Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 17 чэрвеня 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомля

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомлі распачалося судовае разьбіральніцтва ў справе Яўгена Мурашкі, былога кіраўніка рэгіянальнага адьдзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту.

Справу аднаасабна разглядае намесьнік старшыні суда Аляксандр Кострыкаў. Абаронцамі спадара Мурашкі, апроч адваката Сьвятланы Заранчук, выступілі прадстаўнікі "Вясны-96" Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч і БГК Анатоль Фёдараў.

За працэсам назірала і прадстаўнік місіі АБСЭ ў Беларусі Надзея Дударава.

Нагадаю, што крымінальная справа супраць Мурашкі была ўзбуджаная ў сакавіку старэйшым пракурорам абласной пракуратуры Ірынай Хіжанок, і перададзеная затым сьледчай управе абласной міліцыі. Завяршаў яе цягам двух з паловай месяцаў і рыхтаваў абвінаваўчае заключэньне па арт. 196, част. 1, сьледчы Віталь Шатанаў.

Спадар Мурашка падвяргаўся штрафу і арышту на 10 сутак за правядзеньне несанкцыянаваных пікетаў. 1 чэрвеня гэтае абвінавачваньне было сьцьверджана намесьнікам абласнога пракурора Капульневічам, аднак падтрымліваць яго ў судзе ніхто з пракуратуры не зьявіўся. Хутчэй за ўсё таму, што пракурорскія работнікі, мусяць, ня надта хочуць лішні раз сьвяціцца ў палітычнай справе.

У падцьвярджэньне, што яна менавіта такая, прывяду вытрымку з абвінаваўчага заключэньня. У ім, у прыватнасьці, сказана, што 11 лютага гэтага году Яўген Мурашка "арганізаваў і правёў несанкцыянаваны сход грамадзянаў у будынку вучэбна-мэтадычнага цэнтру прафсаюзаў па вуліцы Галавацкага, 19, на якім публічна абмярко'валіся падзеі грамадзка-палітычнага жыцьця". Сьледства замаўчала такі факт, што тады ў прафсаюзным цэнтры прысутнічаў старшыня ЦВК Віктар Ганчар, а пад "пытаньнямі грамадзска-палітычнага жыцьця" маюцца на ўвазе травеньскія выбары прэзыдэнта.

Гэта прагучала ў выступах сьведкаў Леаніда Аўдовенкі, Уладзімера Шыцікава і Генадзя Ялісеева. Яны таксама засьведчылі, што Яўген Мурашка ня быў арганізатарам той сустрэчы, што на сустрэчы прысутнічалі, і нават уступалі ў палеміку з Ганчаром, намесьнік начальніка абласной управы міліцыі, дэпутат прэзыдэнцкай "палаты" Анатоль Салаў'ёў і начальнік Цэнтральнага РАЎС Іван Смолікаў. Яны, аднак, не патрабавалі прыпыніць сустрэчу, якая зараз кваліфікаваная іхнім падначаленым як "несанкцыянаваны сход".

Дарэчы, ні адзін з азначаных міліцэйскіх чыноў у якасьці сьведкі ў суд не з'явіўся. Салаў'ёў нібыта хварэе, а Смолікаў спаслаўся на праверку аддзелу прадстаўнікамі МУС.

Тым часам у судовым разьбіральніцтве аб'яўлены перапынак.

XS
SM
MD
LG