Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 чэрвеня 1999 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сярод абласных цэнтраў у Горадні - самая моцная арганізацыя БНФ. У значнай ступені яе падмацоўвае газэта "Пагоня", якую выдае культурна-асьветніцкі фонд "Бацькаўшчына". Аднак адносіны паміж газэтай і БНФ апошнім часам папсаваліся з прычыны рознага стаўленьня да асобы Зянона Пазьняка.

У апошнім нумары газэты "Пагоня" з'явілася нататка пад назовам "У Фронце пачалася барацьба пад коўдрай". У ёй гаворыцца пра тое, што днямі ў Гародні адбылася абласная канфэрэнцыя БНФ, прычым ва ўмовах глыбокай таямніцы. Маўляў, грамадзкасьці невядома, хто і як выбіраў дэлегатаў. І далей напісана: "арганізатары ў лепшых бальшавіцкіх традыцыях не праупіліся абвесьціць пра гэтую падзею ня толькі сродкам масавай інфармацыі, але і сябрам самай шматлікай фронтаўскай арганізацыі - гарадзенскай гарадзской".

У канфэрэнцыі бралі ўдзел кіраўнікі Фронту: Хадыка, Вячорка, Сіўчык, Папкоў, Буйвал. Быў прыняты зварот да Сойму, правядзеньне якога намячалася на гэтую суботу.

У звароце выказваецца абурэньне дзейнасьцю спадароў Папкова і Крыварота, якія, як сцьвярджаецца, "парушалі Статут БНФ і дэзарганізавалі прэзыдэнцкія выбары". Гарадзенцы прапануюць прыпыніць паўнамоцтвы Папкова і Крыварота як кіраўнікоў да з'езду БНФ.

Трэба сказаць, што рэдактар "Пагоні" Мікола Маркевіч застаецца прыхільнікам Зянона Пазьняка, падтрымлівае яго і на старонках газэты друкуе ягоныя выступы. Я пацікавіўся ў кіраўніка абласной арганізацыі БНФ Міколы Баўсюка, што ён думае пра гэтую публікацыю.

"Я "Пагоні" не чытаю, - адказаў ён, - але ведаю наперад, што там могуць напісаць". "Але ж гэта праўда, што журналістам нічога не сказалі?" - пацікавіўся я. "Мы іх не запрашалі, але і таямніцы вялікай не рабілі" - адказаў Баўсюк.

Адзін з кіраўнікоў гарадзкой арганізацыі БНФ Алесь Астроўскі , які ўдзельнічаў у абласной канфэрэнцыі, адказаў мне больш канкрэтна: "На канфэрэнцыю прыехаў сам спадар Папкоў, якога не запрашалі. І выступіў. Але потым ён мусіў пакінуць залю, калі пачуў у свой адрас абвінавачваньні ў працы на КГБ ды ў імкненьні разваліць Фронт. Пазьняк патрабаваў адхіліць Баўсюка за кіраваньне абласной выбарчай камісіяй, аднак фронтаўцы зноў выказалі давер Баўсюку".

Што датычыць самога Зянона Пазьняка, дык большасьць сярод гарадзенцаў лічыць, што трэба выбраць новага старшыню БНФ. Але да з'езду, на якім адбудуцца выбары, у Горадні будзе праведзеная яшчэ адна абласная канфэрэнцыя БНФ".

XS
SM
MD
LG