Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 чэрвеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня ў Беларускім Гельсынкскім Камітэце адбылася рабочая нарада ўдзельнікаў Бухарэсцкай сустрэчы ад палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў. Нягледзячы на тое, што ўрад і «нацыянальны сход» Беларусі дэманстрацыйна ўхіліліся ад перамоваў у Бухарэсьце пад эгідай АБСЭ, прадстаўнікі апазыцыі і трэцяга сэктару вырашылі скарыстацца атрыманымі запрашэньнямі.

Чатырнаццаць чалавек з розных палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў Беларусі сёньня фактычна пацьвердзілі ўжо раней прынятае рашэньне браць удзел у сустрэчы, падрыхтаванай паводле ініцыятывы спэцыяльнай рабочай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Напярэдадні савет «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу Беларусі» прыняў заяву, зь якой вынікае, што правядзеньне гэткай сустрэчы віталася б уладамі, але толькі ў выпадку, калі б яна адбывалася ў Беларусі і пад эгідай кансультацыйна-маніторынгавай групы АБСЭ ў Менску. У перакладзе з дыпляматычнай мовы гэта азначае афіцыйную адмову афіцыйных інстытутаў ад запрашэньня на сустрэчу ў Бухарэст. Аднак гэтая заява сур'ёзным чынам не паўплывала на настрой астатніх запрошаных.

Між тым, як паведаміла ў інтэрвію для Радыё Свабода старшыня Беларускага Гельсынкскага Камітэту Тацяна Процька, удзельнікі пакуль ня ўпэўненыя нават у тым, што канкрэтна будзе абмяркоўвацца ў Бухарэсьце.

(Процька:) «Абвестка тых праблем, якія будуць разглядацца, будзе ўдакладненая па прыезьдзе ў Бухарэст. Пакуль няясна, пра што будзе ісьці гаворка, бо сама сустрэча нефармальная, не для прэсы, за зачыненымі дзьвярыма — гэта сустрэча для падрыхтоўкі агульнай плятформы для перамоваў з урадам. А калі ўрад ня хоча ўдзельнічаць у гэтых працэсах, дык гэта яго праблемы. Пазыцыя Беларускага Гельсынкскага Камітэту гэткая: мы заўсёды за тыя працэсы, якія вядуць да аднаўленьня ў Беларусі законнасьці, дэмакратыі і правоў чалавека».

На думку Тацяны Процькі, сустрэча ў Бухарэсьце будзе спрыяць менавіта гэтым мэтам. Старшыня БГК разам з тым асудзіла заяву, прынятую ад імя «палаты прадстаўнікоў». Гэтая заява, сказала яна, — «ня што іншае, як варожы выпад у бок АБСЭ, кансультацыйна-назіральнай групы і Парлямэнцкай Асамблеі».

Тацяна Процька падкрэсьліла, што запрашэньні на Бухарэсцкую сустрэчу прымаліся кожным у індывідуальным парадку, у адпаведнасьці з уласным рашэньнем, а не паводле рашэньня той або іншай арганізацыі. На сустрэчы ў БГК, сказала старшыня гэтай арганізацыі, абмяркоўваліся некаторыя рабочыя моманты. У часе абмеркаваньня былі пацьверджаныя некаторыя агульныя пазыцыі.

(Процька:) «Нашая задача — і тут ёсьць поўнае адзінства, няма ніякіх пытаньняў — мы хочам, каб нашая краіна была сапраўды дэмакратычнай, як гэта запісана ў Канстытуцыі, у рэдакцыі і 1994 і 1996 году, каб панавала законнасьць і дэмакратыя».

Заўтра ўвечары асноўная частка беларускай дэлегацыі мае намер выехаць у Маскву, а адтуль — у Бухарэст.

XS
SM
MD
LG