Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 чэрвеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў інтэрвію расейскай газэце «Трибуна» прэзыдэнт Лукашэнка абвясьціў, што не выключае магчымасьці вылучэньня сваёй кандыдатуры на пасаду кіраўніка «саюзу Беларусі й Расеі».

На самой справе ў заяве Аляксандра Лукашэнкі няма нічога новага. Празрыстыя намёкі на гэты конт ён рабіў ужо некалькі гадоў, кажучы, што саюзам павінен кіраваць той, каго палічаць найлепшым абодва народы. Пры гэтым часам дадавалася, што асабіста ён на «шапку Манамаха» не прэтэндуе.

Цяпер высьвятляецца, што ўсё ж такі прэтэндуе. Праўда, момант для такой заявы беларускі кіраўнік выбраў ня вельмі ўдалы. Ён і сам патлумачыў, што будзе балятавацца на пасаду саюзнага прэзыдэнта ў тым выпадку, калі гэтая пасада будзе ўсталяваная. А вось з гэтым праблемы.

Плян аб'яднаньня, які прадугледжваў пасаду саюзнага прэзыдэнта, Лукашэнка вазіў у Маскву яшчэ ў канцы красавіка, але Ельцын тады адхіліў гэтую прапанову. Гаспадару Крамля прыйшоўся недаспадобы нават прамежкавы варыянт — калі да выбараў саюзнага кіраўніка гэтую пасаду займае ён, а саюзным віцэ-прэзыдэнтам робіцца Лукашэнка.

У варыянце аб'яднаньня, які быў узгоднены ў пачатку чэрвеня, пасада саюзнага прэзыдэнта адсутнічае ўвогуле. Але Лукашэнка не губляе надзеі. У інтэрвію «Трыбуне» ён сказаў, што саюзная дзяржава прадугледжвае правы грамадзянаў абіраць і быць абранымі, і дадаў: «Калі мой рэйтынг будзе дастаткова высокі, то безумоўна знойдуцца людзі, якія захочуць вылучыць мяне на гэтую пасаду. Калі не — дык навошта я буду балятавацца?»

У інтэрвію «Трыбуне» кіраўнік Беларусі паводле звычкі рабіў Расеі папрокі і даваў парады. Ён заявіў, што ў кіраўніцтве Расеі блякуецца ўсё, што тычыцца яднаньня Беларусі й Расеі і што зь меркаваньнем Ельцына ніхто ня лічыцца. На думку Лукашэнкі, Расея павінна зараз разабрацца з краінамі СНД, больш мэтанакіравана наладжваць эканамічныя дачыненьні зь імі.

Прэзыдэнт Беларусі лічыць, што менавіта палітыка Масквы прывяла да стварэньня «ГУУАМу» — аб'яднаньня пяці краінаў СНД, якія дыстанцыююцца ад Расеі. Лукашэнка падкрэсьліў, што ў Расеі цяпер застаўся адзіны паўнавартасны саюзьнік — Беларусь. А Расея, паводле прэзыдэнта, абыходзіцца з гэтым саюзьнікам несправядліва. Напрыклад, расейскія чыгуначныя тарыфы для тавараў, якія йдуць празь Беларусь у Расею, удвая большыя, чым для іншых краінаў. І гэта пры тым, што, як заўважыў Лукашэнка, Беларусь сваймі ўзброенымі сіламі забясьпечвае спакой на Захадзе Расеі.

XS
SM
MD
LG