Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 чэрвеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Завяршэньне вайны ў Югаславіі выклікала дыямэтральна супрацьлеглыя пачуцьці ў беларускага «істэблішмэнту». Прэзыдэнт Лукашэнка з сумам назваў паразу свайго неадбытага сэрбскага хаўрусьніка Слабадана Мілошавіча «паразай усіх нас, у чым мы ўсе хутка пераканаемся». Прэзыдэнт Лукашэнка нават паабяцаў, што ў разе патрэбы ілошавіч зможа атрымаць у Беларусі статус уцекача.

Беларускія апазыцыйныя партыі спадзяюцца, што пасьля завяршэньня вайны ў Югаславіі ўвага Захаду будзе пераарыентаваная на беларускага лідэра, тэрмін паўнамоцтваў якога завяршаецца 20 ліпеня сёлета.

Рэакцыя беларускага прэзыдэнта на завяршэньне вайны ў Югаславіі рэзка кантрастуе з рэакцыяй цывілізаваных краінаў. У інтэрвію беларускай тэлевізіі Лукашэнка заявіў, што натаўскія самалёты бамбавалі краіну, якая фактычна не магла абараняцца. «Яны яшчэ не ваявалі з сучаснымі сыстэмамі, якія могуць зьбіваць на вышыні 10-15 мэтраў», — заявіў беларускі прэзыдэнт, які меў на ўвазе войскі супрацьпаветранай абароны Беларусі. «На Балканах прайграў не Мілошавіч, а ўсе мы», — заявіў прэзыдэнт Лукашэнка.

Той факт, што вайна ў Югаславіі завяршылася напярэдадні сканчэньня паўнамоцтваў беларускага прэзыдэнта, ставіць прэзыдэнта Лукашэнку у надзвычай пікантнае становішча. Вобраз «славянскага міратворца» з набліжэньнем 20 ліпеня будзе непазьбежна страчваць актуальнасьць і набываць абрысы больш уласьцівыя для дыктатара, які захапіў паўнамоцтвы прэзыдэнта эўрапейскай краіны. Рэпутацыя прэзыдэнта Лукашэнкі на Захадзе не пакідае сумневу адносна таго, што пасьля 20 ліпеня з прэзыдэнтам Беларусі будуць размаўляць менавіта з гэтых пазыцыяў. Пра гэта нашаму радыё заявіў міжнародны сакратар Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада» Анатоль Сідарэвіч.

(Сідарэвіч:) «Лукашэнка адчувае ідэалягічную, мэнтальную еднасьць з сп. Мілошавічам. Ён ведае, што пасьля Мілошавіча ў Эўропе ён другі адыёзны лідэр, і, здаецца, цяпер у Эўропе іншых падобных лідэраў няма».

(Карманаў:) Іншымі словамі, Вы гаворыце пра тое, што пасьля таго, як Захад разабраўся з Слабаданам Мілошавічам, у Лукашэнкі ёсьць усе шанцы быць наступным?

(Сідарэвіч:) «Не. Будзе зьвярнутая больш пільная ўвага эўрапейскіх структураў, нават, магчыма, НАТО да Беларусі. І спадар Лукашэнка гэта адчувае, і ён пачынае істэрыю, народ трымаецца ў стрэсе.

Беларусь ляжыць якраз на шляху з Эўропы ў Азію. Вялікім гандлёвым шляху. Нападаць ніхто ня будзе. Ён там пагражае — у яго выдатная супрацьпаветраная абарона і так далей. Ну, канешне, гэта вялікія казкі. Муамар Кадафі застаўся жывы толькі таму, што ракета трапіла ня ў тую спальню. Мудры Фідэль Кастра два разы запар у тым самым пакоі ня сьпіць. Але нападаць ніхто ня будзе. Сказаць, што выдатная СПА, усё іншае — ну гэта тое, што дзядуля Крылоў апісаў: «Без драки попасть в большие забияки...» На нас не адважыліся напасьці! А расейскі думец камуніст агучыў, што ўжо ёсьць такі плян».

(Карманаў:) Сп. Сідарэвіч, як вядома, вайна ў Югаславіі стварыла неспрыяльнае тло для кампаніі беларускай апазыцыі ў выбарах прэзыдэнта. Скажыце, калі ласка, як, на Вашую думку, адаб'ецца завяршэньне вайны ў Югаславіі на сымбалічнай даце 20 ліпеня? Ці будзе прыцягненая ўвага Захаду да гэтай даты пасьля таго, як завяршыліся падзеі ў Югаславіі?

(Сідарэвіч:) «Я ведаю, што Эўрапейскі Зьвяз ужо падрыхтаваў пэўны дакумэнт наконт 20 ліпеня. Вы ведаеце, што зрабіла Паўночнаатлянтычная Асамблея. І Лукашэнку ў найвышэйшай меры была б выгадная вайна. Вось чаму ён пачынае шумець. Гэта ў пэўным сэнсе і боязь, што нападуць, і разам з тым гэта жаданьне запалохаць народ, каб народ трымцеў — у нас жа сапраўды ўжо ў генах боязь вайны. Але я думаю, што на сп. Лукашэнку знойдуцца іншыя лекі».

У Беларускім Народным Фронце заявілі, што завяршэньне вайны ў Югаславіі актуалізуе на Захадзе беларускае пытаньне ў сувязі з завяршэньнем прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў 20 ліпеня. Прэсавы сакратар БНФ Валеры Буйвал заявіў, што толькі Лукашэнка, у адрозьненьне ад лідэраў цывілізаваных краінаў, можа смуткаваць з нагоды завяршэньня вайны. Валеры Буйвал цалкам выключыў магчымасьць вайсковай апэрацыі супраць Беларусі, бо, на ягоную думку, такой патрэбы няма.

Лідэр Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Станіслаў Багданкевіч, камэнтуючы сканчэньне вайны ў Югаславіі, пагадзіўся з Аляксандрам Лукашэнкам у тым, што прайграў ня толькі югаслаўскі, але й беларускі лідэр. Адносна даты завяршэньня 5-гадовых паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі Багданкевіч заявіў, што Захад пасьля завяршэньня балканскай вайны зьверне на 20 ліпеня асаблівую ўвагу.

На наступным тыдні нямецкі амбасадар Вінкельман ініцыюе сустрэчу зь беларускай апазыцыяй, дзе будзе абмяркоўвацца гэтае пытаньне, паведаміў Станіслаў Багданкевіч. Разам з тым ён лічыць, што пазыцыя Расеі, якая падчас балканскага крызысу скарыстоўвала Лукашэнку, можа стаць выратавальнай палачкай для беларускага «лідэра».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG