Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 чэрвеня 1999 г.


Адмыслоўцы ў галіне ядзернай энэргетыкі і апэратары атамных электрастанцыяў зь дзяржаваў былога Ўсходняга блёку сабраліся сёньня ў Вене на канфэрэнцыю. Канфэрэнцыя будзе доўжыцца тыдзень, і прысьвечаная яна праблемам ядзернай бясьпекі.

Заходнія экспэрты ў галіне ядзернай энэргетыкі адзінагалосна сьцьвярджаюць, што бясьпека атамных электрастанцыяў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, а таксама ў постасавецкіх краінах нашмат узрасла ад часоў Чарнобыльскай катастрофы. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі Венскай канфэрэнцыі — а гэта каля 200 адмыслоўцаў АЭС заходне- і ўсходнеэўрапейскіх краінаў. Цяпер у дзяржавах былога Варшаўскага блёку працуе 67 ядзерных рэактараў. У некаторых краінах — як, напрыклад, Баўгарыі альбо Літве — АЭС выпрацоўваюць большую частку ўсёй неабходнай ім энэргіі. Аднак, Чарнобыльская катастрофа ў 1989 годзе спарадзіла сур'ёзныя сумненьні ў бясьпечнасьці выкарыстаньня ядзернай энэргетыкі. Эканамічны крызыс, які апанаваў шмат якія краіны пасьля падзеньня ў 1989 годзе Бэрлінскай сьцяны, яшчэ больш падвысіў рызыку выкарыстаньня АЭС ва ўсходніх краінах. У 1997-ым дзяржавы Вялікай Сямёркі настойліва рэкамэндавалі як мага хутчэй зачыніць 25 найбольш небясьпечных атамных станцыяў — у тым ліку тыя, на якіх выкарыстоўваліся рэактары чарнобыльскага тыпу. Аднак дагэтуль ніводная з гэтых рэкамэндацыяў ня выкананая, а абяцаньні Кіеву зачыніць да 2000 году трэці рэактар Чарнобыльскай АЭС дагэтуль застаюцца толькі добрымі намерамі.

Паводле каардынатара Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША ў галіне ядзернай бясьпекі Кэрал Кесьлер, Захад разумее, што ў асноўным разьвіцьцё атамнай бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе тармозяць эканамічныя цяжкасьці, нягледзячы на 260 мільёнаў экю заходняй дапамогі. Тым ня менш, экспэрты былі ўсьцешаныя прагрэсам у трох асноўных сфэрах: удасканаленьня АЭС, стварэньня мацнейшых незалежных установаў ядзерных дасьледаваньняў, а таксама аналітычных справаздачаў у пытаньні бясьпекі рэактараў. Гаворыць Кэрал Кесьлер.

(Кэсьлер:) «На маю думку — калі казаць у кантэксьце нашай канфэрэнцыі — мы ўбачылі шмат у якіх краінаў нават большы прагрэс у гэтых трох галінах, чым спадзяваліся. Зразумела, гэта тыя краіны, якія ўвогуле зрабілі большы прагрэс, чым іншыя. І я б адзначыла, што тыя, хто цягам сваёй гісторыі менш знаходзіўся пад савецкім уплывам, тыя і прагрэсуюць больш».

Супрацоўніца міжнароднай агенцыі атамнай энэргетыкі Анік Карніно зазначыла, што ядзерная аварыя 7199 году ў штаце Пэнсыльванія — на так званым "трохмільным востраве" — прымусіла заходніх экспэртаў перагледзець канцэпцыю ядзернай бясьпекі. Аднак, на жаль, з-за Бэрлінскай сьцяны гэтыя новыя ідэі не праніклі на тэрыторыю краінаў былога Варшаўскага блёку.

(Карніно:) «З гісторыі "трохмільнага востраву" мы мусілі шмат чаму навучыцца — асабліва з увагі на шматлікіх папярэднікаў. І ў выніку мы перагледзелі канцэпцыю ядзернай бясьпекі».

Біл Кук — адзін з Брытанскіх аўтарытэтаў у галіне атамнай энэргетыкі — адзначыў значны прагрэс ўсходнеэўрапейскай сыстэмы бясьпекі АЭС.

(Кук:) «З таго, што я чуў сёньня, я раблю выснову, што многія краіны — у прыватнасьці, Вугоршчына, Чэхія, Славаччына — зрабілі вялікі прагрэс як у галіне аналізу праблемаў бясьпекі, так і ў галіне агульнай культуры ядзернай бясьпекі. У Расеі, нягледзячы на вялікую колькасьць палітычных праблемаў, таксама намячаецца прагрэс».

Як вядома, Беларусь, якая ня мае ўласных крыніцаў энэргіі, атрымлівае яе з суседніх краінаў, а, нягледзячы на ўсьцешныя навіны, рэактары савецкага тыпу ўсё ж выклікаюць сумненьні. Адзначаецца, што яны ніколі ня будуць адпавядаць прынятым у Эўропе стандартам бясьпекі. Скептыкі ўважаюць, што хаця адмыслоўцы на ўсходнеэўрапейскіх АЭС навучыліся хутка знаходзіць паломкі, аднак мала што яшчэ зьмянілася ў галіне засьцераганьня ад аварыяў. Найбольшы аптымізм выклікаюць захады, якія ўжывае Літва. У сярэдзіне траўня экспэрты нават прымусілі выключыць рэактар на Ігналінскай АЭС — пасьля таго, як кіраўніцтва станцыі ня здолела правесьці шэраг неабходных удасканаленьняў. Адмыслоўцы зазначаюць, што на Ігналіне — адзіны рэактар чарнобыльскага тыпу, які выпрабоўвае ўжываньне сыстэмы ядзернай бясьпекі эўрапейскага ўзроўню. Можа толькі ўсьцешваць, што Беларусь мае такога пастаўшчыка энэргіі, адзінае што — Літва пастаянна адключае яе за няўплату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG