Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 чэрвеня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Сьляды злачынстваў сэрбскіх узброеных сілаў у Косаве, праблема расейскіх міратворцаў, пытаньне лёсу Косаўскага вызвольнага войска, а таксама сэрбская ўцякацкая плынь і вяртаньне да дому выгнаных альбанцаў - асноўныя сёньняшнія тэмы сродкаў масавай інфармацыі сьвету.

У будынку паліцэйскага пастарунку ў цэнтры Прышціны брытанскія міратворцы знайшлі падвальнае памяшканьне, у якім сэрбскія паліцыянты, напэўна, катавалі затрыманых і арыштаваных. Супрацоўнікі гаагскага міжнароднага трыбуналу (першая група якіх учора прыехалаў Косава) агледзілі памяшканьне, забралі дакумэнты і меркаваныя прылады катаваньняў, сярод якіх касьцеты, дубінкі, стол з рамянямі для прывязкі канечнасьцяў і г.д.

Усяго за 30 кілямэтраў ад гэтага месца, у вёсцы Поклек тыя ж міратворцы знайшлі сьляды масавага забойства мірных жыхароў. Паводле сьведак, 17 красавіка сэрбскія паліцыянты забілі тут 60 вяскоўцаў - пераважна жанчынаў і дзяцей. Ад пачатку іх зачынілі ў маленькім памяшканьні, куды кінулі гранату, а потым дабілі з аўтаматаў яшчэ жывых.

На сёньня масавыя пахаваньні альбанцаў знойдзеныя ў раёне Дзяковіцы, Велькай Крушы, Белай Црквы, Рачака і ў іншых месцах, якіх, паводле міжнародных сілаў, налічваецца да дзевяці дзясяткаў. Намесьнік міністра замежных справаў Вялікабрытаніі Джэф Гон вызначыў агульную колькасьць зьнішчаных, цягам апошніх двух месяцаў, этнічных альбанцаў у 10 тысячаў.

Тым часам працягваецца самачыннае вяртаньне ў правінцыю альбанскіх уцекачоў і масавы зыход сэрбаў. Ведамства ААН у справах уцекачоў паведамляе, што толькі ў гэтым тыдні ў Косава вярнуліся 26 тысячаў касавараў. Прадстаўнікі Чырвонага Крыжа паведамляюць пра шматлікія выбухі ў памежных раёнах правінцыі, якія былі замінаваныя сэрбскім войскам. Выглядае, што на міны трапляюць тыя, хто сьпяшаецца вярнуцца ў родныя паселішчы.

Той самы Чырвоны Крыж падае зьвесткі, што ад пачатку міжнароднай міратворчай апэрацыі Косава пакінулі 40 тысячаў сэрбаў. Ня гледзячы на тое, што лідар Косаўскага вызвольнага войска Хашым Тачы паабяцаў сэрбскаму насельніцтву правінцыі бясьпеку, усё часьцей і часьцей прыходзяць зьвесткі пра акты гвалту з боку паўстанцаў у дачыненьні да сэрбаў. Так у месьце Дэвіч, ваяры КВВ зьдзекваліся з манахаў мясцовага праваслаўнага манастыра і толькі актыўныя дзеяньні міратворцаў дазволілі не паўтарыцца падобнай акцыі у манастыры места Дзечаны.

Апрача гэтага прыходзяць зьвесткі пра сутычкі ваяроў Косаўскага Вызвольнага Войска з сэрбскім войскам, якое пакідае правінцыю. На сёньня Косава пакінулі больш паловы сэрбскіх вайскоўцаў і 35 тысячаў паліцыянтаў, што адпавядае ўмовам пагадненьня паміж НАТА і Югаславіяй. Паводле гэтага пагадненьня, вывад сэрбскага войска мусіць закончыцца у нядзелю 20 чэрвеня.

Што ж да Косаўскага вызвольнага войска, то кіраўніцтва НАТА мае плян ягонага раззбраеньня. Ён павінен стаць падставай дамовы пра дэмілітарызацыю, якую на прыканцы тыдня павінны падпісаць прадстаўнікі НАТА і ВВК. Паводле НАТАўскага пляну ад пачатку, цягам 30 дзён, будзе праведзеная так званая дэмілітарызацыя, у часе якой паўстанцы мусяць здаць цяжкія ўзбраеньні. Затым пройдзе канчальная здача зброі.

І ўсё ж, прадстаўнік Косаўскага вызвольнага войска заявіў, што ягоныя ваяры не складуць зброі, пакуль Расея не пагодзіцца з тым, што ейныя міратворцы будуць знаходзіцца пад адзіным НАТАўскім кіраўніцтвам.

Тым часам НАТА і Расея, як і раней, ня могуць дамовіцца пра статус расейскага войска ў правінцыі. Расейцы дамагаюцца асобнага падкантрольнага ім сэктару ў Косаве, пад расейскім жа кіраўніцтвам, на што Дзяржаўны сакратар ЗША Мэдлін Ольбрайт заявіла, што НАТА не сатупіць гэтым патрабаваньням Расеі. На сёньня Косава ўжо падзеленае на пяць зонаў: брытанскую, італянскую, нямецкую, штатаўскую і францускую. На думку ЗША, стварэньне расейскай зоны можа пацягнуць за сабой падзел Косава. Нагадаю, што падобная сытуацыя ўжо была ў Бэрліне пасьля заканчэньня Другой Усясьветнай вайны. Разам з тым, НАТА выступае за ўдзел расейскіх міратворцаў у косаўскай місыі.

І апошняе. У правінцыю пачала паступаць гуманітарная дапамога. Сёньня ў Кёльне распачалася трохдзённая сустрэча ў вярхох краінаў Вялікай Сямёркі і Расеі. Адно з пытаньняў парадку дня - дапамога ў справе пасьляваеннай рэкантрукцыі Бальканаў. Напярэдадні сустрэчы прэзыдэнты Францыі і Злучаных Штатаў Жак Шырак і Біл Клінтан яшчэ раз нагадалі, што пакуль пры ўладзе ў Югаславіі застаецца абвінавачаны ў ваенных злачынствах прэзыдэнт Мілошавіч, краіна можа разьлічваць толькі на гуманітарную дапамогу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG