Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 чэрвеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня стала вядома, што Беларуская сялянская партыя адмовілася праходзіць антыканстытуцыйную, як лічыць кіраўніцтва партыі, працэдуру перарэгістрацыі, якая адбываецца згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі называюць дэкрэт антыдэмакратычным. Разам з тым, паводле дадзеных міністэрства юстыцыі, на сёняшні дзень падалі дакумэнты на перарэгістрацыю 390 партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і прафсаюзаў з 2 500 зарэгістраваных. Перарэгістрацыя завяршаецца праз 12 дзён.

Цэнтральная Рада адной са старэйшых дэмакратычных партыяў - Сялянскай партыі, якая налічвае 1 800 сябраў, - прыняла такое рашэньне, палічыўшы прэзыдэнцкі дэкрэт аб перарэгістрацыі антыканстытуцыйным. Старшыня цэнтральнай рады Сялянскай партыі Міхась Антоненка заявіў нашаму радыё:

(Антоненка: ) "Мы палічылі, што гэты дэкрэт ідзе ў парушэньне Канстытуцыі, у прыватнасьці арт.101 часткі 2, у якім запісана, што прэзыдэнт ня мае права выдаваць дэкрэты аб зьмяненьні асноўных законаў. Таму гэтая такая акцыя антыканстытуцыйная. І мы ня будзем браць ў ёй удзел".

(Карэспандэнт: ) Скажыце, а ці будзе надалей існаваць Сялянская партыя ў незарэгістраваным выглядзе?

(Антоненка: ) "Мы мяркуем падаць заяву ў Вярхоўны Суд, таму што ён будзе прымаць рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці партыі. Мы будзем іх прасіць аб узбуджэньні перад Каснстытуцыйным Судом справы аб адпаведнасьці дэкрэта прэзыдэнта Канстытуцыі, нават гэтай, з папраўкамі".

Спадар Антоненка паведаміў, што не выключаецца магчымасьці рэгістрацыі новай партыі, якая будзе адстойваць прынцыпы Сялянскай партыі.

Камэнтуючы рашэньне Сялянскай партыі адмовіцца ад рэгістрацыі, начальнік упраўленьня ў справе рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў мінюсту Міхаіл Сухінін заявіў:

(Сухінін: ) "На мой погляд, яны не ідуць, таму што ў іх няма тысячы. Ня больш, ня менш".

Міхаіл Сухінін паведаміў, што з 27 партыяў падалі дакумэнты на перарэгістрацыю толькі сем. На сёньня атрымалі рэгістрацыю тры партыі: Лібэральна-дэмакратычная, партыя жанчын "Надзея", а таксама "партыя справядлівасьці" Нятылькіна.

У БНФ паведамілі, што дакумэнты ў мінюст на перарэгістрацыю перадалі, але часткова. Міністэрства юстыцыі патрабуе, каб усе дакумэнты былі перададзены ў пакэце, і толькі тады БНФ здолее атрымаць новыую рэгістрацыю.

Адказны сакратар Управы БНФ Анатоль Крыварот паведаміў, што гэральдычная служба міністэрства юстыцыі пад старшынствам спадара Рассаніна ўжо разглядзела сімволіку арганізацыі - бел-чырвона-белы сьцяг з крыжом, і прытэнзіяў выказана не было. Разам з тым, саму кампанію па перарэгістрацыі Анатоль Крыварот назваў спробай адцягнуць увагу грамадзскіх арганізацыяў і партыяў ад сытуацыі ў краіне.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі зьвяртаюць увагу на іншыя аспэкты наладжанай уладамі кампаніі па перарэгістрацыі. Міжнародная Ліга правоў чалавека назвала непрымальнай практыку, калі ўводзіцца дазваляльны прынцып існаваньня грамадзкіх арганізацыяў, а таксама прэзыдэнцкім дэкрэтам забараняецца існаваньне незарэгістраваных грамадзкіх аврганізацыяў. У цывілізаваных краінаў менавіта грамадзкія арганізацыі з'яўляюцца падмуркам існаваньня грамадзянскай супольнасьці.

Паводле дадзеных міністэрства юстыцыі, на сёньня атрымалі перарэгістрацыю толькі 179 грамадзкіх арганізацыяў, што складае блізу 10 адсоткаў ад агульнай колькасьці існаваўшых раней.

XS
SM
MD
LG