Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 чэрвеня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Днямі Беларускі Гельсынкскі Камітэт атрымаў афіцыйны ліст ад старшыні Кіраўскага райсуду Надзеі Чмары — той самай, якая нядаўна пакарала двума гадамі зьняволеньня старшыню калгаса «Расьсьвет» Васіля Старавойтава. У лісьце Надзея Чмара адмовіла праваабаронцам у атрыманьні копіі судовага прысуду ў справе Старавойтава.

15 чэрвеня кіраўніцтва БГК зьвярнулася да сп-ні Чмары з просьбаю даслаць копію прысуду Васіля Старавойтава, а таксама дазволіць афіцыйным прадстаўнікам Беларускага Гельсынкскага Камітэту Гары Паганяйлуі і Сьвятлане Мартаўскай наведаць вязьня ў бабруйскі сьледчым ізалятары. Літаральна праз тры дні праваабаронцы атрымалі адказ ад гэтай судзьдзі.

Надзея Чмара патлумачыла сябрам Беларускага Гельсынкскага Камітэту, што на падставе некалькіх інструкцыяў і загадаў зь Міністэрства Юстыцыі копіі судовых рашэньняў выдаюцца толькі асуджаным, а таксама апраўданым і пацярпелым: «Копія прысуду асуджанаму Старавойтаву Васілю Канстанцінавічу перададзеная. Калі гэты прысуд уступіць у законную сілу, копіі будуць накіраваныя і іншым адпаведным ворганам».

У сваім лісьце Надзея Чмара таксама сьцьвярджае, што копіі прысудаў грамадзкім арганізацыям не выдаюцца, а спатканьне з асуджаным магчымае толькі для блізкіх і сваякоў — і тое толькі пасьля ўступленьня прысуду ў законную сілу.

Паводле прэсавага сакратара БГК Сьвятланы Мартаўскай, ні жонцы Старавойтава Валянціне, ні дачцэ Тацяне такога спатканьня пакуль не дазволілі. Васіль Старавойтаў па-ранейшаму знаходзіцца ў бабруйскім СІЗО і хутчэй за ўсё ў лягер, дзе ўмовы ўтрыманьня значна лягчэйшыя, будзе пераведзены няхутка. Супраць яго, паводле ініцыятывы той самай судзьдзі Чмары, распачатае новае расьсьледаваньне, і, відаць, пакуль яно не скончыцца, былы старшыня «Расьсьвету» будзе знаходзіцца ў вязьніцы.

Паводле сп-ні Мартаўскай, Старавойтаў цяпер знаходзіцца ў вельмі прыгнечаным псыхалягічным стане і нават адмаўляецца падаваць у суд касацыйную скаргу дзеля перагляду сваёй справы. Паводле прадстаўніцы Гельсынкскага Камітэту, зразумець паводзіны Васіля Канстанцінавіча няцяжка — ён настолькі змардаваны паўтарагадовым сядзеньнем у турме, што ня хоча ніякага працягу сваёй бясконцай і безнадзейнай справы. Таму, як гаворыць Сьвятлана Мартаўская, яны разам з Гары Паганяйлам і хацелі сустрэцца з Васілём Старавойтавым, каб адгаварыць яго ад неабдуманых крокаў. А копія судовага рашэньня патрэбная прадстаўнікам Гельсынкскага Камітэту для перадачы сваім замежным калегам, а таксама для складаньня маніторынгу парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

15 ліпеня БГК разам зь міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Human Rights Watch зьбіраецца арганізаваць у Менску прэзэнтацыю штогадовай справаздачы аб стане правоў чалавека ў нашай краіне. І справа Васіля Старавойтава будзе там фігураваць як адзін з асноўных прыкладаў гвалту над асобаю.

Саму адмову Надзеі Чмары ў просьбе актывістам Гельсынкскага Камітэту Сьвятлана Мартаўская пракамэнтавала коратка: «Як судзіла, так і адказала». Чаго, маўляў, яшчэ чакаць ад гэтага чалавека. Тым ня менш копію прысуду, паводле прэсавага сакратара БГК, праваабаронцы ўсё роўна атрымаюць і зь ім абавязкова азнаёміцца замежная грамадзкасьць.

XS
SM
MD
LG