Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 чэрвеня 1999 г.


Югаслаўская тэма. Бадай, галоўная навіна апошніх дзён тут — гэта дасягнутае ўчора ўначы пагадненьне аб раззбраеньні Косаўскай Вызвольнай Арміі. Паўстанцы КВА пагадзіліся спыніць баявыя дзеяньні, не выкарыстоўваць выбуховых рэчываў, ня ставіць, а таксама не ўсталёўваць ніякіх блёк-пастоў альбо прапускных пунктаў. Тым часам міратворчыя сілы знаходзяць у Косаве новыя сьведчаньні масавых забойстваў.

Прэзыдэнт Клінтан, гаворачы з журналістамі ў Боне перад сустрэчай з канцлерам Нямеччыны Шрэдэрам, так пракамэнтаваў пагадненьне аб раззбраеньні КВА:

(Клінтан:) «Я ўсьцешаны тым, што дамова ад дэмілітарызацыі была падпісаная. Я гаварыў зь містэрам Хашымам Тачы, палітычным лідэрам КВА, і ў нашай тэлефоннай размове ён асабіста паабяцаў падтрымліваць правы ўсяго мірнага насельніцтва. Зараз мы мусім увесьці сюды ўсе міратворчыя сілы, і яны будуць гатовыя абараняць усё цывільнае насельніцтва».

Зрэшты, большасьць 200-тысячнага сэрбскага насельніцтва Косава ўжо пакінула межы правінцыі. Відавочна, этнічным сэрбам ёсьць прычыны асьцерагацца помсты альбанцаў, паколькі кожны дзень адкрывае ўсё больш сьлядоў масавых забойстваў і катаваньняў, учыненых сэрбскімі вайсковымі злучэньнямі.

У горадзе Вучытрн найгоршае масавае забойства адбылося 22 траўня, калі, паводле сьведкаў, адна з вуліцаў гораду была адгароджаная і замкнёная, а 70 чалавек былі сагнаныя ва ўнутраныя двары. 33-гадовая Альмонда Фэраці апісвае, як мужчыны былі аддзеленыя ад жанчын, пасьля чаго сэрбскія спэцназаўцы ў масках адабралі ў жанчынаў грошы і каштоўнасьці. У той самы час за сьценамі былі чутныя крыкі і лямант. Усё, што засталося, гэта крывавыя плямы, а таксама ўстаўныя зубы на траве. Ацалелыя ў гэтым пабоішчы склалі сьпіс усіх 70 ахвяраў, але дасюль знайшлі толькі адно цела. Нягледзячы на тое, што каля гораду было знойдзена каля 100 магілаў, парэшткі 69 астатніх дасюль ня знойдзеныя.

Але ня толькі фізычныя катаваньні і забойствы ўчынялі сэрбы ў Косаве — яны таксама спрабавалі сьцерці іхную гісторыю. Бульдозэр, які выкарыстоўваўся для зраўняньня зь зямлёю мячэці і навакольных будынкаў, стаіць цяпер пакінуты каля рэшткаў цэглы і камянёў ў цэнтры Вучытрна, гораду, заснаванага яшчэ рымлянамі, які зьведаў свае самыя заможныя часы пад Атаманскай імпэрыяй. Выбухамі сэрбы зруйнавалі мінарэты дзьвюх суседніх мячэцяў.

«Яны спрабавалі сьцерці нашую мусульманскую гісторыю», — кажа Абдула Мулакі, стары альбанец, які на ламанай францускай мове прадстаўляецца карэспандэнту Financial Тimes як захавальнік гістарычнага архіву. Ён кажа, што сэрбы разбурылі ўсе тры мячэці 27 сакавіка, на трэці дзень пасьля пачатку натаўскага бамбаваньня. Вялікая частка гораду ляжыць у руінах. Але з прыбыцьцём францускіх міратворчых сілаў этнічнае альбанскае насельніцтва цяпер вяртаецца пешшу альбо на трактарах — паглядзець, што засталося.

Аднак, як адзначае Financial Тimes, выглядае ўсё больш відавочным, што сэрбы ня маюць манаполіі на нянавісьць. Яшчэ да апэрацыі НАТО было багата сьведчаньняў, што альбанцы рабуюць і паляць сэрбскія дамы, што баявікі КВА выкрадаюць сэрбаў і іхных "калябарантаў" зь ліку этнічных альбанцаў. Аднак косаўскае крывавае этнічнае процістаяньне, здаецца, заканчваецца гэтымі днямі, паколькі большасьць сэрбаў ужо пакінулі правінцыю.

Брытанскі маршал паветраных войскаў Джон Дэй сёньня на прэсавай канфэрэнцыі распавеў пра знаходжаньне новых масавых пахаваньняў:

(Дэй:) «Апошняя знаходка была ўчора на поўдзень ад Дзяковіцы, дзе знойдзеная магіла, якая ўтрымлівае каля 90 целаў. Адкрыцьцё месцаў такіх жудасьцяў ёсьць адным з самых пакутлівых аспэктаў працы пэрсаналу міратворчых сілаў. На жаль, я падазраю, што гэта ня хутка скончыцца».

Гаворачы пра злачынствы ў Косаве, масавыя забойствы, гвалтаваньні, нельга не пазьбегнуць параўнаньня з Босьніяй, — піша брытанская Independent. Найбольш яскравае адрозьненьне, аднак, у тым, што Міллошавіч, рукі ў якога былі ў крыв, і тады, ня быў названы вайсковым злачынцам, а заставаўся вядучай палітычнай фігурай, якая ўдзельнічала ва ўсталяваньні міру. Падчас басьнійскага канфлікту Міжнародны гаагаскі трыбунал быў даволі бездапаможны. Цяпер гэтая арганізацыя выглядае больш рашучай і дасьведчанай, яна дзейнічае значна хутчэй. Але цяпер, здаецца, задача міжнародных пракурораў выглядае ня менш складана, паколькі забойцы мелі час на тое, каб схаваць доказы сваіх злачынстваў і нават выкопвалі целы з магілаў і спальвалі іх. Фактычна амаль ля кожнай альбанскай вёскі цяпер знаходзяць магілы альбо трупы — звычайна ня ў масавым маштабе — чатыры, трынаццаць, адзін.

На шчасьце, няма ніякага часавага ліміту для судовага перасьледу, — падкрэсьлівае Independent. Абвінавачаньні могуць быць выстаўленыя празь месяцы альбо нават гады. А абвінавачаныя могуць адчуваць сабе ў бясьпецы толькі ў тых некалькіх краінах сьвету, якія не прызнаюць паўнамоцтвы гаагскага суду.

Мілошавіч, зразумела, наўрад ці рызыкне на далёкае падарожжа. У рэальнасьці арышт дзейнага прэзідэнта стаў бы крыніцай вострай міжнароднай зьбянтэжанасьці. Эфэктыўнасьць і прынцыповасьць гаагскага трыбуналу таксама залежыць ад таго, хто зьменіць канадыйку Луіз Арбур на пасадзе генэральнага пракурора. Да расчараваньня шматлікіх яе прыхільнікаў, Арбур вяртаецца ў Канаду, каб стаць судзьдзёй Вярхоўнага Суду краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG