Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 чэрвеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Суботні сойм Беларускага Народнага Фронту прыняў рашэньне правесьці чарговы зьезд гэтай арганізацыі 31 ліпеня — пасьля тэрміну сканчэньня паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі. Суботні сойм засьведчыў, што чарговы зьезд БНФ будзе напружаны, бо абмяркоўвацца на зьезьдзе будуць ня толькі пытаньні тактыкі фронту, але й пытаньні пэрсаналіяў у кіраўніцтве гэтай арганізацыі.

Два прынцыповыя рашэньні былі прынятыя на суботнім сойме Беларускага Народнага Фронту — правесьці зьезд БНФ 31 ліпеня - 1 жніўня, кіраўніком працоўнай групы для падрыхтоўкі зьезду абраны намесьнік старшыні фронту Вінцук Вячорка.

Здарылася гэта насуперак пажаданьням Зянона Пазьняка, які падтрымваў кандыдатуру Юрася Беленькага. Дачыненьні Зянона Пазьняка і Вінцука Вячоркі пасьля выбарчай кампаніі знаходзяцца не ў найлепшым стане. Зянон Пазьняк прапануе заямніць сыстэму кіраваньня арганізацыяй на жорстка вэртыкальную: старшыня прызначае першага намесьніка, якога Сойм толькі зацьвярджае. Вінцук Вячорка адстойвае калектыўны прынцып кіраваньня фронтам, які існуе цяпер: шэсьць намесьнікаў, якія абіраюцца на зьезьдзе.

Дзьве пазыцыі або два лягеры, што выразна акрэсьліліся ў кіраўніцтве фронту, працягвалі высьвятляць свае дачыненьні і на сойме. Намесьнік старшыні фронту Юры Хадыка, кіраўнік магілеўскай абласной арганізацыі Фёдараў і гарадзенскай — Баўсюк прапанавалі спыніць паўнамоцтва намесьніка старшыні фронту Сяргея Папкова і адказнага сакратара Анатоля Крыварота, як патлумачыў нашаму радыё сам сп. Крыварот — за тое, што яны «рэтрансьлявалі падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі загады і меркаваньні Зянона Пазьняка».

Рашэньне аб спыненьні паўнамоцтваў спсп. Папкова і Крыварота не было прынятае. Гэткім чынам яны захоўваюць як свае паўнамоцтвы, так і свае функцыі.

Высьвятленьне дачыненьняў не пакінула часу 39-ці ўдзельнікам суботняга сойму на абмеркаваньне новай ініцыятывы Зянона Пазьняка аб стварэньні Грамадзянскага Парлямэнту. Гэтая ініцыятыва нарадзілася ў Зянона Пазьняка каля месяца таму, але да сойму трымалася ў сакрэце.

Выканаўца абавязкаў старшыні фронту Лявон Баршчэўскі патлумачыў нашаму радыё ініцыятыву Зянона Пазьняка:

(Баршчэўскі:) «Сэнс гэтай ідэі ў тым, што патрэбны найвышэйшы прадстаўнічы ворган, паколькі Вярхоўны Савет, маўляў, ужо ня можа выконваць свае функцыі ў сёньняшніх умовах. На сойме была дадзеная іншая ацэнка, і ў прынцыпе ніхто з прамоўцаў не падтрымаў менавіта той аспэкт, што ідэя Грамадзянскага Парлямэнту павінна супрацьстаяць ідэі Вярхоўнага Савету. Было пацьверджанае нашае адназначнае стаўленьне да Вярхоўнага Савету як адзінага легітымнага заканадаўчага воргану. Што да ідэі Грамадзянскага Парлямэнту як падрыхтоўчага воргану, які прыме Закон аб выбарах у новы Вярхоўны Савет — у такім разрэзе гэтая ідэя падтрымала пэўную падтрымку часткі сяброў Сойму, і было вырашана, што павінны быць распрацаваныя зыходныя дакумэнты, пажадана — узгодненыя зь іншымі палітычнымі партыямі, і тады вынесеныя на разгляд сойму або зьезду Народнага Фронту».

Паводле Лявона Баршчэўскага, актуальнай для фронту ёсьць тэма 21 ліпеня — тэрмін сканчэньня паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі. Суботні сойм даў даручэньне Ўправе фронту стварыць працоўную групу, якая б распрацавала плян мерапрыемстваў на 21 ліпеня. Паседжаньне працоўнай групы адбываецца сёньня.

XS
SM
MD
LG