Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 чэрвеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Дзяржаўная камісія, якая была створаная для высьвятленьня прычынаў трагедыі на станцыі «Няміга», працуе ў рэжыме надзвычайнай сакрэтнасьці. Ніхто, нават прадстаўнікі нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, ня маюць права ўваходу на яе паседжаньні. Але сёе-тое зь дзеяньня камісіі стала вядома.

На працягу трох дзён у Менску знаходзіліся прадстаўнікі праваахоўчых ворганаў, Фэдэральнай Службы Бясьпекі, міністэрстваў Унутраных Справаў і Надзвычайных Сытуацыяў Расейскай Фэдэрацыі. Яны былі запрошаныя дзяржаўнай камісіяй на чале з прэм'ерам Лінгам у якасьці незалежных экспэртаў для аналізу той жудаснай трагедыі, што адбылася 30 траўня на станцыі мэтро «Няміга».

Адзін з супрацоўнікаў беларускіх праваахоўчых ворганаў, які суправаджаў расейцаў падчас іхнага знаходжаньня ў Менску, казаў, што калі яны прыехалі на тое месца, дзе адбывалася сьвята 2-годзьдзя «Радыё Мір», піва і цыгарэтаў, дык адразу выказаліся катэгарычна: «Тут нельга ні ў якім разе праводзіць масавыя мерапрыемствы». І патлумачылі чаму: з аднаго боку рэчка, з другога — мост. Побач — уваход у мэтро. Усё гэта разам супярэчыць элемэнтарным правілам бясьпекі. Пагатоў таго — пасьля таго, як расейцы наведалі іншыя месцы масавых мерапрыемстваў у сталіцы Беларусі, яны прыйшлі да гэткай высновы: практычна толькі плошча Парыскай Камуны адпавядае крытэрыям бясьпекі. Усе іншыя, асабліва плошча Якуба Коласа, павінны быць забароненыя для мітынгаў і маніфэстацыяў.

Ня ведаю, ці хопіць сьмеласьці ў афіцыйных уладаў Беларусі давесьці да ведама насельніцтва гэтыя факты, але ёсьць пэўныя падставы меркаваць, што яны скарыстаюцца гэтымі дадзенымі,.

9 чэрвеня генэрал Тарлецкі — шэф менскіх міліцыянтаў — выступаў на паседжаньні «савету рэспублікі нацыянальнага сходу». Сярод захадаў, якія, паводле генэрала, будуць прымацца ў Менску на масавых мерапрыемствах, на першым месцы стаіць забарона іх правядзеньня паблізу ад станцыяў мэтро. Як выказаўся Тарлецкі, «месцы правядзеньня масавых мерапрыемстваў трэба вызначаць толькі калегіяльна і толькі тыя пляцоўкі, што знаходзяцца на значнай адлегласьці ад уваходу ў мэтро, транспартных перакрыжаваньняў, аўтамагістраляў зь інтэнсіўным рухам, сажалак, мастоў, прамысловых, культурна-гістарычных і рэлігійных аб'ектаў».

Сярод прапанаваных генэралам захадаў бясьпекі ёсьць і забарона гандлю паблізу пляцовак, і перанос усялякіх дэгустацыяў у памяшканьні, куды людзі змогуць праходзіць з запрашальнымі квіткамі.

Што да прычынаў трагедыі, дык генэрал Тарлецкі назваў такія: раптоўная зьмена надвор'я, неадэкватная рэакцыя натоўпу, а таксама непадрыхтаванасьць асноўнай масы насельніцтва да дзеяньняў у надзвычайных сытуацыях.

«Сэнатары» пытаньняў Тарлецкаму амаль не задавалі. На пытаньне — колькі машынаў хуткай дапамогі было на пляцоўцы, дзе сьвяткавалі, да пачатку трагедыі, кіраўнік менскай міліцыі адказаў: «Каля дзьвюх».

Яшчэ адзін генэрал, а заадно і «сэнатар», Мікалай Чаргінец спытаўся — якія высновы зрабіў Тарлецкі, у тым ліку і да сваёй асобы, з гэтай трагедыі? Тарлецкі адказаў у тым сэнсе, што спачатку ён разважаў аб сваёй адстаўцы і нават казаў пра гэта міністру Сівакову. Але потым вырашыў: нельга браць на сябе віну — магчыма і нечую, а не ягоную. І таму Тарлецкі цяпер гатовы абараняць сябе і сваіх падначаленых «па ўсіх кірунках».

XS
SM
MD
LG