Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 чэрвеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Афіцыйны Менск пакуль ухіляецца ад ацэнак заявы кіраўніцтва Рады Эўропы, якое заклікала да правядзеньня дэмакратычных выбараў у Беларусі. Тым часам стаўленьне беларускіх уладаў да Бухарэсцкай сустрэчы пад эгідай АБСЭ сьведчыць пра іхнае нежаданьне прыслухоўвацца да любых ініцыятываў Захаду. Такім чынам, улады робяць усё больш праблематычным міжнароднае прызнаньне свайго легітымнага статусу пасьля 20 ліпеня. Такую думку, у прыватнасьці, выказаў у інтэрвію для Радыё Свабода каардынатар «Хартыі-97» Андрэй Саньнікаў.

Прэсавы сакратар Міністэрства Замежных Справаў Беларусі Мікалай Барысевіч заявіў сёньня, што кіраўніцтва Беларусі па-ранейшаму бачыць магчымасьць палітычнага дыялёгу, але «ўнутры краіны, а не па-за яе межамі». Гэтыя словы прагучалі на брыфінгу ў МЗС у адказ на пытаньне адносна магчымасьці ўдзелу афіцыйных асобаў зь Беларусі ў Бухарэсцкай сустрэчы.

Мікалай Барысевіч адмовіўся камэнтаваць супольную дэклярацыю старшыні Камітэту Міністраў, прэзыдэнта Парлямэнцкай Асамблеі і генэральнага сакратара Рады Эўропы, зробленую ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі і выбарамі ў мясцовыя саветы Беларусі. Пры гэтым ён падкрэсьліў:

(Барысевіч:) «Мы гатовыя да канструктыўнага дыялёгу, у тым ліку да дыялёгу і з АБСЭ, і з Радай Эўропы, да супрацоўніцтва, заснаванага на прынцыпах сувэрэнітэту і неўмяшаньня».

Мікалай Барысевіч даў таксама зразумець, што ніякіх заяваў у адказ з боку МЗС Беларусі чакаць не даводзіцца. Намесьнік старшыні адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Іван Пашкевіч у адказ на просьбу даць камэнтар на згаданую тэму сказаў, што ён пакуль не знаёмы са зьместам заявы і прапанаваў пачакаць, пакуль яе тэкст будзе надрукаваны ў адным зь беларускіх выданьняў.

Міжнародны каардынатар грамадзкай ініцыятывы «Хартыя-97» Андрэй Саньнікаў выказаў думку, што беларускія ўлады пачуваюцца ў цяперашняй сытуацыі няўпэўнена. Разам з тым заява кіраўніцтва Рады Эўропы не была нечаканасьцю. Гаворыць Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў:) «Пасьля тых слуханьняў, якія ў красавіку праводзіла Рада Эўропы з парлямэнтарыямі Вярхоўнага Савету і з «палатачнікамі», можна было чакаць такой заявы, таму што набліжаецца заканчэньне тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі, і я лічу, што гэта яшчэ адна спроба з боку міжнародных дэмакратычных арганізацыяў па-першае — прыцягнуць увагу да сытуацыі ў Беларусі, а па-другое — даць уладам адчуць, што ў іх складанае становішча і яны ня могуць разьлічваць на нейкае прызнаньне пасьля 20 ліпеня свайго статусу. Ужо гучалі заявы, што ўлады ў Беларусі пазбаўленыя дэмакратычнага статусу, яны не зьяўляюцца легітымнымі з дэмакратычнага пункту гледжаньня. А пасьля 20 ліпеня будзе зусім іншая справа. Наколькі гэта эфэктыўна — я ня ведаю, бо мы ведаем, што спроба сп. Сэвэрына наладзіць дыскусію — нават не перамовы, а дыскусію — у Бухарэсьце не была ўспрынятая ўладамі, і я б нават сказаў, што ўлады выявілі зьдзек над намаганьнямі АБСЭ і Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ нешта зрабіць у гэтай складанай сытуацыі ў Беларусі».

Андрэй Саньнікаў выказаў меркаваньне, што паміж дэманстратыўнай адмовай уладаў Беларусі ад спробы дыялёгу ў Бухарэсьце і ўчорашняй дэклярацыяй Рады Эўропы няма непасрэднай сувязі. Але ж гэтую дэклярацыю трэба разглядаць у комплексе зь іншымі заявамі афіцыйных прадстаўнікоў урадаў ЗША, краінаў Эўразьвязу ды міжнародных арганізацыяў адносна Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG