Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 чэрвеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

У мінулую пятніцу падчас сустрэчы з прэм'ерам Расеі Сьцяпашыным прэзыдэнт Лукашэнка абвясьціў, што праект новай саюзнай дамовы ўжо ўзгоднены ў рабочых групах. Пра асноўныя палажэньні прапанаванага інтэграцыйнага дакумэнту распавёў у інтэрвію для Радыё Свабода адзін з галоўных распрацавальнікаў інтэграцыйных праектаў зь беларускага боку — намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Міхаіл Сазонаў.

У канцы мінулага году Лукашэнка і Ельцын падпісалі дэклярацыю аб далейшым яднаньні двух народаў, якая прадугледжвала стварэньне ў 1999 годзе адзінай саюзнай дзяржавы. Неўзабаве пасьля гэтага ў адміністрацыю прэзыдэнта вярнуўся адзін з найбольш верных паплечнікаў Лукашэнкі Міхаіл Сазонаў. Ён быў запрошаны менавіта дзеля працы над праектам аб'яднаньня. Арганізацыйныя здольнасьці сп. Сазонава найбольш яскрава выявіліся ў 1996 годзе, калі ён адказваў у адміністрацыі прэзыдэнта за падрыхтоўку канстытуцыйнага рэфэрэндуму.

У сёньняшнім інтэрвію для Радыё Свабода ён паведаміў, што ад пачатку гэтага году беларускі бок распрацоўваў мадэль аб'яднаньня з паўнамоцнымі наднацыянальнымі ворганамі. У прыватнасьці, беларускі варыянт прадугледжваў усталяваньне пасады саюзнага прэзыдэнта. Як патлумачыў сп. Сазонаў, чыста прававыя мэханізмы ў нашых краінах часам не спрацоўваюць нават унутры дзяржаваў. На погляд намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, іх тым больш недастаткова на саюзным узроўні, і таму меркавалася дапоўніць іх адміністрацыйным рэгуляваньнем, якое б і ажыцьцяўляў саюзны прэзыдэнт.

На думку майго суразмоўцы, сувэрэнітэт Беларусі захоўваўся б нават і ў гэтым варыянце, бо саюзны прэзыдэнт дзейнічаў бы ў межах перададзеных яму паўнамоцтваў, да таго ж — заставаўся б найвышэйшы савет, у якім былі б прадстаўленыя абедзьве дзяржавы. Сп. Сазонаў заўважыў, што такія кардынальныя пераўтварэньні безумоўна патрабавалі б зьменаў у канстытуцыі абедзьвюх краінаў, але тут узьніклі праблемы, бо ў расейскай канстытуцыі шмат юрыдычных тармазоў.

«У красавіку стала зразумела, што расейскі бок у наяўных палітычных умовах лічыць зьмену сваёй канстытуцыі немэтазгоднай», — сказаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. Сярод матываў такога стаўленьня сп. Сазонаў прыгадаў патрабаваньні Татарстану і Інгушэціі аб падвышэньні іхнага статусу ў саюзнай дзяржаве. Ён таксама намякнуў на тое, што пэўныя палітычныя сілы ў Расеі маглі б скарыстаць канстытуцыйную рэформу дзеля таго, каб паспрабаваць унесьці ў Асноўны Закон зьмены цалкам непрымальныя для Крамля.

Паводле вэрсіі Сазонава, менавіта з гэтых меркаваньняў беларускі праект быў адхілены і Расея запрапанавала прыняць мадэль аб'яднаньня, якая б не закранала пытаньняў канстытуцыі. Менавіта такі праект зараз і зьявіўся. Міхаіл Сазонаў лічыць, што ён уяўляе сабою крок наперад у параўнаньні зь цяперашнім статутам саюзу. Прапаноўваецца стварыць савет міністраў саюзу з правам прыняць акты непасрэднага дзеяньня, утварыць саюзны парлямэнт, які б абіраўся насельніцтвам абедзьвюх краінаў. Аднак кіраўнічым ворганам саюзу, паводле праекту, павінен застацца найвышэйшы савет, у склад якога ўваходзяць два прэзыдэнты, два прэм'еры і чатыры сьпікеры палатаў нацыянальных парлямэнтаў.

Сп. Сазонаў падкрэсьліў, што пры прыняцьці рашэньняў наднацыянальнымі ворганамі будзе жорстка вытрымвацца прынцып: адна дзяржава — адзін голас.

Мяркуецца, што праект новай саюзнай дамовы, як і ў 1997 годзе, будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаваньне, потым падпісаны прэзыдэнтамі і ратыфікаваны парлямэнтамі.

Я папрасіў сп. Сазонава пракамэнтаваць чуткі пра тое, што ў Крамлі распрацоўваюцца пляны выкарыстаць аб'яднаньне Расеі зь Беларусьсю як сродак працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Барыса Ельцына. Мой суразмоўца адказаў, што пра такія пляны ня ведае, і дадаў, што ўзгоднены праект пасады саюзнага прэзыдэнта не прадугледжвае. Ён падкрэсьліў, што ўвядзеньне такой пасады безумоўна закранае канстытуцыі абедзьвюх краінаў, а іх мяняць Расея якраз і не зьбіраецца. Сп. Сазонаў патлумачыў, што рэфэрэндумы праводзіцца ня будуць, а ў выніку ўсенароднага абмеркаваньня праект хоць і можа быць у чымсьці зьменены, але толькі не ў пытаньнях, якія закранаюць канстытуцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG