Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 чэрвеня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш

У панядзелак Менскі гарвыканкам ня даў дазволу на правядзеньне 20 чэрвеня акцыыі апазыцыі "Супраць вайны, фашызму і дыктатуры". Звычайна такія пытаньні вырашаў намесьнік старшыні Менскгарвыканкаму спадар Чыкін. Гэтым разам на адмову сабраўся ўвесь выканкам на чале са старшынём Ярмошыным Прысутныя там аўтары заяўкі Арыстовіч, Лябедзька і Сіўчык спрабавалі аспрэчыць пастанову.

(Сіўчык: ) "Дзіўна, што выканкам зьбіраўся, таму што апошнім часам рашэньні па правядзеньню вулічных мерапрыемстваў прымаў аднаасобна спадар Чыкін. Тут быў сабраны выканкам, яго вёў Ярмошын, і было адмоўлена ў правядзеньні акцыі 20 чэрвеня. Спасылаліся і на трагедыю на Нямізе, і на надвор'е, і на іншыя рэчы, але бачна было, што ўлады проста баяцца актывізацыі, прычым актывізацыі любой. Бо на 19 чэрвеня быў дазволены мітынг іншым грамадзянам, хаця, здаецца, нічога ў Беларусі за адзін дзень зьмяніцца не магло. Было мне зададзена пытаньне - як мы можам забясьпечыць захаваньне грамадзкага парадку, калі зьбярэцца так шмат людзей, бо ў заяўцы было пададзена да 10 тысячаў чалавек. Прыйшлося нагадаць, што БНФ зьбіраў і 70 000 грамадзянаў, і я асабіста быў заяўнікам некалькіх акцыяў, калі зьбіраліся больш 30 000 грамадзянаў. Усё залежыць менавіта ад арганізацыі. І тое, што адбылося на Нямізе, не магло б адбыцца, калі б тут была нармальная дзяржава, а не дыктатура. Бо толькі таму, што ў нас ўсё не ў парадку, столькі маладых людзей загінула".

(Сокалаў-Воюш: ) Вячаслаў, мітынг-канцэрт, які плянаваў "Малады фронт" 19 чэрвеня, вось ён быў дазволены тым самым Менгарвыканкамам. Перанесены ў іншае месца, але ўсё ж быў дазволены. Неяк не стукуюцца гэтыя дзьве рэчы.

(Сіўчык:) "Справа ў тым, што што гэта залежыць ад таго, колькі патэнцыйна людзей можна вывесьці на мітынг. Там быў дазволены толькі мітынг, і размова не ішла пра канцэрт, на 19 чэрвеня. Ну натуральна, што "Малады фронт" можа вывесьці людзей значна менш, чым тыя людзі, якія падавалі заяўку ў Менгарвыканкам на 20 чэрвеня. І натуральна, стаіць пытаньне, што 21 оіпеня Лукашэнка робіцца нелегітымным прэзыдэнтам, і менавіта зыходзячы з гэтага, я думаю. Менгарвыканкам прадэманстраваў, што рэжым баіцца. Бо я плянаваў выкарыстаць гэтую акцыю якраз дзеля таго, каб зьвярнуцца да людзей з растлумачэньнем, якая сытуацыя ў краіне, і што адказнасьць трэба браць на сябе, каб людзі проста 21 ліпеня маглі прыйсьці да рэзыдэнцыі прэзыдэнта, і запытацца: "Аляксандар Рыгоравіч, што ж Вы за 5 гадоў зрабілі дзеля свайго народа?".

Апрача гэтага, Вячаслаў Сіўчык паведаміў нам, што 20 чэрвеня а 14 гадзіне ён прыйдзе на пляц Якуба Коласа, каб пазнаёміць прысутных з пастановай Менгарвыканкаму. А заўтра ў спробе абскардзіць памянёную пастанову зьвернецца ў суд Маскоўскага раёну сталіцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG