Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 чэрвеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

На мінулым тыдні старшыня Рады Саюзу Пісьменьнікаў Уладзімер Някляеў вырашыў не вяртацца ў Беларусь і застацца ў Польшчы. Падзея экстраардынарная, але ў нечым і тыповая для пэўнага кола беларускіх інтэлектуалаў.

«Ня можа грэх не прыйсьці ў сьвет, але гора таму, праз каго ён прыходзіць», — сказана ў Пісаньні. Часам менавіта інтэлектуалы памятаюць толькі першую частку гэтай ісьціны. І ня трэба спрашчаць іхнія матывы — не заўсёды рашэньне супрацоўнічаць са злом выклікана проста прагай да прэміяў, пасадаў ды грошай, якія ўладнае зло прапануе. Быць пры ўладзе, выхоўваць яе — спакуса для інтэлектуалаў.

Ёсьць і яшчэ адзін матыў — «Калі зло ня можа не прыйсьці ў сьвет, дык хай прыйдзе празь мяне. Я, узяўшы грэх на душу, зраблю яго меншым, замалю добрымі справамі». У нашым выпадку лёгіка такая: не прыйду я — будзе суцэльны «замяталін», зьнікне слова і нават імя беларускае.

Ёсьць і яшчэ адно. На пачатку 90-х гадоў грузінскі філёзаф Мэраб Мамардашвілі сказаў: «Калі грузінскі народ абярэ прэзыдэнтам Гамсахурдзія, я буду супраць грузінскага народу».

Напярэдадні выбараў 1994 году Някляеў надрукаваў у «Народнай Газэце» артыкул з тлумачэньнем — чаму ён будзе галасаваць за Пазьняка. Але прэзыдэнтам стаў іншы, і беларускі паэт Някляеў ня змог паўтарыць словы Мамардашвілі ў дачыненьні да беларускага народу. Ды ці ён адзіны... Можна згадаць цэлую плойму сёньняшніх апазыцыянераў, якія зусім нядаўна аддана служылі Лукашэнку. Яны што — немаўляты былі? Не разумелі, каму служаць?

Гэта гаворыцца не ў дакор ані ім, ані Някляеву. Але ёсьць нешта хваравітае ў нашым інтэлектуальным асяродку — надта ўжо лёгка нашая інтэлігенцыя падаецца на спакусы ўлады.

Для кагосьці, зразумела, і спакусы няма: служылі камуністам, цяпер служаць Лукашэнку, прыйдзе заўтра Пазьняк або Чыгір — і ім служыць будуць. Гэтыя істоты нават не цікавыя. Але для іншых — гэта маральная рызыка, драма, і Някляеў — адзін зь іх. Чаму? Таму што не ператварыўся ў другога Замяталіна.

У немалой ступені менавіта Някляеў прадухіліў аб'яднаньне Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі з шавіністычным пісьменьніцкім саюзам Расеі. Ягоны подпіс стаіць і пад заявай Рады Саюзу супраць стварэньня адзінай беларуска-расейскай дзяржавы. Так што была нейкая мяжа, якую Някляеў не пераступаў нават у гульнях з уладай. Таму, магчыма, і прайграў гэтую гульню, заблытаўшыся ў цемры бізантыйскіх інтрыгаў, якія заўсёды атачаюць дыктатараў.

Часам кажуць, нібыта старшыня Саюзу Пісьменьнікаў уцёк, ратуючыся ад перасьледу за фінансавыя злоўжываньні ў часопісе «Крыніца». Але гэта — тлумачэньні на паверхні і грунтуюцца яны на неразуменьні сыстэмы кшталту сучаснай беларускай. Калі ты ў ёй, як кажуць, «на кані» — ніякія злоўжываньні, сапраўдныя або не, ня маюць ніякага значэньня. Уся гэтая сыстэма — суцэльнае злоўжываньне. Але вось калі ты падаеш — тады зьяўляюцца і злоўжываньні, і ўсё астатняе.

XS
SM
MD
LG