.

Калі гэтай вясной сп. Мілошавіч пачаў сваю крывавую кампанію этнічных чыстак у Косаве, ніякая краіна не ўзяла на сябе такую ношу, як Альбанія, ніякая краіна не дапамагла столькім людзям выжыць.

Вы адчынілі свае сэрцы і дамы для больш як 300 тысячаў ахвяраў этнічных чыстак, даўшы ім прытулак, ежу і надзею, хоць ваша ўласная краіна дагэтуль сама стаіць перад надзвычайнымі праблемамі. Я ўдзячныы за ўсё, што вы зрабілі, і ўсё, што мы зробім разам на месяцы і гады наперад».

Раней учора яшчэ больш рэзкае выказваньне прагучала з вуснаў брытанскага прэм'ера Тоні Блэйра. «Сэрбскі народ мае адказнасьць за тое, каб зрабіць Мілошавіча адказным за свае злачынствы», — сказаў Блэйр. «Сэрбскія людзі ня могуць так проста выйсьці з гэтай сытуацыі. Факты, якія мы ведаем цяпер, у тым, што ўзброеныя людзі забілі тысячы невінаватых людзей у Косаве. Мы ні ў якім разе ня можам даваць грошы Сэрбіі, пакуль яна ня стане дэмакратычнай». Блэйр — першы заходні лідэр, які публічна загаварыў ня толькі пра адказнасьць Мілошавіча, але і ўсяго сэрбскага народу.

Праблемам пасьляваеннага ўладкаваньня Югаславіі і балянсу паняцьцяў «сувэрэнітэт» і «правы чалавека» прысьвечаны сёньняшні камэнтар газэты Wall Street Journal. Захад павінен навучыцца папярэджваць магчымыя наступныя крызысы, — піша Дэвід Філіпс, выканаўчы дырэктар Праграмы вырашэньня канфліктаў Калумбійскага ўнівэрсытэту. Абвінавачваньне, высунутае Мілошавічу, а таксама праца трыбуналаў для Руанды і былой Югаславіі, і стварэньне Міжнароднага крымінальнага суду — усё гэта вядзе да прызнаньня таго, што зьверствы і масавыя парушэньні правоў чалавека зьяўляюцца ня толькі справай той краіны, дзе яны адбыліся. У XXI стагодзьдзі новая дактрына прэвэнтыўнай дыпляматыі будзе патрабаваць балянсу паміж правамі сувэрэнных дзяржаваў і правамі чалавека для грамадзянаў гэтых дзяржаваў. Больш таго, калі махлярскія рэжымы становяцца пагрозай ня толькі для сваіх суседзяў, але і для сваіх жыхароў, само права такіх рэжымаў на існаваньне можа быць пастаўленае пад сумненьне. Рэпрэсіўныя рэжымы ня могуць больш хавацца за Статут ААН, сувэрэнітэт — не апраўданьне для тыраніі, піша ўплывовы аналітык Дэвід Філіпс. І гэтыя словы могуць гучаць папярэджаньнем для кожнага з дыктатарскіх рэжымаў у сьвеце, якія прыкрываюць свае злачынствы сваім сувэрэнітэтам і легітымнасьцю.

У некаторых выпадках, як у Югаславіі, паводзіны дзяржавы могуць быць настолькі абуральнымі, што краіна пачынае губляць сваю легітымнасьць як палітычная адзінка. Часам дзяржава можа вылячыць сябе шляхам унутраных патрабаваньняў дэмакратызацыі. Але гэта можа і ня здарыцца, як у Югаславіі, і тады краіна пачынае развальвацца сама. Калі падобная рэканструкцыя пачынае адбывацца, міжнародная супольнасьць ня мусіць працівіцца распаду. Альтэрнатывай часам могуць быць толькі яшчэ больш гвалтоўныя канвульсіі. Наадварот, міжнародная супольнасьць мае адказнасьць заступіць і правесьці дэканструкцыю разваленай дзяржавы ў спадзяваньні, што павінен зьявіцца больш мяккі рэжым.

Шмат сёньняшніх гарачых кропак маюць агульную характарыстыку. Гэта канфлікты ўнутры адной дзяржавы, куды ўцягнутыя прыгнечаныя нацыі, якія адстойваюць сваю ідэнтычнасьць, супраціўляючыся панаваньню большасьці, — піша Wall Street Journa. У такім выпадку, як Югаславія, міжнародныя структуры абавязаныя зрабіць крокі, якія абмяжуюць нестабільнасьць, бязладзьдзе і канфлікт. Неадкладная гуманітарная дапамога можа стабілізаваць сытуацыю, але гарантыі бясьпекі таксама важныя для стварэньня ўмоваў для эканамічнай рэканструкцыі і зьяўленьня нармальнай улады.

У канцы самага крывавага стагодзьдзя ў гісторыі чалавецтв, вялікія дзяржавы мусяць прыняць прынцыповую пазыцыю ў падтрымцы дэмакратыі і самавызначэньня, — падрэслівае ў канцы артыкула Дэвід Філіпс, выканаўчы дырэктар Праграмы вырашэньня канфліктаў Калумбійскага ўнівэрсытэту. Эфэктыўная палітыка прэвентыўнай дыпляматыі не павінна пакінуцьць ніякага сховішча для жульніцкіх рэжымаў. Няздольнасьць кіраваць дэканструкцыяй дэспатычных дзяржаваў можа прывесьці толькі да новых канфліктаў, яшчэ больш ганебных за косаўскі.

XS
SM
MD
LG