Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 чэрвеня 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Праз 17 месяцаў пасьля арышту былы міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі зь лістом, у якім тлумачыць чаму не зьбіраецца прасіць літасьці і чаму гатовы заставацца ў турэмнай камэры да таго часу, пакуль Лукашэнка застаецца ў прэзыдэнцкім крэсьле.

Гэты спавядальны ліст, у якім Лявонаў спрабуе асэнсаваць прычыны сваёй драмы, некалькі тыдняў таму быў адрасаваны асабіста Лукашэнку з просьбай абнародаваць яго. Прэзыдэнт на пісьмо свайго былога паплечніка ніяк не адрэагаваў, і яно будзе апублікаванае ў найбліжэйшым нумары «Белорусской Деловой Газеты».

Ліст Лявонава эмацыянальны і патасны. Былы міністар, правёўшы ў турэмных сьценах паўтара года, прыйшоў да высновы, што заслужыў такую кару перад Богам і народам Беларусі за раней учынены грэх. Грэх гэты, паводле словаў Лявонава, у тым, што ў свой час — у канцы 80-х гадоў — калі дырэктар саўгасу «Гарадзец» Лукашэнка змагаўся за мандат народнага дэпутата СССР з старшынём Савету Міністраў Кебічам і меў пры гэтым сур'ёзныя праблемы з крымінальным кодэксам, ён — тагачасны кіраўнік Магілеўскай вобласьці Лявонаў — праігнараваў настойлівыя прапановы таварышаў па партыі і не настаяў на тым, каб Лукашэнка, у адпаведнасьці з законам, быў адпраўлены на турэмныя нары.

За тое, што не разгледзеў Лукашэнку і паспрабаваў падыходзіць да яго з пункту гледжаньня агульначалавечай маралі, як піша Лявонаў, каецца ён цяпер кожны дзень, просіць прабачэньня ў Бога і беларусаў і да канца праўленьня Лукашэнкі абавязаны сядзець у турме.

Другая прычына, зь якой былы міністар адмаўляецца прасіць літасьці ў Лукашэнкі — гэта, як ён піша, адсутнасьць віны і перад Старавойтавым і перад беларускім народам, і нават перад прэзыдэнтам. Ні ён, Лявонаў, ні хто-небудзь іншы, каго ён ведаў, не рыхтавалі супраць Лукашэнкі змову. Наадварот, калі ад яго ў далейшым будзе што-небудзь залежаць, ён абяцае зрабіць усё магчымае для захаваньня Лукашэнку жыцьця, бо гэта спатрэбіцца беларусам, каб было з каго спытаць за ўчынены падман.

Лявонаў прызнае, што дапусьціў вельмі грубую памылку, калі ў 1996 годзе — адразу пасьля рэфэрэндуму — не пакінуў пасаду і не далучыўся да апазыцыі. На той час ён ня бачыў плёну ў барацьбе з прэзыдэнтам, якога падтрымвае народ, а таксама цешыў сябе ілюзіяй — што малады Лукашэнка пад узьдзеяньнем станоўчага досьведу суседзяў усё ж адумаецца і перагледзіць сваю палітыку.

Праз год ён ужо разумеў, што памыляўся, і нават прыгледзеў сабе новае месца працы ў Расеі, але было позна.

Развагі Лявонава наконт сёньняшняга стану Беларусі ў асноўным супадаюць з высновамі апазыцыі. Што да канкрэтных дэталяў, то іх у аб'ёмным лісьце няшмат. Паказальны хіба што эпізод, які вытлумачвае колішнюю загадкавую рэпліку Лукашэнкі, кінутую ім два гады таму падчас сэлектарнай нарады старшыням райвыканкамаў — «Вы прасілі дажджу — я паслаў вам дождж». Гэтыя дзіўныя словы, аказваецца, былі зусім не выпадковыя. Лявонаў і пісьме дакарае Лукашэнку за тое, што той падмануў яго і расейскіх фізыкаў, якія карэктавалі ў Беларусі надвор'е падчас жніва ў 1996 і 1997 гадах. Лукашэнка зь імі не разьлічыўся, як абяцаў, і плаціць давялося самому Лявонаву. Гэта вылілася ў суму, роўную кошту легкавога аўтамабіля сярэдняй клясы. На даручэньне Лукашэнкі, зь фізыкамі павінен быў разьлічыцца Ціцянкоў, але той, як піша Лявонаў, з-за надуманых прычынаў адмовіўся гэта зрабіць. Цікава таксама, што за экспэрымэнты з надвор'ем пачынаючы з 1988 году плаціў і Кебіч.

Завяршае свой ліст Лявонаў тым, што просіць у Лукашэнкі выканаць сваё колішняе абяцаньне і пакінуць прэзыдэнцкую пасаду. Кожны новы дзень на гэтай пасадзе, піша былы міністар, павялічвае будучы тэрмін знаходжаньня Лукашэнкі ў турме.

XS
SM
MD
LG