Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 чэрвеня 1999 г.


Аляксандар Лукашук, Прага

Расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын перадаў Білу Клінтану 80 тэчак копіяў архіўнай справы КГБ на Лі Гарві Освальда, меркаванага забойцу прэзыдэнта Джона Кенэдзі. Справы былі перададзеныя падчас сустрэчы кіраўнікоў Вялікай Сямёркі і Расеі ў Кёльне ў нядзелю.

Барыс Ельцын зрабіў тое, што некалі не зрабіў Станіслаў Шушкевіч: ён перадаў Білу Клінтану, які некалі сустракаўся з Джонам Кенэдзі, дакумэнты КГБ пра Освальда. Нагадаю, Освальд у 1958 годзе папрасіў прытулку ў Маскве, савецкага грамадзянства яму не далі, але накіравалі на жыцьцё далей ад сталіцы — у Менск. Тут ён атрымаў кватэру ў доме над Сьвіслаччу, насупраць музэя першага зьезду РСДРП, тут па суседзтву працаваў на радыёзаводзе, тут ажаніўся, і адсюль у 1962 годзе адбыў дахаты ў Амэрыку. Пройдзе крыху больш за год — і, паводле меркаваньня ўсіх аўтарытэтных дасьледчыкаў і гісторыкаў, менавіта куля Освальда абарве жыцьцё 35-га прэзыдэнта ЗША.

Увесь гэты час за Освальдам пільнаваў КГБ. Пяць тоўстых тамоў з апэратыўнымі паведамленьнямі, запісамі падслуханых размоваў на кухні, у ложку з жонкай, справаздачаў агентаў вонкавага назіраньня пасьля ад'езду Освальда таксама ад'ехалі — зь Менску ў Маскву. Яны заставаліся там аж да канца 80-х, пакуль ня ўзьнікла пагроза, што на хвалі гарбачоўскай галоснасьці і амэрыканска-савецкай любові гэтыя справы ня стануць даступныя дасьледчыкам. Тады з Лубянкі іх пераправілі ў больш надзейнае месца — назад у Менск. Тут яны дачакаліся незалежнасьці, тут іх паказалі дэпутату Вярхоўнага Савету XII скліканьня Сяргею Навумчыку — але працаваць зь імі не далі, пацягнулі час і схавалі. Далей быў перапынак, пакуль у 1993 годзе гэтыя матэрыялы, паводле даволі загадкавых дамоўленасьцяў, не паказалі амэрыканскаму пісьменьніку Норману Мэйлеру. Той уключыў дакумэнты справы ў сваю кнігу «Гісторыя Освальда», якая пабачыла сьвет у 1995 годзе. У нашай праграме гучала інтэрвію з Мэйлерам пра ягоную працу ў Менску, слухачы Свабоды першымі пазнаёміліся з сакрэтнымі матэрыяламі справы Освальда — праўда, у перакладзе з ангельскай на беларускую.

І вось у нядзелю расейскі прэзыдэнт перадаў амэрыканскаму матэрыялы, якія захоўваліся ў Маскве.

Якая была рэакцыя спэцыялістаў? Прафэсар Робэрт Блэйкі, галоўны сьледчы камітэту ў справе забойстваў Палаты Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, заявіў у інтэрвію, што гэтыя дакумэнты могуць уяўляць вялікую цікавасьць. А могуць не ўяўляць ніякай. Ключавым момантам ёсьць інфармацыя наконт намераў Освальда ў месяцы напярэдадні забойства. Справа ў тым, што ў канцы верасьня 1963 году Освальд зьвяртаўся ў амбасады Кубы і Савецкага Саюзу ў сталіцы Мэксыкі. Паводле дадзеных разьведкі, ён паведаміў кубінцаў, што зьбіраецца застрэліць прэзыдэнта і хацеў бы потым атрымаць прытулак у Гаване. У свой час кубінцы выступалі з абвяржэньнем гэтай інфармацыі. Аднак паводле дадзеных разьведкі, сапраўды напярэдадні забойства і адразу пасьля яго паміж дзьвюма амбасадамі адбываліся ажыўленыя зносіны. Магчыма, дакумэнты, перададзеныя з Масквы, праліюць сьвятло на гэтую вэрсію.

Прафэсар Блэйкі адзначыў, што большая частка інфармацыі пра Освальда па-ранейшаму ў руках уладаў Беларусі. На гэты момант невядома, ці перадаў Ельцын таксама і менскую частку справы Освальда Білу Клінтану.

На думку спэцыялістаў, ніякія новыя матэрыялы ня змогуць аспрэчыць той факт, што менавіта Освальд быў забойцам Кенэдзі. Аднак могуць зьявіцца аргумэнты на карысьць таго, дзейнічаў ён адзін ці ў змове, хто яшчэ мог быць замешаны ў гэтай справе.

Перадачу матэрыялаў КГБ амэрыканцам камэнтатары разглядаюць як спробу Расеі зьмякчыць напружаньне ва ўзаемадачыненьнях з ЗША пасьля вайны ў Косаве.

У гэтай сувязі дзьве кароткія заўвагі. Па-першае, такі жэст добрай волі даўно магла зрабіць Беларусь. А канкрэтна — Станіслаў Шушкевіч, якому як старшыні Вярхоўнага Савету падпарадкоўваўся КГБ. Шушкевіч, які, як вядома, вучыў Освальда расейскай мове, нават не згадаў гэтага падчас сустрэчы з Клінтанам і не паспрыяў адкрыцьцю гэтай таямніцы гісторыі. Упушчаныя шанцы наладжваньня асабістых кантактаў з кіраўніком Амэрыкі цяжка пераацаніць. І яшчэ адна заўвага: дзяржаўныя архівы ў Расеі і Беларусі па-ранейшаму даступныя толькі прэзыдэнтам, а дасьледчыкі айчыннай гісторыі могуць даведвацца пра яе толькі з публікацыяў замежнага друку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG