Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 чэрвеня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

У нядзелю а 8 гадзіне увечары закончыліся выбары ў Эўрапэйскі парлямэнт. Каля 140 млн. заходняэўрапэйцаў аддалі свае галасы за амаль 70 партыяў. Сярод новаабраных дэпутатаў ад нямецкай партыі зялёных - Элізабет Шродэр, кіраўнік спэцыяльнай камісіі папярэдняга складу агульнаэўрапэйскага форуму ў справах Беларусі.

Галоўная тэндэнцыя мінулых выбараў, на якую звяртаюць увагу міжнародныя аглядальнікі, - гэта амаль паўсюдная апатыя выбаршчыкаў. Калі ў першых падобных выбарах у 1979 годзе ўдзел узялі 63% выбаршчыкаў, у выбарах 1994 году - 57%, дык цяпер меньш паловы. У Вялікабрытаніі на выбарчыя вучасткі прыйшло толькі 23% маючых права голасу, у Францыі - 47%, Нямеччыне - 56%. На працягу некалькіх апошніх гадоў сапраўды пашырыліся паўнамоцтвы Эўрапарлямэнту. Ён цяпер мае права прыймаць і касаваць законы ЭС, прыймаць ці непрыймаць пагадненьні з краінамі, якія не ўваходзяць у склад саюзу, адпраўляць у адстаўку рабочы кіраўнічы ворган ЭС - эўракамісыю. У сакавіку сёлета эўрапарлямэнт з гэтага свайго апошняга права скарыстаў. Эўракамісыя на чале з яе старшынём Жакам Сантэрам была накіраваная ў адстаўку.

Самай вялікай фракцыяй у новым складзе парлямэнту будзе кааліцыя правых партыяў. З 626 месцаў у іх будзе 225. Гэта на 24 парлямэнцкіх мандата болей, чымся ў мінулым складзе парлямэнту. Сацыял-дэмакратычная фракцыя, дагэтуль самая вялікая ў парлямэнце, атрымала паразу, страціўшы 24 месцы. Цяпер там сацыял-дэмакратаў будзе толькі 180. У чым жа галоўная змены суадносінаў сілаў у парлямэнце? Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне я пазваніў у Нямеччыну да добра вядомай беларускай грамадскасьці Элізабэт Шродэр, якая ў мінулым складзе Эўрапарлямэнту ўзначальвала камісію ў справах Беларусі. Цяпер спадарыня Шродэр зноў сьвяткуе перамогу. Яна зноў абраная ад нямецкай партыі зялёных. Беларуская рэдакцыя радыё "Свабода" далучыла свой голас да шматлікіх віншаваньняў, якія атрымала Элізабет з усёй Эўропы. На нашае пытаньне, датычнае плянаў працы, спадарыні Шродэр на беларускай ніве, яна адказала:

(Шродэр:) " Можаце быць упэўненымі, я буду рабіць гэта. Мая дзейнасць на беларускай ніве была крыху прыпыненая ў сувязі з выбарчай кампаніяй, але я ўвесь час уважліва сачыла з дапамогай Інтэрнэту за тым, што адбываецца на Беларусі. І вось цяпер у новым складзе парлямэнту я буду працягваць сваю дзейнасць на карысьць беларускай дэмакратыі з новымі ідэямі. Спадзяюся, што ў мяне будзе дастаткова часу на гэта

Я лічу, што галоўная прычына паразы у тым, сацыял-дэмакратычныя партыі і перш за ўсё нямецкая партыя канцлера, пайшлі ў цэнтр і пачалі праводзіць цэнтрысцкую палітыку. І цяпер, калі выбаршчыкі прыйшлі да вурнаў, яны задавалі сабе пытаньне: якая розьніца паміж сацыял-дэмакратамі і хрысьціянскімі дэмакратамі? І таму яны галасавалі за сапраўдную, а не падробленую партыю. Вось такую палітыку праводзяць лідары сацыял-дэмакратыі. І сацыял-дэмакраты змянілі сваю традыцыйную палітыку. І цяпер невядома, якія будуць яе вынікі".

(Карэспандэнт: ) Мінулыя выбары вызначаліся пасыўнасьцю выбаршчыкаў. Чаму?

(Шродэр:) "Мая асабістая думка на гэты конт: людзі абураныя карупцыйным сканадалам у эўрапэйскай камісіі. Няпраўда, што парлямэнт кантралюе камісію. І людзі зразумелі гэта".

Трэцьцяй, паводле колькасьці мандатаў, фракцыяй у Эўрапарлямэнце будзе посткамуністычная. Акрамя французскіх, італьянскіх, грэцкіх і шведскіх посткамуністаў, у парлямэнце ўпершыню будзе прадстаўленая партыя Дэмакратычнага сацыялізму зь Нямеччыны - 6 мандатаў. Заходнія каментатары адзначаюць, што галоўную ролю ў яе перамозе адыграла яе бескампрамісная антынатаўская пазыцыя. Гэта - выраз незадаволенасці часткі нямецкага грамадства актыўным ўдзелам Нямеччыны ў ваеннай апэрацыі ў Косаве.

Прыгадаем, што лідар нямецкіх посткамуністаў Грэгор Гізі нават наведаў прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча ў самы разгар натаўскіх бамбаваньняў Белграду.

Няўжо косаўская вайна мела такі выразны ўплыў на вынік выбараў?

(Шродэр:) "Праблема Косава дамінавала усю нашую перадвыбарчую кампанію. Людзі задавалі пытаньні на перадвыбарчых мітынгах, пісалі да нас лісты, скардзіліся, выступалі з пратэстамі. І на маю думку, косаўская праблема засланіла ўсе іншыя праблемы. Вынік выбараў адлюстроўвае стаўленьне грамадства да касаўскага крызісу".

Што датычыцца Нямеччыны, дык тут выразную паразу атрымала кіруючая краінай чырвона-зялёная кааліцыя. За сацыял-дэмакратаў было пададзена амаль на 10% меньш галасоў, чымсьці на нядаўніх парлямэнцкіх выбарах. Амаль напалову меньш мандатаў у парлямэнце будуць мець і нямецкія зялёныя. Раней 12, цяпер -- толькі 7. Сярод прычынаў гэткага спаду падтрымкі для кааліцыянтаў нямецкія камэнтатары называюць косаўскую вайну, а таксама даволі дрэнныя вынікі эканамічнай палітыкі сацыял-дэмакратаў і зялёных.

(Шродэр:) "Я думаю, тут ёсць дзве праблемы: першае гэта косаўскі крызіс і тая роля, якую наша партыя адыграла ў ім, а другая прычына - гэта адсутнасць поспехаў у эканамічнай палітыцы сацыял-дэмакратаў за якую мы таксама адказныя".

Калі б паводле вынікаў выбараў у Эўрапэйскі парлямэнт трэба было б фармаваць урады ў паасобных краінах ЭС, дык сёньня б змена ўлады адбылася б у Нямеччыне, дзе апазыцыйная Хрысціянская дэмакратыя атрымала амаль палову галасоў выбаршчыкаў - 48,5%, а таксама ў Вялікабрытаніі, Грэцыі, Даніі, Італіі, Швецыі, Фінляндыі і Бельгіі. І гэта выразны баромэтр грамадскіх настрояў у Эўропе.

І на заканчэньне прыгадаю, што сярод новаабраных дэпутатаў Эўрапарлямэнту даволі шмат выдатных вядомых асобаў, сярод якіх выдзяляецца кіназорка Джына Лолабрыджыда.

XS
SM
MD
LG