Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 чэрвеня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Сёньня Аляксандар Лукашэнка ацаніў плян мірнага ўрэгуляваньня ў справе Косава як «жорсткую паразу славянскіх народаў».

Між тым, увесь сьвет ацэньвае мірнае пагадненьне як спосаб спыніць праліцьцё крыві ды зьберагчы сотні, калі ня тысячаў жыцьцяў – як сэрбаў, альбанцаў, так, магчыма, і вайскоўцаў краінаў НАТО.

Лукашэнка сёньня заявіў, што пры неабходнасьці ён гатовы аказаць усялякую дапамогу прэзыдэнту Югаславіі Мілошавічу, у тым ліку і даць яму палітычны прытулак.

Тым часам міжнародны трыбунал ў Гаазе выставіў Мілошавічу абвінавачаньне ў злачынстве супраць чалавечнасьці.

Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь ня ўпершыню ісьці супраць сусьветнай супольнасьці – відаць, у адпаведнасьці з прыказкай паважанага ім славянскага народу – «І адзін у полі ваяка».

Лукашэнка ўжо заяўляў пра жаданьне запрасіць у Беларусь Буракявічуса, які ў дэмакратычнай Літве прызнаны дзяржаўным злачынцам, ён бясконца прымаў у Менску расейскіх шавіністаў, у сталіцы Беларусі ледзь не гаспадарамі пачуваюць сябе расейскія фашысты.

Імідж Лукашэнкі ў цывілізаваным сьвеце ўжо сфармаваўся, і гэтая апошняя заява наўрад ці дадасьць нейкія новыя фарбы. Лукашэнка безумоўна імкнецца зьвярнуць на сябе ўвагу сьвету — але, хутчэй за ўсё, ягоныя словы будуць пакінутыя без увагі. На Лукашэнку ў Эўропе і ў сьвеце глядзяць як на блазна, і ягоная кляўнада ўжо «прыелася».

Шкада толькі, што адбітак ліхой славы кіраўніка краіны кладзецца і на народ, які, безумоўна, мае чым ганарыцца перад сьветам.

Заява беларускага прэзыдэнта можа мець толькі той вынік, што істотна абмяжуе колькасьць краінаў, у якіх мог бы — пры патрэбе — разьлічваць на палітычны прытулак сам Лукашэнка.

XS
SM
MD
LG