Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 17 чэрвеня 1999 г.


Марыя Усьціновіч, Магілеў

Сёньня прэзыдэнт Лукашэнка наведаў Магілеў. На прэсавай канфэрэнцыі ён заявіў, што зьнешняя палітыка павінная быць ськіраваная на ўсход, дзе "з намі гатовыя працаваць", і рашуча загадаў "разабрацца" з Польшчай, Нямеччынай, Турцыяй.

Пасьля азнаямленьня з вытворчасьцю на заводзе штучнага валакна, прэзыдэнт правёў нараду з кіраўнікамі і інжынэрна-тэхнічнымі супрацоўнікамі хімічнай галіны канцэрну "Белнафтахім". Нарада прайшла вельмі мірна, і работу канцэрну прэзыдэнт ацаніў станоўча.

На прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася пасьля нарады, Лукашэнка закрануў і міжнародныя пытаньні. Што тычыцца расейскай палітыкі, дык Лукашэнка заявіў, што ня хоча ўдзельнічаць а ні ў якіх гульнях у межах Садовага кола. Але ягоная пазыцыя па саюзу Беларусі і Расеі застаецца ранейшай. Толькі, на жаль, Расея не ідзе на кантакт.

Югаслаўскія падзеі прэзыдэнт ацаніў як — "даціснулі Мілошавіча". Пазыцыю Расеі ў гэтым канфлікце ён ацэньвае як "непасьлядоўную", у тым ліку, што тычыцца і ўводу ў Косава дэсантнікаў. Бо цяпер, паводле словаў Лукашэнкі, ніхто ня ведае, што рабіць з гэтымі двумастамі "міратворцамі".

Беларусь, падкрэсьліў прэзыдэнт, зараз ня ставіць перад сабой нейкія геяпалітычныя мэты. А таму і міністэрства замежных справаў возьме курс на эканоміку. Зьнешняя палітыка, лічыць кіраўнік Беларусі, павінная быць ськіраваная на ўсход, дзе "з намі гатовыя працаваць".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка рашуча загадаў "разабрацца" з Польшчай, Нямеччынай, Турцыяй, якія ўводзяць антыдэмпінгавыя падаткі, у тым ліку - і на хімічныя валокны. І таксама "адэкватна прарэагаваць" у мэтах абароны айчынных вытворцаў, як гэта зрабілі раней названыя краіны.

На прэсавай канфэрэнцыі ўзьнікла і пытаньне аб вядомым, але так і не падпісаным указе "аб працоўнай дысцыпліне". Прэзыдэнт заявіў, што пасьля шэрагу аварыяў на заводах ён пераканаўся, што ўказ трэба было прымаць, і рабіць яго яшчэ больш жорсткім, чым гэта плянавалася ў мінулым.

Пахвалы ад Лукашэнкі, дарэчы, удастоіліся менскія журналісты, якія, паводле ягоных словаў, працуюць у дзяржаўных інтарэсах. Там, сказаў Лукашэнка, усе ўплывовыя сродкі масавай інфармацыі сталіцы знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, а на ўсякую "жоўтую прэсу" ня трэба і ўвагу зьвяртаць.

XS
SM
MD
LG