Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 чэрвеня 1999 г.


Вераніка Чаркасава, Менск

3 ліпеня «палата прадстаўнікоў» прыняла ў другім чытаньні праект Закону аб псыхіятрычнай дапамозе і гарантыі правоў грамадзянаў пры яе аказаньні. Аналягічныя законы ўжо даўно дзейнічаюць у Расеі, на Ўкраіне і ў Прыбалтыцы. Але здаецца, што яго беларуская вэрсія замест рашэньня старых праблемаў спараджае новыя, прычым — вельмі далёкія ад мэдыцыны.

Самыя сур'ёзныя праблемы ў айчыннай псыхіятрыі — гэта парадак псыхічнага агляду і шпіталізацыі грамадзянаў бязь іхнай згоды. Нават на першы погляд відавочна, што праект закону пакідае шмат магчымасьцяў для злоўжываньняў.

Так, прымусова шпіталізаваць грамадзяніна можна, па-першае, у выпадку, калі ён пакутуе ад цяжкага псыхічнага расстройства; мяркуецца, што дыягностыка псыхічных расстройстваў будзе ажыцьцяўляцца згодна зь міжнароднымі дыягнастычнымі прынцыпамі і стандартамі. Але пры гэтым трэба заўважыць, што ў Беларусі дагэтуль карыстаюцца міжнародным клясыфікатарам захворваньняў, які быў прыняты яшчэ 20 гадоў таму, тым часам як ва ўсім сьвеце ўжо даўно кіруюцца новым, больш дасканалым.

Па-другое, прымусовы агляд і шпіталізацыя могуць ажыцьцяўляцца ў выпадку, калі чалавек уяўляе сабой непасрэдную небясьпеку для сябе або тых, хто знаходзіцца побач зь ім. Але ўжо сёньня ёсьць усе падставы лічыць, што ступень бясьпекі паводзінаў таго або іншага грамадзяніна будуць ацэньваць зусім не лекары, і невыпадковым падаецца, што закон гэты зьявіўся менавіта цяпер, калі псыхіятрычныя экспэртызы сталі прызначацца ў выпадку ўдзелу грамадзянаў у тыз або іншых палітычных акцыях, як гэта здарылася, напрыклад, зь Яўгенам Мурашкам — старшынём Гельсынкскага Камітэту ў Гомельскай вобласьці.

Мы патэлефанавалі сп. Мурашку, які цяпер чакае суду.

(Чаркасава:) Скажыце, паводле якога артыкулу і ў чым Вас абвінавачваюць?

(Мурашка:) «Артыкул 196-3 — трэцяе за год парушэньне ЗАкону аб сходах, мітынгах, шэсьцях і пікетаваньнях».

(Чаркасава:) Гэта можна расцэньваць як адміністрацыйнае правапарушэньне?

(Мурашка:) «Так, гэта й ёсьць адміністрацыйнае парушэньне».

(Чаркасава:) Ці прызначалася Вам псыхіятрычная экспэртыза?

(Мурашка:) «Зразумела. На 21 траўня. Але экспэртыза не адбылася, бо справа перададзеная ў суд, і напэўна з гэтай прычыны адпала неабходнасьць».

Такім чынам атрымваецца, што адзін від пакараньня вырашылі замяніць на другі, выкарыстаўшы мэдыцынскую экспэртызу як спосаб псыхалягічнага ўціску на арганізатара несанкцыянаваных палітычных акцыяў.

Паводле былога судзьдзі Канстытуцыйнага Суду Міхаіла Пастухова, запісаная ў праекце закону фармулёўка дазваляе вельмі шырока тлумачыць выпадкі прызначэньня экспэртызы, што між іншым уяўляе сабою замах на канстытуцыйныя правы й свабоды грамадзянаў. На ягоны погляд, прымяняць гэткую меру да асобаў, якія прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасьці, недапушчальна, паколькі гэта можа парушыць правы чалавека і ў шэрагу выпадкаў прывесьці да злоўжываньняў у дзейнасьці праваахоўных ворганаў.

Нягледзячы на ўсе намаганьні, мне так і не ўдалося атрымаць той самы міжнародны клясыфікатар захворваньняў, дзе пералічаныя сымптомы і дыягназы, наяўнасьць якіх можа служыць падставай для прымусовай шпіталізацыі. Але цікава было б даведацца, ці не апынулася там нейкім дзіўным чынам тая самая цалкам савецкая «псыхічная хвароба» пад назвай «млявапраяўная схізафрэнія», якая шмат гадоў сустракалася выключна на адной шостай частцы сушы і толькі ў тых, хто наважыўся выступаць супраць тамтэйшага таталітарнага рэжыму...

XS
SM
MD
LG