Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 чэрвеня 1999 г.


Слова на юбілей: Алесь Белакоз, настаўнік зь вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёну, стваральнік унікальнага Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музэю

Як казалі, «пакуль Шамякін пыкаў-мыкаў, скарыў Эўропу Васіль Быкаў. І ня толькі Эўропу — нават нашага чытача і тыо скарыў Васіль Быкаў. Чаму? Ён паказваў Вялікую Айчынную вайну не з пазыцыі вялікага расейскага ўра-патрыятызму, а менавіта з пазыцыі патрыёта, чалавека, які перажывае за свой народ.

Вазьміце хаця б сёньня — мы ўсё даруем сэрбам, бо яны — славяне. Нічога, калі рэжуць тысячамі альбанцаў. Альбанцы — не славяне, дык чаго перажываць... Гэта, ведаеце, неяк блізка да такога ўспрыманьня, як хаця б у нас у Беларусі, а асабліва ў Расеі: нацыянальны герой расейскі — Сьценька Разін. Ну як не герой — палонную князёўну згвалтаваў, утапіў. Ды такога злачынца расстраляць мала, а ён — нацыянальны герой...

Васіль Быкаў якраз выводзіць на чыстую ваду такіх герояў, такіх ура-патрыётаў, кар'ерыстаў, шкурнікаў, якія хаваліся за сьпіны сумленных людзей.

Даўно мы з Васілём Быкавым знаёмыя, даўно мы цэнім яго. Быў ён і ў нас у школе, выступаў. Тады ў райкаме партыі казалі — гэта было 14 мая 1967 году — што ў Гудзевічах адбылося «зборышча беларускіх нацыяналістаў», там быў Васіль Быкаў, Ларыса Геніюш, Данута Бічэль-Загнетава, Вольга Іпатава, Аляксей Пяткевіч, Апанас Цыхун. Ну, сапраўды, гэта патрыёты, а беларуская ўлада ніколі на патрыётаў не абапіралася.

Васіль Быкаў вельмі сьціплы чалавек. Нават калі быў у нас на сустрэчы з вучнямі, то адмовіўся ісьці на сцэну, кажа — я буду з вучнямі, буду тут выступаць. Праўда, пасьля ўсё ж пайшоў на гэтую сцэну, за гэты стол, зразумеў, што публіка добрая, што настроеныя патрыятычна...

XS
SM
MD
LG