Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 чэрвеня 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Улады абавязалі беларускія банкі сачыць за кліентамі, якія маюць справу з афшорнымі зонамі. Гэткім чынам НацБанк спадзяецца спыніць адток валюты зь Беларусі і супрацьстаяць пасярэднікам.

Нацыянальны Банк Беларусі, спрабуючы спыніць вываз валюты з краіны, увёў жорсткі нагляд за кампаніямі, якія карыстаюцца паслугамі афшорных зонаў. Паводле распараджэньня, падпісанага днямі старшынём НацБанку Пятром Пракаповічам, камэрцыйныя банкі ў далейшым абавязаныя паведамляць пра ўсе выпадкі, калі беларуская фірма пераводзіць валюту на рахункі афшорных кампаніяў.

Дзеля арыентацыі банкірам адначасна накіраваны сьпіс дзяржаваў і тэрыторыяў, дзе, паводле зьвестак НацБанку, разьмешчаныя самыя небясьпечныя для валютных запасаў Беларусі афшорныя зоны. У гэты сьпіс уключана 47 геаграфічных назваў — пераважна невялікіх астраўных дзяржаваў у Ціхім ды Індыйскім акіянах.

Аднак ёсьць у пераліку сярод экзатычных астравоў Францускай Палінэзіі ды Брытанскай Садружнасьці і добра знаёмыя ў Беларусі назвы. Гэта, для прыкладу — Латвійская Рэспубліка, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, адзін з суб'ектаў Расейскай Фэдэрацыі — Ігушэція, Ліванская Рэспубліка, Кіпр. Усе гэтыя краіны займаюць прыкметнае месца ў зьнешнегандлёвых кантактах Беларусі.

Зьяўленьне гэтага распараджэньня НацБанку выклікала заўважную трывогу ў асяродзьдзі прадпрымальнікаў, якія ў зьнешнім гандлі нярэдка карыстаюцца паслугамі пасярэднікаў, зарэгістраваных у афшорных зонах. Гэта зусім ня лічыцца крыміналам — праз афшор зь ягонымі нізкімі падаткамі, як правіла, удаецца хутка і на параўнальна выгадных умовах купіць альбо прадаць тавар. Аднак чыноўнікі, якія прымаюць уладныя рашэньні, кіруюцца зусім іншымі інтарэсамі і матывамі. У сёньняшніх беларускіх умовах, калі разгортваецца санкцыянаваная прэзыдэнтам Лукашэнкам барацьба з пасярэднікамі, увядзеньне гэткага кантролю выглядае зусім лягічным. Увогуле, цяжка ўявіць чыноўніцкую ініцыятыву, накіраваную на згортваньне пасярэдніцкіх апэрацыяў, якая б не была падтрыманая наверсе. Гэтую тэндэнцыю бюракратычны апарат чуйна ўлавіў, і ў далейшым можна чакаць нарастаньне падобных жорсткіх захадаў кантролю.

Іншая справа — ці зьявіцца ад гэтага ў краіне дадатковая валюта. Увесь досьвед папярэдніх гадоў, калі дзяржава ўзмацняла ціск на прадпрымальнікаў і пашырала ўладу чыноўніка, сьведчыць пра адваротнае. У выпадку з афшорам тым беларускім кампаніям, якія не захочуць трапляць пад пільны нагляд НацБанку і Камітэту Дзяржкантролю, давядзецца проста пераарыентавацца на іншыя зоны, якія ня трапілі ў афіцыйны сьпіс. Тым больш, што сьпіс гэты далёка не вычарпальны.

Натуральна, чыноўнікі ўсьлед за гэтым будуць вынаходзіць новыя рычагі кантролю, а прадпрымальнікі — шукаць новыя схемы, якія б дапамаглі гэтага кантролю пазьбегнуць. І барацьбу гэтую наўрад ці можна назваць плённай, бо накіраваная яна не на тое, каб працаваць і зарабляць, а на тое, каб сачыць за тым, каму дастаецца заробленае.

XS
SM
MD
LG