Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 чэрвеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

На чарговым сходзе дэпутатаў Вярхоўнага Савета Х111 скліканьня, які заплянаваны на 23 чэрвеня, мяркуецца разгледзець прынцыповае пытаньне: што рабіць Вярхоўнаму Савету ў самы бліжэйшы час у сувязі з тым, што 20 ліпеня скончыцца легітымны тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі?

Першапачаткова сход дэпутатаў Вярхоўнага Савету Х111 скліканьня плянавалася правесьці 8 чэрвеня, аднак яго адклалі роўна на палову месяца. Такі перанос не павінен зьдзіўляць, паколькі падобнае ў практыцы Вярхоўнага Савета ўжо было. Зразумела, што калі няма штатных тэхнічных супрацоўнікаў, цяжка падрыхтаваць усё неабходнае ў сьціслыя тэрміны. Аднак дадзены выпадак - а менавіта перанос дэпутацкай сустрэчы з 8 на 23 чэрвеня - мае іншае абгрунтаваньне.

Уся справа ў тым, што 23 чэрвеня ў парадак дня сходу плянуецца ўключыць кадравае пытаньне - пра першага намесьніка старшыні ВС. Ім да гэтага часу дэ-юрэ з'яўляецца Васіль Новікаў. Аднак пасьля таго, як год таму ён перайшоў на новае месца працы, у амбасаду Беларусі ў Малдове, Новікаў адсутнічаў на ўсіх дэпутацкіх сходах. Між тым, кожны разумее: калі Сямён Шарэцкі з 21 ліпеня будзе выконваць абавязкі прэзыдэнта краіны, яму патрэбны памочнік, які б узначаліў Вярхоўны Савет. Былы намесьнік старшыні Генадзь Карпенка, як вядома, памёр. Вось чаму ўзьнікае пытаньне пра намесьніка сьпікера.

Мяркуецца, што Сямён Шарэцкі прапануе на гэтую пасаду Віктара Ганчара. Хаця Сямён Георгіевіч катэгарычна адмовіўся абмяркоўваць гэтую тэму з журналістамі, некаторыя з дэпутатаў кажуць, што пэўны зандаж пытаньня зь імі вёўся. Так, у прыватнасьці, адзін з дэпутатаў Вярхоўнага Савета распавеў мне, што да яго асабіста зьвярталіся і Шарэцкі, і Ганчар з просьбай на сходзе 23 чэрвеня падтрымаць кандыдатуру Віктара Ганчара ў якасьці новага першага намесьніка сьпікера.

На думку гэтага дэпутата, у выказанай прапанове ёсьць і станоўчае, і адмоўнае, і добрае, і дрэннае.

Добрае тое, што Ганчар можа даць Вярхоўнаму Савету пэўныя імпульсы, як арганізацыйныя, так і фінансавыя. Менавіта Ганчар можа зрабіць Вярхоўны Савет больш дзеяздольным.

Адмоўнае ж тое, што цяперашні старшыня Цэнтравыбаркаму сваімі паводзінамі падчас травеньскай прэзыдэнцкай кампаніі засьведчыў, што ён ня грэбуе ніякімі сродкамі дзеля дасягненьня мэты. Таму, патлумачыў мне мой суразмоўца, асабіста яму трэба ўзважыць усе "за" і ўсе "супраць", перш чым выказацца пры галасаваньні.

Тым больш, што ў апошнія дні з'явіліся чуткі, быццам на пасаду першага намесьніка сьпікера зьявіўся яшчэ адзін прэтэндэнт. Некаторыя дэпутаты хочуць бачыць на гэтай пасадзе Сямёна Домаша, чалавека таксама з высокімі амбіцыямі.

Акрамя кадравага, на сходзе 23 чэрвеня мяркуецца таксама разгледзець прынцыповае пытаньне: што рабіць Вярхоўнаму Савету ў самы бліжэйшы час у сувязі з тым, што 20 ліпеня скончыцца легітымны тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі?

Тут узьнікае шэраг пытаньняў, напрыклад: дзе і як правесьці афіцыйную цэрымонію перадачы ўлады Шарэцкаму? Як сфармаваць Кабінэт Міністраў? І шмат чаго іншага. Як сказаў з гэтай нагоды Шарэцкі, ён хоча пачуць думкі на гэты конт з вуснаў літаральна кожнага ўдзельніка дэпутацкага сходу. І толькі пасьля гэтага прымаць нейкія рашэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG