Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 чэрвеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі на чале зь сьпікерам зьбіраюцца зьвярнуцца да прэзыдэнта і членаў ураду з заклікам пакінуць свае пасады згодна з Канстытуцыяй. Аднак пакуль размова ня йдзе пра фармаваньне нейкага новага ўраду. Пра гэта за месяц да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта заявіў у гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі.

Як вядома, дэпутаты Вярхоўнага Савету XIII скліканьня настойваюць на тым, што паўнамоцтвы прэзыдэнта Лукашэнкі заканчваюцца 20 ліпеня сёлета. Яны зыходзяць з Канстытуцыі, на падставе якой прэзыдэнт абіраўся летам 1994 году на 5-гадовы тэрмін.

На гэтую акалічнасьць яшчэ раз зьвярнуў увагу Сямён Шарэцкі. Пры гэтым ён падкрэсьліў:

(Шарэцкі:) «Згодна з Канстытуцыяй, прэзыдэнт абавязаны пакінуць сваю пасаду і перадаць яе старшыні Вярхоўнага Савету. Я ня ведаю — што будзе рабіць прэзыдэнт, але я мяркую, што дэпутаты Вярхоўнага Савету зьвернуцца да яго з вось такой прапановай, што ён павінен выканаць патрабаваньні Канстытуцыі. Калі я кажу пра тое, што старшыня павінен узяць уладу, дык Вы ж ведаеце, што гэта адносна. Ён павінен узяць уладу часова для таго, каб прызначыць выбары новага прэзыдэнта».

(Тарас:) У сувязі з гэтым узьнікае пытаньне адносна тых выбараў, якія прызначыў Вярхоўны Савет на сёлетнюю вясну — ці павінны адбыцца новыя выбары?

(Шарэцкі:) «Вярхоўны Савет быў абавязаны прызначыць гэтыя выбары, таму што гэтага зноў-такі патрабавала Канстытуцыя, і сп. Лукашэнка, калі ён хоча далей быць прэзыдэнтам, быў таксама абавязаны пайсьці на гэтыя выбары. Калі ён не пайшоў — ну, гэта ягоная справа. Выбары, як Вы ведаеце, адбыліся, хоць яны й не прынесьлі станоўчых вынікаў. Але выбары паказалі, што сп. Лукашэнка зьяўляецца сёньня ўжо ня тым прэзыдэнтам, якога падтрымоўвае народ. Пасьля 20-га страчвае пасаду ня толькі кіраўнік дзяржавы, але і ўсе чыноўнікі, якіх ён прызначае. Па-першае — гэта ўвесь урад. І таму мы зьвернемся — буду прапанаваць дэпутатам Вярхоўнага Савету — ня толькі да прэзыдэнта, але і да ўраду».

(Тарас:) Калі рэальна глядзець на рэчы, то фактычна ўлада застанецца ў тых, у каго яна цяпер. Як трэба паводзіць сябе грамадзянам і дэпутатам у такой сытуацыі?

(Шарэцкі:) «Па-першае, хай тыя, хто ня будзе аддаваць улады, і бяруць на сябе ўсю адказнасьць пасьля 20 ліпеня. Рэч у тым, што гэтая сытуацыя прывядзе да таго становішча, калі грамадзяне Рэспублікі Беларусь павінны не падпарадкоўвацца ўсім тым чыноўнікам, якія будуць заставацца і якіх у свой час прызначыў прэзыдэнт. А як на самой справе будзе — гэта будзе шмат ад чаго залежаць. Па-першае, ад самога народу — яму належыць улада, а ніякім не прэзыдэнтам, Вярхоўным Саветам. Канешне, у нейкай ступені гэта будзе залежаць і ад таго, як павядзе сябе Расея, якая працягвае гуляць у нейкія «саюзы» з прэзыдэнтам, які празь месяц ужо будзе нелегітымны. Будзе залежаць гэта і ад таго, як павядуць сябе міжнародныя арганізацыі — АБСЭ, Рада Эўропы — ну і кожная дзяржава, у першую чаргу нашыя суседзі, а таксама такія моцныя ў сьвеце дзяржавы, як Злучаныя Штаты Амэрыкі, Нямеччына, Францыя».

На заканчэньне гутаркі Сямён Шарэцкі акцэнтаваў увагу на наступным:

(Шарэцкі:) «Ідуць размовы, што рыхтуецца нейкі там урад і так далей. Я хацеў бы сказаць так: да 20 ліпеня ніякага ўраду — іншага, апроч таго, які сёньня ёсьць — не павінна быць, таму што ніякі ворган — ну і я асабіста адказваю за Вярхоўны Савет — ня мае права і ня будзе разглядаць гэтыя пытаньні».

Варта дадаць, што рашэньні пра якія гаварыў старшыня Вярхоўнага Савету, мяркуецца прыняць падчас сэсіі, заплянаванай на гэтую сераду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG