Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 чэрвеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Спэцслужбы ЗША ды іншых краінаў НАТО рыхтуюць буйнамаштабную апэрацыю ў дачыненьні да Беларусі, скіраваную супраць прэзыдэнта Лукашэнкі. З такой заявай выступіў учора на прэсавай канфэрэнцыі адзін зь лідэраў камуністычнай фракцыі Дзяржаўнай Думы Расеі, старшыня парлямэнцкай камісіі бясьпекі Віктар Ілюхін.

Паводле Ілюхіна, ЗША маюць намер ускладніць сытуяцыю ў Горадні і Гарадзенскай вобласьці, дзе жыве шмат палякаў, потым — абвінаваціць Лукашэнку ў этнічных чыстках і правесьці апэрацыю кшталту югаслаўскай. Думскі камуніст лічыць, што гэты сцэнар — частка глябальнага пляну ЗША ў дасягненьні ўсясьветнай улады. Амэрыканцы, сьцьвярджае Ілюхін, яшчэ да апэрацыі ў Беларусі хочуць расстраляць Ірак і Іран, потым запатрабаваць уводу сілаў НАТО ў Расею дзеля аховы ядзерных станцыяў. Гэта прывядзе, лічыць старшыня думскага камітэту бясьпекі, да распаду Расеі, а потым Захад возьмецца за Кітай і справакуе распад і гэтай краіны.

Віктар Ілюхін выкрывае змовы ЗША супраць славянаў амаль кожны тыдзень, і таму гэткія ягоныя заявы ўжо даўно перасталі быць сэнсацыяй. Нават у зьніжэньні нараджальнасьці расейскага насельніцтва ён бачыць руку ЦРУ. Але ўсе гэткія «адкрыцьці» сп. Ілюхіна ўзьнікаюць невыпадкова. Яны заўсёды выконваюць ролю прапагандысцкага забесьпячэньня чарговай кампаніі расейскіх камуністаў, а часам зьяўляюцца і паслугай іхным замежным саюзьнікам.

Цяпер левая большасьць Думы, прайграўшы імпічмэнт, пайшла ў новы наступ — на мірны плян для Косава, які быў выпрацаваны пры ўдзеле спэцпрадстаўніка прэзыдэнта Расеі Віктара Чарнамырдзіна. Чарнамырдзіна думцы вінавацяць у тым, што ён «прадаў Югаславію НАТО» і тым самым нанес шкоду Расеі. Камуністаў можна зразумець, бо можна спрачацца наконт таго, ці ёсьць параза Мілошавіча паразай Расеі, але бясспрэчна гэта — параза расейскіх камуністаў. Апроч таго сканчэньне баявых дзеяньняў на Балканах вядзе да пацяпленьня амэрыканска-расейскіх дачыненьняў, што таксама аслабляе пазыцыі левых.

Але варта ўлічыць, што менавіта цяпер сытуацыя даволі вострая. Вельмі небясьпечным падаецца выступ генэрала Івашова, які публічна выступіў з крытыкай паводзінаў Чарнамырдзіна падчас перамоваў. І тут зьяўляецца заява Ілюхіна, сэнс якой палягае ў тым, што НАТО на Югаславіі ня спыніцца, а пойдзе далей — празь Беларусь на Расею і дойдзе нават да Кітаю.

Расейскаму грамадзтву, пэўным уладным і ваенным колам такім чынам пасылаецца сыгнал — айчына ў небясьпецы, не адстаім Югаславію — возьмуцца за нас. Іншымі словамі, «адкрыцьці» Ілюхіна разьлічаныя ў першую чаргу на вырашэньне расейскіх палітычных праблемаў. Але ня толькі.

Змовы Захаду супраць Беларусі старшыні думскай камісіі бясьпекі даводзілася выкрываць ужо некалькі разоў. І кожны раз ягоныя выкрывальныя прамовы зьяўляліся вельмі своечасова для афіцыйнага Менску. Так было, напрыклад, улетку 1996 году, напярэдадні палітычнай барацьбы вакол рэфэрэндуму. Тады Ілюхін таксама выкрываў змову ў справе адхіленьня Лукашэнкі ад улады — «ударным атрадам» гэтай змовы быў названы Вярхоўны Савет.

Гэтак і цяпер. Набліжаецца 20 ліпеня — тэрмін сканчэньня легітымных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. З другога боку, фактычнай адмовай ад удзелу ў перамовах з апазыцыяй афіцыйны Менск прадэманстраваў, што робіць стаўку на сілавыя мэтады. І тут зьяўляецца Ілюхін і фактычна кажа: наш вораг Захад хоча пакрыўдзіць нашага малочнага браціка. Беларуская апазыцыя — агенты Захаду. Лукашэнка слушна зробіць, калі прыдушыць гэтую пятую калёну.

Нездарма сёньня беларуская тэлевізія цэлы дзень круціла паведамленьне пра заяву Ілюхіна. Беларускія сілавыя структуры пакуль устрымваюцца ад разгорнутых камэнтароў. У прэсавай службе КГБ мне сказалі, што ў іх камэнтароў наогул няма. У прэсавай службе Рады Бясьпекі параілі прыгадаць заявы Міхаіла Чыгіра аб стане польскай меншасьці, якія той рабіў падчас паездкі на Гарадзеншчыну.

А вось як пракамэнтаваў заяву Ілюхіна старшыня Саюзу Палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін: «Заяву Ілюхіна я асабіста і, мяркую, усе грамадзяне Беларусі, хто не развучыўся думаць, расцанілі як правакацыю. Наша дзейнасьць адкрытая і накіраваная ня толькі на нашае нацыянальнае адраджэньне, але і на падтрымку ўсіх тых, хто выступае за незалежнасьць Беларусі, за разьвіцьцё дэмакратыі і абарону правоў чалавека на нашай агульнай бацькаўшчыне. Іншых мэтаў у нас няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG