Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 чэрвеня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Учора Рада Бясьпекі ААН зацьвердзіла плян мірнага ўрэгуляваньня ў Косаве. У прынятай рэзалюцыі гаворыцца, што палітычнае разьвязаньне канфлікту будзе ажыцьцяўляцца на падставе прынцыпаў, распрацаваных міжнароднай кантактнай групай. Такім чынам, закончылася 78-дзённая ваенная кампанія НАТО супраць Югаславіі. Але наўрад ці можна ставіць кропку на косаўскім крызысе, хутчэй тут пасуе шматкроп'е.

Учора ў 15.30 паводле сярэднеэўрапейскага часу генэральны сакратар НАТО Хавіер Саляна аддаў распараджэньне галоўнакамандуючаму войскамі альянсу генэралу Уэслі Кларку спыніць паветраныя ўдары па Югаславіі. Такім чынам, можна лічыць, што першы пасьля другой сусьветнай вайны паўнамаштабны ваенны канфлікт на тэрыторыі Эўропы закончыўся праз 78 дзён пасьля пачатку. Празь некалькі гадзінаў была прынятая знакамітая ўжо рэзалюцыя Рады Бясьпекі ААН, асноўныя палажэньні якой наступныя: у Косаве будзе заснаваная часовая цывільная адміністрацыя пад эгідай генэральнага сакратара ААН Кофі Анана. У правінцыю ўвойдуць міратворчыя сілы, аснову якіх складзе кантынгент войскаў НАТО. Тут, бадай, і палягаюць галоўныя праблемы паміж удзельнікамі міратворчага працэсу — Захадам і Расеяй. НАТО асьцерагаецца аддаць расейцам нейкую адмысловую зону Косава, баючыся, што Расея з-за сваіх сымпатыяў да праваслаўных сэрбаў стане праводзіць палітыку, якая будзе адрозьнівацца ад узгодненай лініі заходніх хаўрусьнікаў. Калі аддаць расейцам асобны сэктар, гэта можа прывесьці да фактычнага разьдзелу краю, лічаць у Брусэлі.

Усяго Расея мяркуе накіраваць у Косава 10-тысячны кантынгент сваіх вайскоўцаў, які паводле колькасьці зойме другое месца пасьля брытанскага — 13 тысячаў. Амэрыканцы і французы гатовыя прапанаваць па 7000, немцы — 8000, італьянцы — 5000 вайскоўцаў. Сэрбы павінны пакідаць тэрыторыю правінцыі паступова — спачатку да 16 чэрвеня мусіць быць вызваленая паўднёвая частка правінцыі, празь некалькі дзён — цэнтральная і паўночная. Мяркуецца, што міжнародныя сілы пачнуць займаць свае пазыцыі ў Косаве ўжо заўтра, каб ня даць падставаў для стварэньня небясьпечнага вакуўма і безуладьдзя, якім могуць скарыстацца ваяўнікі Косаўскай Вызвольнай Арміі. Дарэчы, адзін з кіраўнікоў гэтай арганізацыі заявіў прэсе, што КВА ня будзе падпарадкоўвацца расейскім міратворцам.

Тым часам прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан абвясьціў перамогу у вайне НАТО супраць Югаславіі і паабяцаў гарантаваць бясьпечнае вяртаньне каля мільёну косаўскіх уцекачоў.

«Мы дасягнулі перамогі для больш бясьпечнага сьвету, для нашых дэмакратычных каштоўнасьцяў і для мацнейшай Амерыкі», - адзначыў прэзыдэнт ЗША. Клінтан сказаў, што агрэсія, пачатая прэзыдэнтам Югаславіі Мілошавічам, спыненая і адбітая. Прэзыдэнт ЗША аднак заявіў, што пакуль Мілошавіч застаецца пры ўладзе, ЗША ня будуць даваць ніякай эканамічнай падтрымкі для адбудовы Югаславіі, толькі гуманітарную дапамогу. Разам з тым Клінтан падкрэсьліў, што Захад гатовы дапамагчы аднаўленьню Балканаў.

(Клінтан:) «Мы павіны дапамагчы дэмакратыям Паўднёва-Ўсходняй Эўропы знайсьці шлях да заможнай, супольнай будучыні. Гэта стане больш прыцягальнай сілай, чым нянавісьць і разбурэньне, якія ледзь не давялі гэтыя краіны да распаду. Нашы эўрапейскія партнэры мусяць задзейнічаць усе свае рэсурсы для такіх намаганьняў. Але ў амэрыканскіх інтарэсах зрабіць нашую частку гэтай працы».

Клінтан таксама заклікаў сэрбаў прыняць дэмакратычныя каштоўнасьці і «далучыцца да сваіх суседзяў у гэтым гістарычным падарожжы да мірнай, дэмакратычнай аб'яднанай Эўропы». 10-хвілінная прамова Клінтана ў нацыянальным тэлебачаньні была перапоўненая патрыятычнай рыторыкай. Клінтан ухваліў дзеяньні ваенных сілаў ЗША і НАТО у даволі ўрачыстых словах: «У Косаве мы рабілі слушную справу. Мы рабілі яе правільным шляхам. І мы завершым нашую працу». Зрэшты, рыторыка Клінтана зразумелая: як адзначае агенства АР, прэзыдэнт ЗША прынёс амэрыканскаму народу найлепшую з магчымых навінаў: вайна закончылася, і ніводзін з амэрыканскіх салдатаў не загінуў у бітве. Гэта, бадай, самы пераможны момант для прэзыдэнта, які яшчэ некалькі месяцаў таму стаяў перад перспэктывай імпічмэнту. Але цяпер нават большасьць палітычных апанэнтаў Клінтана — рэспубліканцаў — далучаюць свае галасы да агульнага хору падтрымкі. «Усе амэрыканцы мусяць адчуваць палёгку», - кажа сэнатар Джон МакКэйн, магчымы кандыдат ад рэспубліканцаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2000 году, які рэзка крытыкаваў Клінтана за нежаданьне ўводзіць у Косава наземныя войскі.

Ацэнкі заходняй прэсы наконт заканчэньня ваенных дзеяньняў не настолькі ўзнёслыя і аптымістычныя. У той час як адны выданьні кажуць цьвёрда — так, перамога, другія сумняваюцца— перамога, але..., трэція заклікаюць зусім не рабіць пакуль ніякіх высноваў. Вось што, напрыклад, піша брытанская Guardian: гэты мір, вядома, шмат лепш, чым працяг вайны. Але ніхто ня мусіць недаацэньваць складанасьці і небясьпеку таго працэсу, які толькі пачаўся сёньня. Дацкая Berlingske Tidende адзначае: «Толькі калі ўцекачы пачнуць бясьпечна вяртацца дадому, мы зможам дакладна дэкляраваць, што вайна была выйграная».

Ня меншую праблему ўяўляе пасьляваеннае аднаўленьне Югаславіі. Джэймс Пард'ю, намесьнік адмысловага пасланьніка Дзярждэпартамэнту для Косава, заявіў у інтэрвію нашаму радыё

(Пард'ю:) «Я думаю, што кошт аднаўленьня Косава будзе надзвычайны. Была разбураная вялікая частка цывільнай інфраструктуры і запатрабуецца шмат часу і міжнародных рэсурсаў, каб аднавіць на прымальным узроўні цывільнае жыцьцё. Я ўпэўнены, што адпаведная ацэнка мусіць быць зробленая міжнароднай супольнасьцю і вышэйшымі прадстаўнікамі ААНаўскай адміністрацыі ў Косаве».

Цэнтар стратэгічных ацэнак, незалежны вашынгтонскі дасьследчы інстытут, ацэньвае, што міратворчыя апэрацыі ў Косаве будуць каштаваць толькі Злучаным Штатам ад 2 да 3 з паловай мільярдаў даляраў у год. Інстытут кажа, што гэтая лічба не ўключае ўсе выдаткі, зьвязаныя з дастаўкай гуманітарнай дапамогі косаўскім уцекачам, а таксама пабудову дамоў, заводаў ды іншых аб'ектаў, разбураных падчас канфлікту.

XS
SM
MD
LG