Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 чэрвеня 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Сёньня ў Менску ў рамках публічных лекцыяў у Беларускім Калегіюме адбылася прэзэнтацыя даведніка «Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956-1991: Пэрсанажы і кантэкст». Даведнік выйшаў у грамадзкім Архіве Найноўшай Гісторыі. Наш карэспандэнт гутарыў зь ягоным кіраўніком Алегам Дзярновічам.

Даведнік «Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956-1991» працягвае тэму, распачатую папярэдняй кніжкай архіву — «Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944-1956». Гэтая тэма шырока не вядомых Беларусі і беларусаў, якія ня йшлі ў агульным рэчышчы, што прапануе беларуская савецкая гістарычная навука. Як кажа рэдактар даведніка, дырэктар Архіву Найноўшай Гісторыі Алег Дзярновіч, выданьне закліканае разбурыць у грамадзкай сьвядомасьці стэрэатып адзінадушша ў думках і паводзінах тагачасных беларусаў.

(Дзярновіч:) «Узьнікненьне такога праекту заканамернае, бо гэта гісторыя нашага грамадзтва маладасьледаваная, для многіх людзей такой старонкі гісторыі беларускага грамадзтва, як незалежніцкая грамадзкая актыўнасьць, проста не йснуе. Нараджаюцца стэрэатыпы пра адсутнасьць нейкай грамадзкай актыўнасьці і незалежнага грамадзкага жыцьця ў Беларусі ў тыя гады».

Выхад даведніка, на думку сп. Дзярновіча, актуальны менавіта сёньня, калі на розных узроўнях робяцца спробы рэанімаваць савецкі погляд на савецкі час, калі ў спробах супрацьстаяньня татальнасьці вырасталі парасткі незалежнага беларускага грамадзтва.

(Дзярновіч:) «Ідзе спроба імклівай рэсаветызацыі ва ўсіх сфэрах. У канцэпцыю рэсаветызацыі якраз уваходзіць уяўленьне пра «страчаны рай» — маўляў, усё вартае ўвагі было створана менавіта тады, а вось — як цяпер пішуць — «контаррэвалюцыйны пераварот 1991 году» перакрэсьліў слаўную старонку нашага мінулага. Мы ня столькі палемізуем з такой тэзаю, мы акцэнтуем увагу на крыху іншы бок — на тое, што нават у тыя часы існавалі нейкія жывыя жаданьні, сілы і людзі, якія прагнулі самавыяўленьня і прагнулі свабоды. Дух свабоды мне падаецца вельмі важным якраз у нашыя часы. Наш праект мае і нейкае палітычнае гучаньне. Мы маніфэстуем, што ў беларускім грамадзтве заўжды былі сілы, якія прагнулі свабоды».

Чым ад нас адрозьніваліся тыя людзі, што ўздымалі свой голас супраць уводу войска ў Чэхаславаччыну, стваралі беларускія суполкі, ладзілі несанкцыянаваныя мітынгі, дапытваліся ў КГБ і сядзелі ў псыхушках? Асноўнае іхнае адрозьненьне, на думку рэдактара даведніка, у тым, што...

(Дзярновіч:) «... гэтыя людзі імкнуліся дзейнічаць сыстэмна. Яны безумоўна былі гатовыя да кампрамісу, можа, часам, і ўнутранага кампрамісу, але яны выдатна ўсьведамлялі сваю місію, абавязкі, і ў гэтым сэнсе былі людзьмі кансалідаванымі, чаго, на жаль, якраз не стае ў нашыя часы».

Падобна да першага даведніка, праца над другім была ня менш складаная — перш за ўсё ў пошуку матэрыялаў, асноўнай крыніцай якіх выступаюць архівы Камітэту Дзяржаўнай Бясьпекі. Паводле суразмоўцы, гэтыя архівы ад 1995 году зачыненыя для працы, таму часам складальнікі даведніка карысталіся матэрыяламі з маскоўскіх крыніцаў. Але істотнай перашкодай быў і блёк, штучна створаны ў сьвядомасьці людзей, якіх прасілі падзяліцца ўспамінамі.

(Дзярновіч:) «Калі мы маем справу з такой тэмаю, як супрацьстаяньне татальнасьці, то мы часам маем таксама справу з траўмаванай сьвядомасьцю. Ня ўсе людзі адкрытыя на ўспаміны, ня ўсе людзі гатовыя размаўляць. Многія людзі нам так і заяўлялі, што ў сёньняшніх умовах яны не гатовыя размаўляць на гэтую тэму. Таму я думаю, што выхад нашага даведніка вельмі важны. Гэты даведнік выконвае пэўную функцыю грамадзкай правакацыі».

І гэтай правакацыяй, лічыць Алег Дзярновіч, будзе выкліканьне адваротнай рэакцыі — крытычнай і станоўчай.

Даведнік «Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956-1991» выйшаў пры дапамозе цэнтру KARTA з Варшавы. Ягоны наклад — 1000 асобнікаў. На пытаньне — ці будзе ён каму аддадзены з прэзэнтацыйнай мэтай, сп. Дзярновіч адказаць ня здолеў, сказаўшы, што яго абавязкова атрымаюць тыя, хто дзяліўся сваімі ўспамінамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG