Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 чэрвеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Зьвесткі пра хаду дасьледаваньня трагедыі 30 траўня на «Нямізе» афіцыйнымі ўладамі трымаюцца ў таямніцы. Разам з тым працягвае працу грамадзкая камісія, якая аўтаномна дасьледуе абставіны трагедыі. Каардынатар камісіі Лявон Баршчэўскі ў інтэрвію нашаму радыё асноўную віну ўсклаў на ўлады.

Зьвесткі аб працы камісіі ў справе дасьледаваньня падзеяў 30 траўня на «Нямізе» афіцыйнымі ўладамі хаваюцца. Усе спробы зьвязацца з кіраўніком камісіі рэспубліканскай пракуратуры былі марныя. У прэсавай службе рэспубліканскай пракуратуры паведамілі, што зьвесткі зьявяцца толькі пасьля завяршэньня працы камісіі. Колькасьць людзей, што загінулі падчас трагедыі, застаецца ранейшай — 52 чалавекі. Пра гэта заявіла кіраўніца прэсавай службы Менгарвыканкаму Галіна Кірсанава, якая адказала на пытаньні нашага радыё.

(Карманаў:) Сп-ня Кірсанава, паводле афіцыйных зьвестак, колькі цяпер знаходзіцца ў шпіталях і колькі пасьля трагедыі памерла?

(Кірсанава:) «У шпіталях на ўчорашнюю раніцу было 110 чалавек. Вы ж разумееце, лічба мяняецца...»

(Карманаў:) Колькі памерла ў шпіталях?

(Кірсанава:) «У няс няма такой інфармацыі. Усе жывыя».

(Карманаў:) Ніхто ў шпіталях не памер?

(Кірсанава:) «Не».

(Карманаў:) Бо паводле нашых зьвестак — яны неафіцыйныя — у шпіталях усё ж людзі паміралі, і гэтай статыстыкі, на жаль, няма.

(Кірсанава:) «Ну, гэта вашы зьвесткі. Яны розьняцца ад афіцыйных зьвестак, разумееце?»

Галіна Кірсанава, якая кіруе прэсавай службай Менгарвыканкаму, ня здолела назваць і колькасьць тых, хто пасьля 30 траўня зьвярнуўся па псыхалягічнуюё дапамогу. Сп-ня Кірсанава паведаміла, што ў сем'і, дзе былі ахвяры, накіроўваліся псыхолягі.

Галоўны лекар менскага цэнтру памежных станаў і псыхатэрапіі Аляксандар Старцаў заявіў, што па амбуляторную дапамогу зьвярнулася 150 чалавек, а таксама ўсе тыя, хто знаходзіцца ў менскіх шпіталях — разам каля трох сотняў чалавек. Паводле галоўнага псыхатэрапэўта Менску сп. Старцава, ...

(Старцаў:) «Амбуляторныя хворыя, безумоўна, маюць прыблізна аднолькавыя скаргі — кепскі сон, турботы, боль страты, калі ў сям'і страцілі блізкага сваяка, гэта цяжкасьць асэнсаваньня трагедыі. Шмат хто адмаўляецца паверыць у тое, што адбылося. Гэта вострая рэакцыя на стрэс. гэта адчуваньне бездапаможнасьці перад стыхіяй і перад грамадзтвам. Гэтым людзям вельмі важна атрымаць адэкватную псыхалягічную дапамогу. Мы робім што можам, але ва ўмовах недахопу сродкаў мы можам толькі выслухаць чалавека. Мы адчуваем нястачу лекавых сродкаў, але мы робім усё, каб вывесьці чалавека з шокавага стану. У гэтым задача псыхатэрапэўта».

Абставіны трагедыі 30 траўня на «Нямізе» дасьледуе грамадзкая міжпартыйная камісія. Каардынатар грамадзкай камісіі, выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі заявіў нашаму радыём што пакуль не ўдалося ўдакладніць прозьвішчы тых, хто не ўвайшоў у афіцыйныя сьпісы асобаў, што загінулі 30 траўня. Кантакты зь сьведкамі падзеяў і супрацоўнікамі моргу, якія верагодна гэтыя прозьвішчы ведаюць, плёну не далі. Не ўдалося грамадзкай камісіі і даведацца колькасьць памерлых пасьля 30 траўня ў шпіталях Менску — калі такія ёсьць. Паводле Лявона Баршчэўскага, людзі, якія раней згаджаліся даваць зьвесткі грамадзкай камісіі, раптоўна пачалі адмаўляцца ад сьведчаньняў. Сп. Баршчэўскі напрасткі зьвязаў гэта зь дзейнасьцю беларускіх спэцслужбаў.

Разам з тым, як паведаміў Лявон Баршчэўскі, ...

(Баршчэўскі:) «... ужо ўстаноўлена, што заяўка на правядзеньне мерапрыемства падавалася не паводле ўстаноўленага парадку, яна не разглядалася на паседжаньні выканкаму, што па ёй асабіста прымаў рашэньне сп. Гурын, намесьнік старшыні выканкаму — а гэта ўжо парушэньне дэкрэтаў прэзыдэнта. Не былі праведзеныя неабходныя апэратыўныя мерапрыемствы і акт вывучэньня мясцовасьці, канцэнтраваньня людзей для супрацоўнікаў аховы парадку — для перакрыцьця станцыі, што прадугледжана адпаведнымі інструкцыямі. Таму ў гэтым сэнсе я магу сказаць, што мы ўжо можам сьцьвярджаць — кіраўніцтва, падкрэсьліваю: кіраўніцтва, а не шараговыя міліцыянты ці амонаўцы, не зрабіла ўсяго таго, што прадугледжваецца інструкцыямі на такі выпадак».

Вынікі працы грамадзкай камісіі, паводле словаў Лявона Баршчэўскага, будуць выдадзеныя асобнай кніжкай. Яна пабачыць сьвет толькі пасьля таго, як свае дадзеныя абвесьціць афіцыйная камісія.

XS
SM
MD
LG