Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 чэрвеня 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Тры гады таму на Гомельшчыне было выяўлена толькі 38 гаспадарак, дзе стронцый у збожжы і бульбе перавышаў нарматыў, а летась гэтая атрута выяўленая ў прадукцыі 225 калгасаў і саўгасаў. У прыватным сэктары перавышэньне цэзію і стронцыю ў малацэ рэгіструецца цяпер у 403 населеных пунктах рэгіёну.

Апошнім часам шмат было сказана пра фармаваньне падчас красавіцкіх выбараў «кішэнных» мясцовых саветаў. Сёньня дэпутаты Гомельскага аблсавету паспрабавалі ўзьняць свой голас да цэнтральных кіраўнічых ворганаў. на сваёй ІІ-ой сэсіі, якая праходзіла ў актавай залі аблвыканкаму, яны прынялі адмысловы зварот да «нацыянальнага сходу» і Савету Міністраў краіны. Выкліканы ён праблемамі наступстваў чарнобыльскай катастрофы на тэрыторыі Гомельшчыны.

Зварот быў прыняты пасьля інфармацыі намесьніка старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Цалкі, які падсумаваў здабыткі ў справе зьмяншэньня наступстваў катастрофы за апошнія тры гады, згодна зь дзяржаўнай праграмай і з рашэньнем сэсіі аблсавету за 27 чэрвеня 1996 году.

У звароце гомельскія дэпутаты выказалі асаблівую заклапочанасьць тым становішчам, якое склалася ў рэгіёне ў справе ажыцьцяўленьня практычных захадаў у чарнобыльскай справе. Адзначалі паніжэньне ўвагі да яе з боку рэспубліканскіх міністэрстваў і ведамстваў. У прыватнасьці, апошнімі гадамі акрэсьлілася ўстойлівая тэндэнцыя зьмяншэньня фінансаваньня дзяржаўнай праграмы ў справе Чарнобыля. Калі, скажам, у 1996 годзе на зьмяншэньне наступстваў катастрофы выдзялялася 11,7% ад расходнай часткі бюджэту краіны, дык летась — 8,6%, а сёлета наогул прадугледжана толькі 7,4%.

Зусім мізэрны аб'ём капітальных укладаньняў, якія ідуць на ажыцьцяўленьне дзяржаўнай праграмы. На сёлета ён складае толькі 1/5 частку ад вызначанага. У выніку зьменшыліся амаль на траціну аб'ёмы жыльлёвага будаўніцтва для завяршэньня перасяленьня грамадзянаў, што пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Усё гэта адбілася на здароўі людзей і дэмаграфічнай сытуацыі. Ледзь ня ў два разы за пасьлячарнобыльскі час зьменшылася нараджальнасьць дзяцей. Заўважна ўзрасла сьмяротнасьць. Паводле ацэнкі спэцыялістаў, колькасьць здаровых дзяцей на забруджаных тэрыторыях зьменшылася ад 60% да 21%.

XS
SM
MD
LG