Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 чэрвеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Трэці месяц утрыманьня за кратамі 51-гадовага экс-прэмьера Міхаіла Чыгіра не прынёс посьпеху сьледчаму Лаўранюку, які шукае доказы вылучанага да Чыгіра абвінавачваньня.

Да М.Чыгіра высунута абвінавачваньне паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэксу: "крадзеж у асабліва буйных памерах" (арт.91) і "злоўжываньне службовым становішччам" (арт. 166). Чыгіру пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Сьледства зайшло ў тупік, бо ніякіх доказаў у справе няма. Пра гэта нашаму радыё заявіла жонка і абаронца экс-прэмьера Юлія Чыгір, якая сёньня сустрэлася з мужам.

(Юлія Чыгір: ) "Ніякіх сьледчых дзеяньняў паводле абвінавачваньняў у крадзяжы таго "мільёну" не праводзіцца. Апошняя сустрэча мужа са сьледчым была 9 траўня. Ніякіх больш пытаньняў у сьледчых не ўзьнікала. Чым яны займаюцца - нам невядома. Але я ведаю, што тэрмін ягонага ўтрыманьня будзе адзін, гэта - тэрмін улады спадара Лукашэнкі".

(Карэспандэнт: ) Юлія Станіславаўна, Міхаіл Чыгір, як Вы кажаце, можа ўтрымлівацца ў вязьніцы неабмежаваны тэрмін. Ці ёсьць у яго механізмы абароны? Іншымі словамі, ці валодае Міхаіл Чыгір нейкім "кампраматам" на Аляксандра Лукашэнку альбо на сябраў ягонай каманды, які б мог стаць гарантыяй бясьпекі для Міхаіла Чыгіра? І калі так, то зьбіраецца ці не зьбіраецца міхаіл Чыгір гэты кампрамат абнародваць?

(Юлія Чыгір: ) Я б не хацела на гэтым пытаньні засяроджваць Вашую ўвагу. Я б не хацела "адкрываць карты".

(Карэспандэнт: ) Але Вы гаворыце пра тое, што такія карты ёсьць?

(Юлія Чыгір: ) "Ну так. Ёсьць. І яны будуць скарыстаныя тады, калі будзе нейкая сытуацыя, патрэбная для гэтага. Сёньня ня той час".

Юлія Чыгір паведаміла, што падала ўжо другую скаргу, гэтым разам у Менскі гарадзкі суд, дзе яна, як абаронца Чыгіра, выказвае абурэньне з нагоды неабгрунтаванай, на ейную думку, меры стрыманьня — утрыманьня за кратамі. Скарга павінна быць разгледжаная да 22 чэрвеня. Але ў Юліі Чыгір няма спадзяваньня, што Міхаілу Чыгіру будзе зьмененая мера стрыманьня.

Сьледчы Лаўрэнюк, які вядзе справу Чыгіра, на пытаньне нашага радыё адказваць адмовіўся. Адсутнасьць прагрэсу ў справе Чыгіра прымусіла Юлію Чыгір зьвярнуцца да беларускай грамадзкасьці. Заўтра а 17 гадзіне, паводле словаў сп.Чыгір, будзе ўтвораны грамадзкі камітэт у справе вызваленьня Чыгіра. У камітэт, сярод іншых, увойдуць Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін. Старшынём камітэта, мяркуецца, стане рэдактар газэты "Згода", намесьнік старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Кароль. Юлія Чыгір лічыць, што камітэт, як мінімум, здолее пастаянна нагадваць грамадзтву пра тое, што былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі знаходзіцца за кратамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG